Главное меню
Аб некаторых Беларусах у Баранавічах
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1838
Аб некаторых Беларусах у Баранавічах

Пры маёй бытнасьці ў Баранавічах наглядалася вялікая зыгранасьць там беларускае інтэлігенцыі. Паважнейшых разыходжаньняў, сварак ня было. Усе дружна стаялі за працу для ўздыму й разьвіцьця беларускае нацыянальна-культурнае справы, за вырываньне ад Немцаў якнайбольш для гэтага ўступак. Таму ніхто не стараўся выбіць таго ці іншага зь сядла, але, наадварот, намагаўся яго падтрымаць і ўмацаваць. У гэтым і быў галоўны сакрэт вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму ў Баранавічах і Баранавіцкай акрузе. Успомню тут колькі важнейшых баранавіцкіх дзеячоў.

Найперш трэба сказаць колькі словаў пра бургамістра Баранавічаў, Юрага Сабалеўскага, які, пасьля "дэтранізацыі" ў Менску др. Ермачэнкі, пераняў там Самапомач ды быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускае Цантральнае Рады.

Юры Сабалеўскі, аграном па прафэсіі, стары беларускі дзеяч Заходняй Беларусі, у 1922 годзе выбраны беларускім паслом у польскі сойм, пазьней сябра Беларускае Сялянска-Работніцкай Грамады. Ён любіў часта паўтараць фразу: "Малы чалавек - малы клопат, большы чалавек - большы клопат". Ён вывучаў кожнага значнага Буларуса, стараўся справядліва яго схарактарызаваць, ацаніць, прыслухоўваўся да ягоных выказваньняў і поглядаў. Пісаў навет на кожнага аграмадную біяграфію. Урыўкі з гэтых нарысаў любіў чытаць іншым. Ягоныя характарыстыкі не заўсёды супадалі з запраўднасьцяй. Хутчэй выражалі ягы ягоную суб'ектыўную ацэнку й погляды.

У часе "ўлады" Сабалеўскага ў Баранавічах можна было назіраць схільнасьць у яго да нямецка-аўстрыйскай школы адміністрыраваньня. Ён завё' строгі "кайзерскі" парадак: увайшоў у гарадскую ўправу ня скінуўшы шапку - 5 марак штрафу; спазьніўся на працу - 10 марак; прыйшоў падпіты - гэта небясьпечна! - назаўтра, ці ты работнік, ці інжынер, ці доктар, сядзеш на бочку, у якой вывозіліся з гораду нячыстоты, ды будзеш на ёй цэлы дзень езьдзіць. Супраціў не памагаў - ён звальняў з работы. Не памагалі таксама пробы ўмешваньня ў гэткія строгія парадкі іншых нашых дзеячоў, што дакаралі бурмістра за ягоныя сярэднявечныя практыкі. Ён цьвёрда казаў: "Людзей трэба выхоўваць!" А калі яму казалі, што ў часе вайны гэткія мэтады служаць нашым ворагам, ён спакойна адказваў: "Кожны рэжым патрабуе парадку й дысцыпліны". І запраўды, нічога супроць яго ня можна было зрабіць, каб адначасна не панізіць ягонага аўтарытэту, як бурмістра, зь якім лічыліся Немцы.

Гэта Сабалеўскі дамогся ў гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе. Гэта ён асабліва ўспамагаў мастацкую й ткацкую школы ды зьвярнуў увагу Немцаў і таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў на высокія мастацкія якасьці беларускага народнага мастацтва. Праз наладжаную Беларускай Самапомачай аграмадную выстаўку народнага мастацтва ў Баранавічах, што займала колькі будынкаў, прайшло больш 20 тысячаў чалавек. А ў наладжаньні выстаўкі немалая была заслуга Юрага Сабалеўскага.

Апрача Сабалеўскага было, ведама, і шмат іншых выдатных Беларусаў у Баранавічах. Аб Папуцэвічы, Русаку, ды некаторых іншых я ўжо, хай сабе коратка, але гаварыў. (Гл. У Баранавічах) Тут хацелася-б расказаць пра менш знаных, як а.Льва Гарошку, Уладзімера Шыманца, У.Кліма, ды пару іншых.

Леў Гарошка, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, адзін з выдатных беларускіх дзеячоў, у часе нямецкага паходу на Ўсход быў на беларускім Палесьсі, якое, паводле гітлераўскага пляну распадзелу ўсходніх прастораў, адміністрацыйна прыразалася да Райхскамісарыяту Украіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам Немцаў ён ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэліцгійнае супольнасьці, але й ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю й школьніцтва. За гэта а.Л.Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч, тут знайшоў падтрыманьне др. В.Войтэнкі, тагачаснага бурмістра места, ды ўладзіўся ў рэдакцыі "Баранавіцкай газэты".

Быў гэта вялікі патрыёт, у беларускіх справах нязвычайна прынцыповы, стойкі, і стаўся адной з важных апораў беларускае нацыянальнае працы ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а.Неманцэвіча, ён яе ачаольваў.

Уладзімір Шыманец, кіраўнік аднаго з адзелаў Гарадской Управы Баранавіч, шчыры патрыёт, браў дзейны ўдзел у беларусізацыі адміністрацыі Баранавіч і акругі, дэмаскаваў скрытых ворагаў. На эміграцыі, у Даніі, выратаваў сотні Беларусаў ад загрозы выдачы іх бальшавіком ды вывазу ў СССР. У Францыі, у Парыжы, быў і ёсьць ён адным з правадыроў тамашняй беларускай эміграцыі. Як таленавіты мастак ён быў адзначаны на розных французкіх выстаўках. Малюе пераважна на беларускія тэмы.

Уладзімір Клім, былы студэнт права Віленскага ўнівэрсытэту, левых поглядаў, аднак патрыёт, дзейны перад вайно. У часе савецкай акупацыі Вільні быў у радох тых Беларусаў, што выкарыстоўвалі новыя абставіны для беларусізацыі места. Там зблізіўся да Клімава, бальшавіцкага камісара Вільні. З прыходам Немцаў улучыўся ў Баранавічах у беларускія актыўныя рады разам з братамі Пяцюкевічамі, ды працаваў на найбольш адказным і небясьпечным адрэзку - у радох беларускай тайнай паліцыі, быў намесьнікам яе начальніка.

У. Клім кіраваўся філязофіяй: Беларусы павінны пераймаць перш за ўсё найбольш ключавыя становішчы, бо накш нашы ворагі й у зьмененых умовах нас вынішчаць. А заняўшы гэтае становішча, наш абавязак ахоўваць беларускія сілы супроць усякай правакацыі. Чым больш у гэтай міжнароднай бойні мы захаваем сваіх, тым лепшыя шанцы здабыць дзяржаўную незалежнасьць.

На гэткіх сваіх пазыцыях У.Клім аднак-жа ня ўтрымаўся. Пасьля нямецкай апаразы пад Сталінградам ён пільна слухаў радыя, ці цікавіўся перш за ўсё савецкімі наступамі ды рухам савецкіх арміяў на захад. Хутка пасьля, у пачатках 1943 году, галоўны партызанскі штаб, што пад кіраўніцтвам Панамарэнкі быў пры галоўнай кватэры Сталіна, стаў ськідаць на парашутах камуністычную падпольную тэрытарыяльную арганізацыю для антынямецкай і антыбеларускай дыверсіі на тылох нямецкага фронту. На Баранавіцкую акругу быў прызначаны ды ськінены з падручнымі былы камісар Вільні Клімаў. Ён хутка сарганізаваў, у саміх Баранавічах, бальшавіцкае падпольле, пад назовам "Антыфашыскі саюз". Да яго бальшавіцкія агенты здолялі загнаць больш сотні Беларусаў.

Штаб Клімава знаходзіўся ў Налібоцкай пушчы. Адтуль ён час-ад-часу наведваў Баранавічы ў будынку школы-сямігодкі, дзе настаўніца гэтай школы, маладая дзяўчына, была лучнікам зь некаторымі беларускімі нацыяналістамі. Хутка Клімаў гэтак навязаў лучнасьць з У.Клімам, узяўшы для бясьпекі свайго свайго сябру, сп. Я.Ж., які таксама быў зь ім у тайнай паліцыі, колькі разоў сустракаўся з камісарам Клімавым.

У гэтым часе беларуская разьведка СД паведаміла нямецкія ворганы, што ў Баранавічах разьвіваецца бальшавіцкае падпольле, якое мае сыстэматычныя сходкі з партыйным штабам у лесе. Тады Немцы, разам зь беларускай выведнай службай , заставілі на акраіне места, куды пранікала бальшавіцкая лучнікавая група, пастку. У часе баявой сутычкі колькі чалавек з бальшавіцкага боку было забіта, некаторыя-ж лучылі ў палон. Немцы ад іх даведаліся пра галоўнага арганізатара падпольля ды пра месцы збораў. Былі захоплены сьпіскі сяброў ды іншая літаратура. За адну ноч Немцы арыштавалі каля 150 чалавек, удзельнікаў савецкай правакацыі.

У захопленых сьпіскох ня было імя У. Кліма, ані ягонага сябры Я.Ж. Таму Немцы пакульшто нічога ня ведалі пра сувязі Кліма з бальшавіцкім штабам дывэрсіі й яго не арыштавалі. Далі яму навет на Вялікдзень 1943 году водпуск для выезду ў родную Пружаншчыну, дзе ён прабыў 2 тыдні. Арыштаваных Немцы пераважна ссылалі ў нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Некаторых навет выпусьцілі. Беларускія патрыёты, заскочаные ўсёй падзеяй, рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць долю нявінных ахвяраў бальшавіцкае правакацыі.

Ды, як пазьней выявілася, настаўніца школы, што была бальшавіцкім лучнікам, у допытах СД, баронячы сябе, удала У.Кліма. яна казала, што пра ўсё паведамляла У. Кліма, ведаючы, што ён супрацоўнічае зь Немцамі, ды лічыла, што ён пра гэта ім раскажа.

Не малым каменем да загубы У.Кліма быў Дыячэнка, Украінец, пятлюраўскі палкоўнік, што займаў становішча кіраўніка беларускай тайнай паліцыі, якая дзеіла пад началам нямецкага СД. Баючыся за сябе, ён дамагаўся ад Немцаў найбольш строгага пакараньня свайму падуладнаму У. Кліму за здраду. Нямецкі начальнік Баранавіцкага СД Амэлюнг у гэткіх абставінах быў змушаны У. Кліма расстраляць. Аб гэтым мне апавядаў В. Папуцэвіч, які быў навочным сьведкам дыскусіі ў гэтай справе Амэлюнга з Дыячэнкам. Было гэта раньняй вясной 1943 году. Сам У.Клім тлумачыўся адно тым, што ён, як тайны выведнік, зьбіраў матарыялы аб бальшавіцкай дыверсіі, ды паведаміць аб усім меў Немцам тады, калі ў сваіх руках ужо будзе мець камплетны матарыял.

Клімавага сябру, інж. Я.Ж,, які схамянуўся, трапіўшы пад допыты, мы здолялі абараніць ад расстрэлу. Пакаралі яго канцэнтрацыйным лягерам у Нямеччыне, зь якога ён, пасьля капітуляцыі Нямеччыны, выратаваўся.

Калі ў карне нямецка-бальшавіцкай кузьні заламаўся ды зьгінуў У.Клім, што казаць пра нацыянальна менш стойкіх. Адной з гэткіх ахвяраў быў Акружны лекар Баранавіцкай акругі др.Лукашэня. У нармальных умовах ён быў-бы добрым беларускім грамадзянінам, не зважаючы на некаторую зрушчанасьць. Чын баранавіцкага возьніка, вырас ён у хатняй і навакольнай праваслаўна-зрушчанай дробнамяшчанскай атмасфэры ды зь беларускім рухам сутыкнуўся ўпершыню ці ня ў часе вайны. Пры першай акупацыі бальшавікоў ён быў галоўным лекарам Баранавіч, пры Немцах - лекарам акруговым. Вось высокія становішчы, якія ён займаў з ласкі акупантаў, вытварылі ў ім псыхіку самаўпэўненасьці ды патрэбы апоры не на свой народ, але на таго, хто дужэйшы. Пры Паляках ён лашчыўся да іх, пры бальшавікох - да іх, а цяпер Немцы, дык ведама - да іх. У беларускі нацыянальна-вызвольны рух ён ня ўлучаўся, радаў беларускіх прадстаўнікоў як у Менску, так і ў Баранавічах, ня слухаў, прыкідваўся, што верна служыць толькі Немцам.

Але калі Немцам пад Сталінградам надламалі хрыбет і яны апынуліся ў адступленьні, Лукашэня згубіў веру ў перамогу свайго новага гаспадара. Паколькі ягоны дом стаяў на глухіх акраінах Баранавічаў, бальшавіцкае-ж падпольле ў лясох і месьце было ўжо актыўнае, савецкія агенты й узялі Лукашэню ў сваю апрацоўку. Яны вымагалі, каб ён трымаўся пасады акруговага лекара й дастаўляў ім, празь іхніх лучнікаў, лекі, інструманты, розныя мэдыцынскія матарыялы, і гэтым ён сябе апраўдае перад будучай савецкай уладай. Др.Лукашэня на гэта, відаць, згадзіўся, бо беларускі вывед даносіў, што ягоны дом наведваюць падпольшчыкі, а на лекарскіх базах акругі сыстэматычна "прападае" частка лекаў і мэдыцынскіх матарыялаў.

У сярэдзіне 1943 году беларуская разьведка злавіла дастаўшчыка лекаў у партызанскі раён. Выявілася, што гэта швагра др.Лукашэні. у наяве гэткага факту Лукашэня ня мог далей займаць свайго становішча, тымбольш, што лекаў пры Немцах заўсёды нехапала й для цяжка хворых мясцовага жыхарства. Др.Лукашэня з пасады быў звольнены, ягонымі кантактамі з партызанамі занялося СД, ды, знайшоўшы новыя довады, пасадзіла яго й расстралялі. Ягоная жонка пасуліла Немцам 200 рублёў золатам на выкуп мужа, за што й яе арыштавалі.

Язэп Малецкі "Пад знакам Пагоні", выдавецтва "Пагоня", Таронта, 1976г.

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar