Главное меню
Прымусовая дэпартацыя з Баранавіч 1939-1941 гг.
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/1
  • Активность:
    1110

Руслан Равяка


Першыя арышты і дэпартацыі пачаліся адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 года. Спачатку былі арыштаваны прадстаўнікі мясцовых уладаў, паліцэйскія, вайскоўцы, службоўцы, леснікі і проста заможныя людзі.

 

Пазней іх сем’і чакаў цяжкі лёс вывазу  ў глыб Расіі. Такі самы лёс чакаў і сем’і асаднікаў (палякаў, якія за вайсковыя заслугі атрымлівалі зямлю ў заходняй Беларусі).

 

Да пунктаў запісу ў польскую армію Андэрса дабіраліся праз сотні кіламетраў

ДА ПУНКТАЎ ЗАПІСУ Ў ПОЛЬСКУЮ АРМІЮ АНДЭРСА ДАБІРАЛІСЯ ПРАЗ СОТНІ КІЛАМЕТРАЎ

 

Аперацыі па вывазу планаваліся і праводзіліся пад надзвычайным сакрэтам. У дапамогу супрацоўнікам НКУС былі  задзейнічаны амаль усе прыбыўшыя  камуністы і камсамольцы, а таксама найбольш правераныя мясцовыя актывісты. 
Час і месца ніхто з грамадзян не ведаў – шмат каго мабілізоўвалі адразу ж з месцаў працы. Вядома, што ва ўсіх новаствораных абласцях да кожнай 1000 супрацоў-нікаў НКУС мясцовы абкам партыі выдзяляў 500–800 камуністаў, каля 200 камсамольцаў і прыкладна 1000 мясцовых супрацоўнікаў савецкіх органаў.

 

Адказнасць за дэпартацыі ўскладалася на райкамы КП(б)Б і райвыканкамы.

 

 

Напрыклад, Баранавіцкі абкам 8 красавіка 1940 года разгледзеў пытанне «Аб высяленні сямей рэпрэсаваных памешчыкаў, афіцэраў, паліцэйскіх і іншых». Даклад чытаў начальнік  УНКУС  Місюраў.

 

Абкам прыняў да ведама «заявление тов. Мисюрова о том, что все подготовительные мероприятия по выселению семей репрессированных <...> проведены», і  абавязаў «райкомы партии для проведения операции мобилизовать необходимое количество коммунистов и комсомольцев в каждом районе; <...> председателей райисполкомов и секретарей райкомов партии – оказать практическую помощь райотделам НКВД по обеспечению автотранспортом для перевозки выселяемых».

 

Першая масавая дэпартацыя адбылася 10 лютага 1940 года. З Баранавіч у Горкаўскую вобласць быў высланы першы эшалон сем’яў дэпартаваных. У гэты дзень «навечна» ў глыб СССР было саслана 1290 чалавек.

 

Праз два месяцы, 14 красавіка, ад Баранавіч ад’ехалі 2 эшалоны дэпартаваных (на станцыю Джалтыр Акмалінскай вобласці – 1049 чалавек і ў пасёлак Кандратаўка Паўночнаказахскай вобласці – 713 чалавек).

 

 

Праз два дні, 16 красавіка, яшчэ 1378 чалавек павезлі ў Петухова Чалябінскай вобласці. А 20 красавіка  яшчэ 994 былі накіраваны ў Акцюбінскую вобласць. І гэта была не апошняя дэпартацыя, не апошняя высылка. У хуткім часе, 30 чэрвеня 1940 года, 785 чалавек было вывезена ў Свярдлоўскую вобласць.

 

Вядома, што за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны з Баранавіч ад’ехаў яшчэ адзін эшалон, а на 22–23 чэрвеня 1941 года па ўсёй Беларусі рыхтаваліся да новых масавых дэпартацый. Ад высылкі гэтых людзей выратаваў толькі напад фашысцкай Германіі на СССР.

 

У Баранавічах 27 чэрвеня, пасля адыходу савецкіх войскаў, людзі знаходзілі ў разгромленым будынку НКУС у  складзеных спісах на дэпартацыю свае прозвішчы.

 

 

Усіх, хто належаў да дэпартацыі, савецкія ўлады падзялялі на тры катэгорыі. Пад першую катэгорыю падпадалі арыштаваныя мужчыны, якіх накіроўвалі ў папраўчыя лагеры.

 

Пад другую – так званыя «спецперасяленцы», якіх сялілі ў адмысловых пасёлках. Да гэтай катэгорыі адносіліся людзі,  здольныя да фізічнай працы. Яны не мелі судовых выракаў, але  знаходзіліся пад моцным кантролем.

 

Пад трэцюю катэгорыю  траплялі  «вольныя пасяленцы», якіх не прымушалі працаваць, але размяшчалі без харчавання і апекі на бязлюдных абшарах Сібіры і Сярэдняй Азіі.

 

Усяго з верасня 1939 па чэрвень 1941 года з былых земляў, што належалі Польшчы, было дэпартавана ў глыб СССР каля мільёна чалавек, з іх 560 тысяч жанчын, 138 тысяч дзяцей і 150 тысяч старых. На тэрыторыю Заходняй Беларусі прыпадае 500 тысяч высланых чалавек.

 

Вывазы закранулі не толькі палякаў – амаль 20% дэпартаваных складалі беларусы і ўкраінцы, 30% сасланых былі габрэямі. 
Па прыблізных падліках, больш за 25% вывезеных людзей (найперш дзеці і старыя) загінулі падчас дарогі ці ў высылцы.

 

 

З пачаткам вайны паміж польскім урадам у выгнанні і СССР была падпісана дамова аб стварэніі польскай арміі генерала Андэрса. 
Ва Узбекістане і Казахстане ствараліся пункты запісу ў войска. Куды спрабавалі трапіць усе высланыя жыхары былой Польшчы, розных нацыянальнасцей. Каля 150 тысяч чалавек  былі перапраўлены ў Іран, дзе ў складзе англійскіх і амерыканскіх вайсковых адзінак прынялі ўдзел у бітвах за Афрыку, высадцы ў Еўропу і баях за Монтэ-Касіна.

 

Аднак пасля выяўлення ў Катыні рэшткаў расстраляных польскіх афіцэраў Савецкі Саюз спыніў супрацоўніцтва з польскімі ўладамі на выгнанні і пачаў ствараць польскую народную армію на чале з камуністамі.

 

Пасля вайны дэпартацыі працягваліся. Цяпер вывозіліся сем’і заможных сялян і тых, хто меў няшчасце займаць хоць якія пасады падчас нямецкай акупацыі. Таксама высылалі ўсіх тых, хто выказваў супраціў стварэнню калгасаў ці савецкаму ладу жыцця. Вядома пра масавы вываз заможных сялян з ваколіц Баранавіч у красавіку 1951 года.


 

Прымусовыя вывазы людзей з Баранавіч у 1940 годзе (чыгуначны транспарт)

ПРЫМУСОВЫЯ ВЫВАЗЫ ЛЮДЗЕЙ З БАРАНАВІЧ У 1940 ГОДЗЕ (ЧЫГУНАЧНЫ ТРАНСПАРТ)

другая частка
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar