Главное меню
Яго называлі паэтамзмагаром…
  • Категория:
  • Автор:
    Литвинович Александр
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1755

Яго называлі паэтамзмагаром…

8 лютага спаўняецца 100 год з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Паўлавіча Таўлая (1914–1947), які нарадзіўся ў Баранавічах у сям’і служачага чыгункі.
 
…Яго напевам выпаў слаўны лёс: 
набатным звонам прагучаць над краем,
прайсці шляхі этапаў і бяроз,
сустрэць свабоду – светлы золак мая.
 
Максім Танк
 
У беларускім літаратуразнаўстве за Валянцінам Таўлаем замацаваўся тытул палымянага паэта-рэвалюцыянера, бунтара. Ён ўваходзіў у грамаду літаратараў Заходняй Беларусі, барацьбітоў за сацыяльныя і нацыянальныя правы беларускага народа, такіх як Максім Танк, Піліп Пестрак, Міхась Васілёк, Мікола Засім і іншыя. Прытым для вершаў Валянціна Таўлая характэрны не толькі грамадзянскі пафас, але і высокае паэтычнае майстэрства. Яго творы – значны  ўклад у беларускую паэзію. Тут ён адзін з пачынальнікаў турэмнай тэматыкі. Правёўшы за рэвалюцыйную дзейнасць 7 гадоў у польскіх астрогах, стварыў высокамастацкі вобраз палітвязня і ўзвёў яго да шэрагу «герояў часу» у літаратуры. Думаецца, што толькі ранні зыход паэта з жыцця перашкодзіў яму стаць адным з прызнаных майстроў беларускага слова, а магчыма і ўліцца ў рады класікаў літаратуры. 
 
Між тым нас сёння можа зацікавіць не толькі творчасць Валянціна Таўлая. Лёс напоўніў жыццё паэта такімі абставінамі, у якіх было месца і шчасцю, і трагедыям, і сапраўднаму гераізму, і амаль дэтэктыўным прыгодам…  У гэтым няма нічога дзіўнага. Такі адбітак на яго жыццёвы шлях зрабіў час. Дастаткова толькі звярнуць 
увагу на дату нараджэння паэта: 
 
8 лютага 1914 года. Пярэдадзень першай сусветнай вайны, якая затым змянілася рэвалюцыйнымі падзеямі, грамадзянскай вайной, гадамі санацыйнага рэжыму польскай улады на беларускай зямлі, а пасля… пасля новая сусветная вайна. Здзіўляе грамадзянскі выбар і шлях у паэзію юнака, амаль падлетка (у 15 год упершыню апынуўся за кратамі): замест звычайнага жыцця, напоўненага паўсядзённымі клопатамі, – змаганне за родную мову,  нацыянальную годнасць, за права вольна жыць у сваёй краіне. Такая пазіцыя выклікае не толькі павагу да нашага земляка, але і жаданне атрымаць больш інфармацыі аб ім.
 
Зрабіць гэта найпрасцей можна ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В.П. Таўлая. Тут сабраны творчы набытак паэта ў выглядзе зборнікаў яго вершаў і іншых публікацый, кнігі і артыкулы з часопісаў і газет аб яго жыцці і творчасці, фота- і ілюстрацыйны матэрыял. Выставачны комплекс «Шляхам паэта» якраз і дазволіць кожнаму наведвальніку бібліятэкі ўбачыць усе гэтыя дакументы. Супрацоўнікі чытальнай залы  літаратуры па краязнаўству ў любы момант гатовы правесці біяграфічны ўрок-экскурсію з дэманстрацыяй мультымедыйнай прэзентацыі. А юбілейны тыдзень, які праходзіць тут з 3 па 8 лютага, уключае конкурс дэкламатараў вершаў Валянціна Таўлая «І стане слова гаварыць…»; краязнаўчы ўрок «Быць патрыётам Радзімы» і інтэрактыўную віктарыну «Валянцін Таўлай – паэт і грамадзянін»; юбілейны вечар-партрэт «І шлях, і водгулле, і памяць…» (6 лютага, пачатак у 13.00); інфармацыйную акцыю «Усім – пра Валянціна Таўлая» і інш. Кожны жадаючы можа прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах. Інтэрнэт-карыстальнікам, што прызвычаіліся атрымліваць неабходныя звесткі праз сусветнае сеціва, прапануецца раздзел на вэб-сайце цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (http://tavlay-library.by). Ён таксама напоўнены разнастайнай інфармацыяй і дапаможа пашырыць свае веды пра паэта-земляка, аднаго са знакамітых асоб, што складаюць гонар нашаму гораду. А імя яго ў Баранавічах не забыта. Цэнтральная гарадская бібліятэка імя В.П. Таўлая, пастаянная экспазіцыя аб ім у народным літаратурна-краязнаўчым музеі імя В.П. Таўлая сярэдняй школы № 4, вуліцы і завулкі з яго імем, экспазіцыя ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі, публікацыі ў гарадскіх газетах – усё гэта нагадвае аб дачыненні Валянціна Таўлая да гісторыі горада. На памяць засталіся і яго кнігі, у якіх жывуць надзеі і мары, думкі і спадзяванні паэта: 
 
…Але не ўсё навек развеяў сівер
на тых шляхах, якімі я ішоў,
і песня не адна, запаўшы ў сэрца ніве,
вясною ранняй зазвініць ізноў.
 
Не хочацца жыць у бядзе (Балада)
 
Прысвячаецца Валянціну Таўлаю
 
Калі не хочацца жыць у бядзе, –
Ідзі ў касцёл, маліся, слухай месу. 
Дзяцей вучы, ды ўжо няма нідзе 
Школ беларускіх тут, ва ўсходніх крэсах.
 
Таўлаі ўсё ж у падрыхтоўчы клас 
У Слоніме сыночка ўладкавалі. 
Вучыся польскаму. У добры час! 
Ды... беларусам там назваўся Валік.
 
«Дык прэч са школы!» – лаялі ўсяляк 
I з Віленскай гімназіі паперлі. 
«Калі ты ў Польшчы, значыцца – паляк 
I не пішы на свінскай мове перлы».
 
Але сябры ўгаворвалі: «Пішы!» 
I віў радкі ён свойскія, тугія –
Пратэст зняволенню і крык душы! 
Неўтаймаваная ў грудзях стыхія!
 
А як жа жыць? Тут не лічы да трох.
Не прызнаюць у беларусе брата.
Не семінарыя яму – астрог!
Не ў клетку сшытак, а стальныя краты!
 
«Ці ж першага вы судзіце мяне 
За прагу волі, годнасці і праўды? 
О, лёс! Чаму ў радзімай старане 
Бязлітасна мяне так абабраў ты?»
 
«Крышыце панскае ярмо, браты!»
За раўнапраўе і за подых чысты!
I... збавіліся ўціску і бяды!
Ды грымнуў гром!..
Шчэ горшыя фашысты...
 
Стары Таўлай, сябрук яго паляк...
Як двух братоў іх аб’яднаў Асвенцім.
А Валік, сын, у роспачы не змяк.
Ды зноў турма – у страшным сорак трэцім.
 
«Каму я вочы перадам свае
I сэрца, што астынуць не паспела?»
Засценак стогне, плачучы пяе
Пад роў франтоў у сотні дэцыбелаў.
 
Да скону набліжалася вайна, 
Звярэў захопнік, упіраўся рогам. 
I вось прыйшла – як сонейка, яна! –
У бітвах змучаная Перамога.
 
О, край крыві! I попелу! I слёз! 
Цябе абновім працаю сумеснай! 
Але ж у трыццаць тры, нібы Хрыстос, 
Паэт узнёсся ў неба разам з песняй.
 
I з вышыні даносіцца ледзь-ледзь... 
Але чуваць, як ён пяе пра тое. 
Што край наш будзе «вечна зелянець, 
Як дрэва стройнае і маладое».
 
Радкі, узятыя ў двукоссі – вытрымкі з вершаў В. Таўлая.
 
Алесь КОРНЕЎ
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar