Главное меню
Прымусовая дэпартацыя з Баранавіч 1939-1941 гг. ч.II
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1211

Успаміны дзяцей аб высылках

 

Самыя яскравыя ўспаміны закладаюцца ў дзяцінстве. Таму, відаць, найбольш запісаў аб прымусовых высылках прыпадае на дзяцей, якія перажылі ўсе пакуты выгнання, страцілі родных і сяброў.

 

Зоф’я Венжык-Махоўска

 

Нарадзілася ў 1929 годзе ў Баранавічах у сям’і доктара Анджэя Венжыка. Яе брата Багуслава арыштавалі 18.05.1940, перавезлі ў Мінск, асудзілі і расстралялі. 19.06.1941, за тры дні да пачатку вайны, яе бацька быў арыштаваны, а сама Зоф’я разам з маці выслана ў Краснаярскі край, дзе дзеўчына пачала весці дзённік.

 

– 19 чэрвеня 1941 года    будзяць мяне раптоўны брэх сабак, гук нецярплівага званка пры браме і мужчынскія галасы: «Открывайте быстрее!» Закрадаецца цяжкае прадчуванне: былі ўжо тры вывазы ў Сібір, можа, цяпер   наша чарга? Апранаюся і іду шукаць бацькоў. Святло гарыць па ўсім доме, службоўцы круцяцца па пакоях, праводзяць вобыск. Адчыняю дзверы ў кабінет таты і што бачу? За сталом у ролі гаспадара сядзіць афіцэр НКУС, з другога боку – бацькі, быццам бы наведвальнікі. Чую словы афіцэра, скіраваныя да мамы: спакуйце асабістыя рэчы мужа і памятайце пра цёплыя, бо ён ужо не малады чалавек. Татка прытуляе мяне моцна і цалуе на развітанне, пасля чаго са збялелым, як крэйда, тварам  без слоў выходзіць пад аховаю ўзброенага вінтоўкаю са штыком энкавэдыста. Я іду за ім да ўваходных дзвярэй, але энкавэдыст, што стаіць на ганку, перагароджвае мне дарогу: «Нельзя!». Спужана, з камяком у горле, вяртаюся  ў кабінет, а тут працяг драмы: афіцэр чытае загад аб перасяленні мамы разам са мною ў глыб Савецкага Саюза на 20 год.

 

Няма нават часу, каб зразумець рашэнне, бо цяпер патрэбны сведка працэдуры, што адбываецца. Мама  дае прозвішча і адрас сябра сям’і, доктара Юзэфа Сквірскага. Афіцэр аддае загад, і цяпер я выходжу з дома пад вартаю ўзброенага энкавэдыста. Шпаркім  крокам выходзім у сквер, які ўкліньваецца паміж нашай вуліцай Станіслава Сташыца і Шаптыцкага. Заўважаю на супрацьлеглым ускрайку сквера  постаць бацькі і яго канваіра (які нясе, о дзіва, багаж арыштанта). Я прыспешваю крок, бягу і крычу на ўсю моц: «Татууусю, вывозяць нас у Сібір!»  Бачу, як бацька затрымліваецца і абарочваецца. Пачуў мой голас, але ці зразумеў словы? Ці, можа, ужо ведае, што нас чакае? Канваір вымушаны яго падагнаць, бо праз імгненне постаці аддаляюцца   хутчэй і знікаюць у цемры. Мой энкавэдыст, на шчасце, увесь час маўчыць. Плачучы, я іду далей, але ўжо павольна, ногі як вата. Толькі цяпер я разумею ўвесь жах нашага становішча. Даходзім да трохпавярховай камяніцы на вуліцы Герберта Гувера, дзе жыве і мае лекарскі кабінет доктар Юзэф Сквірскі. Націскаю званок. Доктар выглядае праз акно, пазнае мяне і адчыняе дзверы. Даведаўшыся пра мэту майго візіту, змаўкае і ідзе апранацца. Пакуль чакаю яго, заўважаю, што ў мяне шкарпэтка толькі на адной назе, пантофлі не да пары, а плашчык накінуты проста на начную кашулю.

 

Мы ідзем у накірунку нашай хаты.  Мама скамянелая сядзіць на тым самым крэсле, у той самай позе насупраць афіцэра НКУС. Цяпер яны з доктарам  чытаюць і падпісваюць нейкія дзяржаўныя паперы. Усе адбываецца фармальна, легальна, згодна з заканадаўствам. Са здзіўленнем назіраю, як энкавэдысты зрываюць з вокнаў фіранкі, але праз імгненне справа праясняецца. Фіранкі сцелюць на падлозе і кідаюць на іх рэчы, пасля звязваючы клункі. Гэткую нетыповую сітуацыю выклікалі паводзіны мамы, якая катэгарычна адмовілася пакаваць рэчы, застаючыся глухою да ўгавораў афіцэра. Нарэшце на яго загад «собирайте гражданку»  службоўцы самі складаюць рэчы. Са сваёй шафы я забіраю вопратку, трылогію Сянкевіча, малы альбом з фотакарткамі і лю-бімую ляльку – двайніка Шырлі Тэмпл – чароўнай  дзіцячай амерыканскай  кіназоркі. Не бяру ніякіх падручнікаў, быццам бы прадчуваючы, што там, дзе мы будзем, яны не спатрэбяцца. Чакае мяне толькі праца, праца і праца звыш меры для дванаццацігадовай хваравітай дзяўчынкі.

 

З’яўляецца афіцэр, аглядае багаж і кажа, што спатрэбілася б машына большага танажу. Час пакажа: мы здолелі выжыць дзякуючы таму, што мелі больш рэчаў, чым іншыя сем’і. Трэба прызнаць, што той афіцэр праяўляў цярплівасць, такт і зычлівасць. На развітанне ён сказаў, каб мама «не мела да яго крыўды, бо ён толькі выконвае свой абавязак». Гэты чалавек, у мундзіры НКУС,   быў выключэннем сярод большасці прадстаўнікоў гэтай пачварнай арганізацыі.

 

Сядаем у кабіну загружанага грузавіка і едзем па соннаму яшчэ гораду ў бок чыгуначнага вакзала.

 

На запасным шляху стаіць доўгі шэраг таварных вагонаў. Перон запоўнены людзьмі з багажом: жанчыны, дзеці, моладзь і старыя. Частка сядіць ужо ў вагонах, але грузавікі прывозяць увесь час наступных затрыманых. Чуюцца плач і галашэнні. Нашы рэчы склалі ў вагон, цяпер мы караскаемся па жалезных прыступках. З левай паліцы пані Здановіч паказвае нам вольныя месцы каля сваёй сям’і: дачкі Касі і двух сыноў – Вітка і Тадэвуша. Узброены вартавы стаіць у дзвярах вагона. Зачытвае нашы прозвішчы і зачыняе цяжкія, акутыя жалезам дзверы. Мы вязні, і адносяцца да нас як да злачынцаў. За што? Чаму?

 

...Сям’я Венжыкаў здолела вырвацца з Краснаярскага краю ў 1944 годзе. Да 1946-га ў Запарожжы яны чакалі дазволу выехаць у Польшчу. Там і даведаліся, што бацька жывы. З пачаткам вайны, пасля адыходу савецкіх войскаў, жыхары Баранавіч вызвалілі яго з турмы разам з іншымі вязнямі. Да пачатку 1944 года Анджэй Венжык працаваў у Баранавіцкім шпіталі, пасля перабраўся ў Польшчу і прымаў удзел у Варшаўскім паўстанні. Пасля вайны працаваў лекарам у Варшаўскім вайсковым шпіталі ў чыне падпаручніка.

 

Здзіслаў Чубакоўскі

 

Нарадзіўся ў 1928 годзе ў  Баранавічах.  У 1922-м бацька Здзіслава, як асаднік, атрымаў 19,5 га зямлі ў Жарабковічах. Пасля заканчэння вясковай школы ў 1939-м Здзіслаў вучыўся ў 4-м класе Баранавіцкай школы імя М. Канапіцкай.

 

– 10 лютага 1940 года, у   5:30, у дом бацькоў увайшло пяць узброеных савецкіх салдат. Нам трохі пашчасціла, што сярод іх быў капітан, які намагаўся адносіцца да нашай сям’і па-людску. Спытаў маму, ці «ребята больные?» (мы ляжалі ў ложку) і тое самае пра 86-гадовага дзядулю, які быў хворы. Капітан паслаў салдата па нашага суседа Дэніса, беларуса, які забраў да сябе майго дзядулю і паабяцаў завезці яго да дзядзькі ў Баранавічы. Такім чынам, майго дзядулю ўратавалі і не выкінулі пасля  з «эшалону», як рабілі гэта з паміраючымі асобамі падчас дарогі ў выгнанне. Капітан загадаў салдатам, каб пакавалі патрэбныя рэчы і запасы ежы на зіму, пасля нам усё спатрэбілася. Бацькам цяжка было зразумець словы капітана аб тым, што вывозяць нас у глыб СССР назаўсёды. У мароз 40 градусаў на санях нас завезлі да цягніка. Змясцілі ў вагон для быдла з закратаванымі вокнамі, па 8–10 сем’яў у адным вагоне. Складзены ў Баранавічах эшалон (каля 40–50 вагонаў) спыніўся ажно за Мінскам у чыстым полі, каб выкінуць з вагонаў памерлых, а жывым даць кіпятку.

 

6 сакавіка 1940 года,  пасля 22 дзён падарожжа, прывезлі нас да станцыі Сокал. Далей на санях праехалі 120 км па тайзе да пасёлка Лугодскі лесапункт на рацэ Сухона ў раёне Тоцьма Валагодскай вобласці. Упхнулі нашы сем’і ў драўляныя нетынкаваныя баракі: бэлькі, абаткнутыя  мохам, а паміж бэлек клапы. Адзін малы пакой на адну сям’ю.

 

Самай страшнай была думка, што ўжо ніколі не вернемся на радзіму, да сваіх. І гэта немагчыма апісаць. Цяжка расказваць, яшчэ цяжэй перажыць. Голад, цяжкая праца, клапы, машкара – гэта быў жах.

 

Усе працавалі на нарыхтоўцы лесу, бярвенні складалі ў стосы на беразе ракі, каб летам сапхнуць іх у ваду. Дрэва само плыло да лесапераапрацоўчых заводаў. За «працадні» мы атрымлівалі харчовыя карткі, якія дазвалялі толькі выжыць. У лесе збіралі лебяду, крапіву і іншыя расліны, каб не было   авітамінозу. Той, хто не мог працаваць, харчовых картак не атрымліваў. На дзяцей картак таксама не давалі.

 

Я (11 год) і брат Юрэк (7 год) пілавалі бярозавыя бярвенні на калоды, якія называліся «шуркамі». Ссякалі галлё і складалі ў стосы для вогнішча, пад наглядам дарослых.

 

Гэдак працягвалася да жніўня 1941 года. Пасля пачатку вайны паміж СССР і Нямеччынай польскі генерал Уладзіслаў Сікорскі атрымаў згоду ад Сталіна на вызваленне сасланых з былой Польшчы (нелагернікаў). Мае бацькі з сябрамі інжынерам  Юзэфам Пнеўскім і панам Дрэўнякам пастанавілі дабрацца да мясцовасці, дзе ствараецца польскае войска. Каб дабрацца да бліжэйшай станцыі Сокал (120 км) не было іншага шляху, як па рацэ. Разам мы зрабілі плыты, на якіх за тры тыдні даплылі да станцыі. Білеты ў пасажырскія цягнікі мы купіць не маглі і ехалі таварнымі. Такім спосабам напрыканцы верасня 1941 года даехалі да Ташкента, дзе стваралася польскае войска. Не  памятаю, як здолелі перажыць гэта падарожжа. Ратавалі нас харчовыя пункты, створаныя для вызваленых дэпартаваных жыхароў былой Польшчы.

 

Зоф’я Я.

 

Нарадзілася ў 1930 годзе ў Баранавіцкім павеце.

 

– 17.09.1939 г. бальшавікі перайшлі польскую мяжу. Адразу ж пачаліся арышты. Калі вялі арыштаваных, плявалі ім у твар, білі, давалі выспятка. Пасля пачалі рабаваць і вывозіць у Расію. Абрабавалі графскі палац, маёнтак Навіцкай, надляснічага і ўраднікаў, а потым нават ляснічых. Калі ў вёску ўвайшло савецкае войска, арыштавалі тату, але хутка выпусцілі. Закрылі  польскія школы, а адкрылі расійскія, і туды трэба было хадзіць пад прымусам. Калі пачаліся выбары, міліцыя прыйшла за татам, але яго не было. Калі знайшлі, загадалі галасаваць.

 

А 10.02.1940 года ўночы нас пабудзілі, зрабілі вобыск, пашукалі зброю і забралі ўсе дакументы. Нас пасадзілі пасярэдзіне пакоя, а каля таткі і вайскоўца паставілі, каб яго пільнаваў. Калі пад’ехалі сані, вайскоўцы загадалі сядаць і сказалі, што павязуць на допыт, і не далі сабраць рэчы. На станцыю прыехалі надвячоркам, потым замкнулі нас у вагонах. На двор выпускалі мала, нават вады не хацелі даваць. За ўсю дарогу далі два разы хлеба і супу.  Калі мы прыехалі, дык ажно страшна было бачыць, колькі старых паабмарожвалі сабе ногі і рукі, а вошай было як мурашак. Потым нас выслалі за 125 км у пасёлак Еглец Роўдзенскага  раёна Архангельскай вобласці. Па дарозе шмат дзяцей памерла.

 

У пасёлку нашым бацькам далі тры дні адпачынку. З нашай сям’і на працу хадзілі татка, мамка, брат і сястра. Праца была цяжкая, а плацілі мала. Давалі хлеб і аўсянку з прусакамі, а часам, на вялікае свята, гнілое рыбы. Людзі хварэлі і паміралі. У пасёлку памерла больш за 150 чалавек. Калі б не грыбы і ягады, дык памерла б яшчэ больш. 20 верасня 1941 года абвесцілі амністыю, але нікога не  хацелі адпускаць. А мы выехалі 20.02.1942 года. У Волагдзе бачылі мноства трупаў, бо людзі там валіліся з голаду як мухі, нават не паспявалі пахаваць памерлых. Як ехалі на поўдзень, дык хлеб і іншыя прадукты атрымлівалі ў польскіх прадстаўніцтвах. 12 красавіка прыехалі да Джалай-Абаду.

 

Там брат захварэў на тыфус і трапіў у шпіталь. Потым захварэла я. 5 мая памёр татка, пахавалі яго на вайсковых могілках у Сузаку. У Джалай-Абадзе адкрылі  польскую школу, куды  мы хадзілі. У школе атрымлівалі абеды, хлеб, сухары, ангельскае печыва, муку, мармелад і кашу. 20 жніўня выехалі ў Краснаярск. 24-га ўвайшлі на карабель, якім прыехалі да Пехле. У Пехле мы былі месяц,  бо мама была ў шпіталі і мы чакалі мамку, спадзеючыся, што ёй хутка палепшае. Аднак самі мусілі выехаць у Тэгэран, бо мамцы станавілася  горш. Месяц нічога не ведалі пра яе. Цяпер нам тут добра, мы ўдзячныя польскаму ўраду, саюзным дзяржавам Англіі ды Амерыцы.

 

Генрык С.

 

Нарадзіўся ў 1930 годзе ў  Баранавіцкім павеце.

 

– Было гэта ў лютым. Прыйшлі рускія, зрабілі вобыск. Шукалі зброю. Завезлі нас на вазах на станцыю. У таварным вагоне ехала шмат людзей. Было цесна і душна. Калі цягнік рушыў, мы плакалі, што больш не ўбачым дому. Ехалі чацвёра сутак. Ежы  не давалі, ваду мы рабілі са снегу. У Сібіры ў бараках ізноў было цесна. Я хадзіў у школу. Вучылі, што Бога няма. Адзін раз загаварыў па-польску, дык настаў-ніца паслала мяне да старэйшага, а ён на мяне крычаў. У столі зрабілі дзве дзіркі. Пад  адной камендант крычаў: «Бог, Бог дай пірог!», і нічога не было. Пад другой казаў: «Савет, Савет, дай канфет!», і сыпаліся цукеркі.

 

Ён смяяўся, што Бог нічога не дае. Тата памёр з голаду. Спух. Закруцілі ў прасціну і кінулі ў яму. Брат не меў ботаў і не пайшоў на працу, яго забралі на два месяцы ў  вязніцу. У пасёлку памерла больш за трыццаць асобаў. За хлебам мы стаялі ў чарзе з вечара да ранку. Бывала, што  па два дні не елі хлеба. Спачатку мянялі ў расійскіх вёсках вопратку на хлеб, а потым закончылася адзежа...

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar