Главное меню
Баранавіцкія сярэднія школы й правал нямецкай акцыі 14 верасьня 1943 г.
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1036
...Сярэдняя Мэдычная Школа, з аддзеламі мядсясьцёр, акушэрак, фэльчароў, аптакароў і вэтэрынарных памочнікаў, налічвала 360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі. Сярэдняя Гандлёвая Школа - 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў. Сярэдняя Мастацкая Школа - 30 студэнтаў. Сярэдняя Музычная Школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага, Сярэдняя Тэхнічная Школа - 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў. Настаўніцкія курсы - 100 студэнтаў. Матуральныя курсы - больш 60 студэнтаў. Вельмі дзейны быў Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестр. Выдатна рэпрэзэнтаваўся Саюз Беларускай Моладзі (СБМ), і Юнакоў, і Юначак.

Усё гэта кідалася Немцам у вочы, асабліва нашая моладзь, якую праз школы мы ахоўвалі ад вывазу ў Нямеччыну на працу, на чым ізноў-жа так залежыла нямецкаму Арбайтсамту - агенцыі для вярбоўкі людзей на працу Нямеччыну.

Бывала так, што Немцы, налавіўшы беларускай моладзі ў акрузе, звозілі яе ў баранавіцкі табар, каб тут ладаваць у цягнікі на вываз, а нашы прадстаўнікі, што працавалі ў СД, пераканаўшы палітычна адміністрацыйны аддзел гэтай установы, што сярод звожаных юнакоў у вывозны табар ёсьць шмат кандыдатаў на мацаваньне нашых збройных сілаў, на службу ў адміністрацыі, эканоміцы, на ўмацаваньне нутранай бясьпекі, маладых людзей сотнямі забіралі з табару. Арбайтсамт скрыгатаў зубамі, бо ён ніколі ня мог выканаць наложанага кантынгенту, ды пісаў скаргі сваім вышэйшым уладарам, што ў Баранавіцкай Акрузе Беларусы маюць шмат сярэдніх школаў, у якіх ёсьць замаскіраваны супраціў, каб падарваць нямецкую акцыю ў вярбоўцы працоўнай сілы.

І вось 12 верасьня 1943 году гэбітскамісар Баранавіцкай акругі Вэрнэр паклікаў да сябе бурмістра Ю.Сабалеўскага й школьнага інспэктара Міхалоўскага, прачытаў ім тайны загад ад вышэйшых уладаў, што ўсе сярэднія школы ў Баранавічах і акрузе існаваць далей ня могуць, бо Немцы моцна зацікаўлены ў працоўнай сіле, і што 14 верасьня ўся моладзь названых школаў будзе ў прымусовым парадку ўзятая ў транспарты й вывезеная ў Нямеччыну, дзе яна магчыма будзе школеная ў нямецкіх хвабрыках і ўстановах. Камісар загадаў дапамагаць гэтай акцыі, ды не казаць нічога нікому, каб акцыі не пашкодзіць, накш яны будуць асабіста зьвінавачаныя ў сабатажы.

У вызначаны дзень нямецкая паліцыя акружыла найбольшыя лікам вучняў сярэднія школы ў Баранавічах - Мэдычную, Гандлёвую й Тэхнічна-Адміністрацыйную. Ды нямецкая акцыя поўнасьцю правалілася. Бальшыня вучняў здолела разьбегчыся ў час хапанкі. За дрот пры чыгуначнай станцыі было загнана толькі каля 100 студэнтаў. Пад канец дня й гэтыя паўцякалі праз драты, а ўва ўсёй Заходняй Беларусі паўстала паніка, ды школьная моладзь разьбягалася. Адначасова Беларусамі была ўзьнятая ў Баранавічах, Менску ды іншых акругах акцыя энэргічнага пратэсту супроць разгону беларускіх школаў.

Немцы арыштавалі тады а.Льва Гарошку, дырэктара Баранавіцкай Мэдычнай Школы, які востра пратэставаў супроць хапанкі ў часе самае акцыі, гразілі арыштам іншым. Але салідарны супраціў змусіў немцаў адступіць. Беларусы абасноўвалі свае пратэсты палітычнай бязграматнасьцяй акцыі, роўнай правакацыі, якая заганяе беларускае жыхарства ў рады бальшавіцкай партызаншчыны, падрывае ўвесь давер народу да тае нямецкае адміністрацыі, якая так гвалтоўна разбурае беларускае школьніцтва.

У выніку Немцы ня толькі звольнілі а. Л.Гарошку, але колькі разоў публікавалі закліканыя адозвы ад імя нямецкіх акупацыйных уладаў, каб моладзь вярнулася свае школы да нармальнай працы, даючы адчасна гаранцыі, што больш падобных хапанак ня будзе. І запраўды, пасьля аднаўленьня працы ў школах Немцы аж да свайго адыходу летам 1944 году больш школаў не чапалі.

Я. Малецкі "Пад знакам Пагоні", 1976 выдавецтва "Пагоня", Таронта (С.88-91)

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar