Главное меню
Гісторыя з’яўлення крыжа “Ахвярам гвалту 1939-1953 гадоў”
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/1
  • Активность:
    1528
Гісторыя ўсталявання крыжа мае сваю цікавую і ўжо напаўзабытую гісторыю. Як згадвае ўдзельнік тых падзей Сяргей Гоўша, ідэя ўсталяваць крыж узнікла ў 1990 годзе ў сяброў Баранавіцкага БНФ, бо савецкая ўлада ніколі б не паставіла помніка па ахвярах сталінскіх рэпрэсій. Крыж было запланавана ўсталяваць на бульвары Хейнала, бо, па словах іншага ўдзельніка ўсталявання крыжа Яўгена Даў-гіловіча, якраз у раёне бульвара знаходзілася жахлівая турма «Крывое кола», куды НКУС звозіў арыштаваных з усёй Баранавіцкай вобласці. Уезд у вязніцу быў насупраць сучаснага Дома культуры, за якім знаходзіліся баракі вязніцы.

 




«Мы з тагачасным старшынёй Баранавіцкага БНФ Сымонам Свістуновічам знайшлі на балотах у Ляхавіцкім раёне трубы, якія некалі кінулі ме-ліяратары, – згадвае Яўген Даўгіловіч. – Пасля перацягнулі іх пад хату да бацькоў Свістуновіча. Пасля Сымон спыніў на дарозе грузавік і дамовіўся, каб трубы задарма перавезлі пад баранавіцкі касцёл на Куйбышава. І там мы склалі іх каля храма». На тэрыторыі касцёла пасля і адбываўся мантаж крыжа. Як кажа Сяргей Гоўша, ксёндз пагадзіўся асвяціць крыж, а вось праваслаўны святар адмовіўся, бо палічыў яго каталіцкім.



Каб атрымаць афіцыйны дазвол на ўсталяванне крыжа, Сяргей Гоўша, Сымон Свістуновіч і Віктар Мязяк падалі заяву ў гарвыканкам. «Я быў тады ўжо абраны ў абласны савет ад Таварыства беларускай мовы, – дзеліцца Сяргей Гоўша. – І падпісаў той зварот першым. На паседжанні выканкама завязалася спрэчка, падчас якой Сымон сышоў грукнуўшы дзвярыма. Я застаўся, і пасля працяглай дыскусіі мне сказалі, што папярэдні дазвол на ўстаноўку крыжа будзе». Як высветлілася пазней, рашэнне выканкама было адмоўнае, але нікому з ініцыятараў усталявання крыжа пра гэта не было паведамлена.



Напярэдадні Дзядоў, 28 кастрычніка 1990 года, каля касцёла сабралася каля трох тысяч чалавек. Ксёндз асвяціў крыж, і мужчыны на руках панеслі яго па вуліцах горада праз Камсамольскую і Хейнала, да будынка банка. «Калона заняла ўсю вуліцу, – згадвае Яўген Даўгіловіч. – Міліцыі не было бачна. Адно помню, з балконаў каля дома афіцэраў пачуў: «І адкуль іх столькі набралася?» А мы ўсе ішлі радасныя, на ўздыме, пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Я жартам нават прапанаваў Свістуно-вічу паставіць крыж на плошчы, каля Леніна».



На бульвары Хейнала, каля банка, насупраць уваходу ў рэдакцыю «Знамя камунізма», па словах Віктара Мязяка, прысутныя спрытна выкапалі яму, замяшалі раствор цэменту, умацавалі камянямі і з дапамогаю вяровак усталявалі крыж. Інструменты, каністры з вадою і цэмент прывёз на сваім «Масквічы» Сяргей Гоўша. Ён сцвярджае, што адразу пасля акцыі да іх падышоў чалавек у цывільным, прадставіўся намеснікам начальніка міліцыі і прапанаваў дапамагчы ў ахове помніка, паабяцаўшы загадаць сваім людзям першыя дні прыглядаць за крыжам.



Камуністычным уладам такое свавольства не спадабалася. Было абвешчана, што крыж з’яўляецца культавым аб’ектам і знаходзіцца насупраць школы, што недапушчальна. Праз некалькі тыдняў Свістуновічу паведамілі па сакрэту, што камунальным службам аддадзены загад знішчыць помнік рэпрэсаваным. Па словах Яўгена Даўгіловіча, знайшліся нават добраахвотнікі, якія за 50 рублёў прэміі (у той час гэта сума была роўная амаль палове месячнага заробка) уночы пагадзіліся зрэзаць асвечаны крыж. «У мяне быў фотаапарат, але не было ўспышкі, – падзяліўся ўспамінамі Яўген.



– Я зрабіў нейкую самадзелку, у якой міргала лямпачка, і мы са Свістуновічам і іншымі сябрамі БНФ у тою ноч сталі пільнаваць каля крыжа. І сапраўды, а другой гадзіне ночы пад крыж пад’ехалі грузавая машына і аўтобус. Пачалі вылазіць рабочыя, і тут мы выскачылі з цемры! Я пачаў пстрыкаць фотаапаратам і бліскаць «успышкаю». Нічога, зразумела, са здымкаў не атрымалася, але людзей напалохаў сам эфект успышкі, яны паўцякалі».



Праз тыдзень квартал ачапіла войска МУС – ад кінатэатра, праз увесь сквер, да Нацыянальнага банка. Крыж абкапалі і з дапамогаю крана загрузілі на машыну ды перавезлі ў сквер на скрыжаванні вуліц Крупскай і Смаленскай. Там яго ўсталявалі на новае месца, дзе ён напаўзабыты знаходзіцца і цяпер.



Віктара Мезяка і Сымона Свістуновіча, якія падавалі заяву на крыж, пасля асудзілі на вялікія грашовыя штрафы за самавольную ўстаноўку помніка. Сяргея Гоўшу, як дэпутата, гэтак проста не маглі асудзіць. Яго справу разглядала камісія па этыцы, а потым сесія аблсавета. Большасцю галасоў з яго знялі дэпутацкую недатыкальнасць, але ўжо мінула два месяцы, і тэрмін адміністрацыйнай справы скончыўся. Як прыгадвае Гоўша, за тыдзень да гэтага сесія разглядала паводзіны іншага дэпутата аблсавета, які п’яны выбіў знаёмаму сківіцу і якога дэпутаты абаранілі ад крымінальнай адказнасці, «не аддалі» правасуддзю.



Мінула больш за 20 год з таго часу. Удзельнікі тых падзей лічаць, што ўсё зрабілі правільна, бо хрысціяне павінны заўсёды ў памяць па за-бітых і памерлых ставіць крыжы. Акрамя вязніцы, побач знаходзяцца закатаныя пад асфальт старыя гарадскія могілкі. На думку Яўгена Даўгіловіча, магчыма, дзякуючы гэтаму крыжу, цяпер на месцы жахлівай турмы «Крывое кола» стаіць прыгожая праваслаўная царква.
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar