Главное меню
"Наша Ніва" - ўваскрашэньне ў Баранавічах
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1045
"Наша Ніва" - ўваскрашэньне ў Баранавічах

Мала хто ведае, што першы нумар адноўленай газэты "Наша Ніва"друкаваўся ў Баранавічах.

У траўні 1991-га, пасьля цэлага году падрыхтоўкі і адмыслова для гэтага зьдейсьненых пярэбараў у Вільню, дзе ў пачатку стагодзьдзя выходзіла газэта-папярэдніца, першы нумар новае "Нашай Нівы" нарэшце быў сабраны. Пісаўся ён у Вільні, Менску і Горадні, макетаваўся ў Менску, а друкаваўся ў Баранавічах.

Пасьля шмат было пераездаў, гарадаоў, адрасоў. Безь перабольшаньня газэта рабілася і робіцца на колах.

А тады, сонечным травеньскім днём, Баранавічы сустрэлі нашу брыгаду парадам. Грымеў аркестар, маршавалі дзяўчаты ў трыко й караценькіх спаднічках, порстка выкрочвалі фізкультурнікі. Калі мы пад'ехалі да друкарні, проста на нас зь неба паляцелі парашутысты. Сярод усеагульнага мажору нашыя высілкі выглядалі амаль блюзьнерствам. Баранавічам - 120 гадоў!

З таго часу агульны мажор не супадае з танальнасьцю нашае працы.

Частку здымкаў у нумар давялося занесьці ў бліжэйшае фотаатэлье, каб зь іх зрабілі пазытывы, якіх не рабілі ў друкарні. Супрацоўнікі атэлье былі, мякка кажучы, зьдзіўленыя. Друкар-украінец прыняў нас за палякаў і моцна напінаўся гаварыць па-польску.

Баранавічы праводзілі нас сьвяточным салютам, які грымеў аднекуль з-пад Літоўскага лесу.

У Менску ў Доме літаратара тымі днямі адбываўся першы міжнародны кангрэс беларусістаў. Упершыню за доўгія гады ў Беларусь прыехалі тыя, хто ўсё жыцьцё насіў Беларусь у сэрдцы. Мы сьпяшаліся. Спэцыяльна для прэзэнтацыі тысяча асобнікаў выйшла на адмысловай белай паперы.

Раніцою мы прывезьлі газэту ў зусім яшчэ тады новы будынак музэю Багдановіча.

Першыя асобнікі былі раздадзеныя каля помніка Багдановічу, дзе адбылася ўрачыстасьць з нагоды ўгодкаў ягонае сьмерці. Пасьля газэту пабачылі ў Доме літаратараў. 27 траўня 1991 году "Наша Ніва" адрадзілася... .

Сяргей Харэўскі "5 гадоў язды"

Наша Ніва №11(49) 27 траўня 1996 г.



...Аднаго ранку ў Баранавічах, чакаючы, пакуль адкрыюць друкарню, ледзьве знайшлі кавы. У паркавай кавяраньцы, што звалася "Чабурашкам". На беларускае прывітаньне цётка зьнянацку адказала па-польску. Маўляў, "в огуле то кавярня покі не отварта, але для панув тэраз кава бэндзе". ...

Сяргей Харэўскі "10 гадоў раніцы"

Наша Ніва № 22(231) 28 траўня 2001 г.

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar