Главное меню
Унікальны ўніяцкі храм у Вялікай Сваротве
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/1
  • Активность:
    1291

Адносна нядаўна рэстаўраваная праваслаўнымі (у 2006-2009 гг.) былая ўніяцкая царква Сьвятой Тройцы (1823 г.) у Вялікай Сваротве (Баранавіцкі р-н, Берасьцейская вобл.) — выключна арыгінальны храм, які ня мае сёньня больш аналагаў у Беларусі і вельмі рэдкі па сваёй архітэктуры нават для ўсёй Еўропы.



Што цікава: мураваны храм у Вялікай Сваротве фундацыі Незабытоўскіх быў узьведзены ў 1823 г. на месцы старога драўлянага храму, які таксама быў трохкутны! А першы трохкутны драўляны барочны храм, пакрыты гонтай, пабудавалі тут яшчэ ў 1747 г. Фундуш гэтай царквы заклала радзіна Мікалая і Агнешкі (з Дамастаўскіх) Аўсяных. Фундадтар быў пісарам скарбовым Вялікага Княства Літоўскага.

Падобныя трохкутныя храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі толькі ў 2 мясьцінах: у Вялікай Сваротве і ў в. Вялікія Бесяды былога Вілейскага павету (сёньня — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці). Але там драўляны ўніяцкі храм не захаваўся.
Svarotva-draul_rekanstrukcyja-S.Sierhaczou
Архітэктурнае рашэньне храму ў Вялікай Сваротве ў выглядзе роўнабаковага трохкутніка надзвычай сьмелае і нечаканае ня толькі для Ўсходняй Царквы, але нават і для свайго часу. На жаль, імя архітэктара храму на сёньня застаецца невядомым. У Еўропе ёсьць лічаныя прыклады храмаў з трохкутнай сакральнай прасторай.

Адна з версіяў, чаму такая арыгінальная трохкутная архітэктура храму ў Вялікай Сваротве, акрамя сымболікі Сьвятой Тройцы — спроба Ўніяцкай Царквы знайсьці свой адметны стыль, як найменш падобны да праваслаўя, каб не маглі адабраць неўласьцівы іх традыцыі храм.

Дарэчы, у гэтай царкве алтар раней знаходзіўся па цэнтры храму і арыентаваны быў на паўднёвы захад. Гэта было заўсёды непрымальна для праваслаўнай традыцыі і пры аднаўленьні сьвятыні ў нашыя дні алтар быў зьмешчаны ў кут. Уніяцкая Царква ў Беларусі пасьля Замойскага сіноду 1720 г. пачала арыентаваць многія свае новыя храмы не на ўсход, а ў кірунку Ерусаліму, Магілы Гасподняй. Гэтак, напрыклад, быў пераарыентаваны адноўлены ўніяцкім архібіскупам Фларыянам Грабніцкім катэдральны храм сьв. Сафіі ў Полацку, базыльянская царква сьв. Пятра і Паўла ў Берасьці (дзе падпісаны Берасьцейскі мір у 1918 г.), царква ў Шчэбрыне Берасьцейскага р-ну і інш. А вось алтар па сярэдзіне храму — такіх прыкладаў ва Ўніяцкай Царкве таксама пакуль больш не апісана. Хіба гэта была вялікая капліца?

Захавалася цікавае апісаньне ўнутранага выгляду царквы з візітацыі 1798 г., якая тады была яшчэ драўлянай. Паводле яго вакол сьценаў угары былі хоры з балясінамі, па кутах храму разьмяшчаліся тры закрыстыі з дзьвярамі на завесах. У адной з іх быў алтар сталярскай работы з абразом Найсьвяцейшай Багародзіцы. Пасярод царквы разьмешчаны алтар разной работы, трохкутнікам зроблены. На мураваным прастоле (mensa), зьверху якога драўляная пазалочаная карона з разнымі анёламі, якія карону трымаюць, з аднаго боку — абраз Сьвятой Тройцы, з другога — абраз сьв. Мікалая, а з трэцяга боку — Найсьвяцейшай Багародзіцы. На тых двух прастолах (менсах) па пары драўляных сьвечнікаў і па адным абрусе (tuwalnі), на першым з іх — дараносіца ўпрыгожаная (cyboryum malowane) з трыма дзьверкамі ў выглядзе замку (o trzech drzwiczkach zamczyste), сьвятыя дары ў даразахавальніцы алавянай (w puszce cynowey), пераносны алтарык (фератрон) з іконаю Ісуса Хрыста (Ołtarżyk ponosny z obrazem Pana Jezusa).Svarotva-carkva Sv-Trojcy1823_rekanstr-JacekCzubinski_wizualizacyja-JustynaTucholska

Дасьледаваньне, апісаньне і аналіз архітэктурных асаблівасьцяў гэтай унікальнай трохкутнай уніяцкай царквы з бутавага каменю ў Вялікай Сваротве праводзіў польскі навуковец Кшыштаф Ленартовіч у 2002-2005 гг. Перад ім на гэты храм зьвяртаў увагу ў 1992 г. толькі беларускі дасьледчык С. Сергачоў, які зрабіў рэканструкцыі першага драўлянага і пабудаванага на яго месцы пазьней мураванага храму. На тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага польскі дасьледчык архітэктуры Кшыштаф Ленартовіч налічыў усяго 5 храмаў з сакральнай прасторай у выглядзе трохкутніка. Тры іншыя прыклады такой архітэктуры — у Літве. Аднак, на яго думку, царква ў Вялікай Сваротве ня мае сярод іх непасрэдных аналагаў.

Так што гэты храм Сьвятой Тройцы ў Вялікай Сваротве — унікальны і выключна цікавы аб’ект беларускай і ўніяцкай архітэктурнай спадчыны еўрапейскага значэньня. Цяжка паверыць, але, як аказалася, гэты храм да 2012 г. нават не зьяўляўся помнікам архітэктуры і не ахоўваўся дзяржавай!.. Безумоўна, ён мусіць цяпер стаць адным з адметных аб’ектаў для турыстаў.WelSworotwa

Тым больш што мясьціны вакол адноўленай царквы ў Вялікай Сваротве таксама жывапісныя. Царква была часткай сядзібна-паркавага комплексу Незабытоўскіх на высокай тэрасе р. Сваротва — адзінай рэчкі, якая выцякае з Сьвіцязі. На жаль сёньня гэтая сядзіба ляжыць у руінах. Засталіся рэшткі гаспадарчых пабудоваў, парк, алея старых дубоў, а вось ад палацу засталіся адно падмуркі...


На фота:
1 - сучасны выгляд царквы (фота: Туризм и отдых" Н. Суслава);
2 - рэканструкцыя выгляду драўлянага храму ў Вялікай Сваротве С. Сергачова;
3 - рэканструкцыя мураванага храму Я. Чубінскага, візуалізацыя Ю. Тухольскай;
4 - стан храму ў 2004 г. (фота А. Яроменкі).

jacviah.livejournal

avatar
1
1 Дмитрий Карачун • 14:39, 26 Сен 2014
Вот есть интерестный веломаршрут по этим местам http://2kola.by/pakatushki/melnicy.html Можно посмотреть еще на мельницу в Староельнк
avatar