Главное меню
Спробы стварэньня беларускіх школ у Баранавіцкім павеце ў 1919-1920гг.
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1618
Спробы стварэньня беларускіх школ у Баранавіцкім павеце ў 1919-1920гг.

Пад час акупацыі Беларусі кайзераўскімі войскамі ў 1-ю Сусьветную вайну, немцы, які ацэньвалі ўсё на свой капыл, дазволілі адчыняць беларускія школкі. У 1918 годзе толькі на Меншчыне было каля за 200 школ з беларускамоўным навучаньнем.

Да гэтага палітыка Расейскай Імперыі дышыла ўсялякія спробы беларусаў арганізаваць нацыянальнае жыцьцё. Беларускую мову царскія ўраднікі лічылі спаланізаваным адгалінаваньнем расійскай.

Пасьля Вэрсальскага замірэньня ў 1918 годзе на нашых землях пачалося змаганьне палякаў з бальшавікамі. Вельмі частая зьмена ўлады не спрыяла адукацыі.

Ніжэй мы зьмяшчаем сьведчаньне удзельнікаў тых падзей.

Першы зь іх школьный інструктар Баранавіцкага павету Сьцяпан Шыманскі [н. 2.10.1896 г.Бярэсьце - ?], які працаваў настаўнікам у в. Высока Ліпа. Таксама ён заклаў беларускі тэатральны гурток у фальварку шляхціча Будлеўскага. Па некаторых зьвестках быў арыштаваны палякамі ў пачатку 1920 г. за беларускую справу, далейшы лёс яго невядомы.

Тэкст падаецца на правапісе арыгіналу.

У Беларускі Нацыянальны Камітэт

(аддзел арганізацыйны)

Школьнага Інструктара Баранавіцкага

павета Сьцяпана Шыманскага.

Даклад

Гэтым мею гонар данесьці Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту а сваёй працы ў Баранавіцкім павеце з 1.10.1919 па 8.01.1920 г.

Школьная праца ў гэтым павеце, як у адчыненьні беларускіх школ, да 5.12.1919 г. шла надта добра, бо за гэтый перыод часу было адчынено да 100 беларускіх школ, а ў апошні час праца ў адчыньні школ пала, дзеля таго, што польская ўлада, як школьны інспектар, Начальнік 3-га рэвізу і інш. сталі перашкаджаць мне ў маёй працы і замінаць таго, каб адчыніць беларуску. Школу згодна з пастановай сялян, і замест таго, каб затвердиць тых настаўнікаў, якія просяць жыхары, адчыняюць польскія школы і назначаюць туды сваіх польскіх настаўнікаў, а калі нават і адчыняць у той вёсцы і беларускую школу, то знову не назначаюць туды настаўніцу, якую просяць сяляне, а сваю, якая, ведома, што полька або паходзіць з Польшчы, і яна праз кароткі час зьверне і пераробіць тую школу па якім небудзь прычынам на російско-польскую, а потым і зусім на польскую школу, а селяне, даведаўшысь, што вучаць не па-расійскі і па-польскі, а толькі па-польскі, зусім перастануць пасылаць дзяцей у школу. Змагацца з гэтым прыходзіцца мне на кожным шагу, і ўсе сяляне згодны са мною і просяць, каб адчыніць юеларускую школу, но помачы ім мне надта трудна, бо за мной польская ўлада не лічыцца або зусім мала.

Меня ж польская ўлада лічыць не як інструктарам беларускіх школ, а як агітатара, бальшавіком і інш.

Многа, многа было чаго сказаць, далажыць Радзе, но ў мяне не хопіт сілы ўсяго высказаць без слёз.

Няхай жыве Наша Незалежная Бацькаўшчына!

10.1.1920 г.

Школьны інструктар Баранавіцкага

павету Сьцяпан Шыманскі

У Менскую Беларускую Школьную Раду школьнага інструктара Баранавікага павету Сьцяпана Шыманскага

Данясеньне

Гэтым маю гонар данесьці Радзе а сваёй працы ў павеце з 1.1. па 15.2.1920 году.

Беларускія школы ў Баранавіцкім павеце больш не адчыняліся, іх ёсьць у павеце 37, а расейскіх 67 і польскіх 35 школ. Пры гэтым маю гонар дабавіць, што ў гэтых расейскіх школах дзецям па іх жаданьню выкладаецца тыднёва і беларуская мова (чытаньне, пісаньне і г.д.) і... толькі патаму, што настаўнікі гэтых школ ужо ніякай дапамогі ад Улады не адтрымліваюць, а только ад саміх жыхароў. Многа яшчэ можна было б адчыніць у павеце беларускіх школ, бо ўсе сяляне надта жадалі і жадаюць мець родную школу ў сваёй вёсцы, но што зробіш, што і просьбы былі не чутны і не цікавы тым, хто павінен быў іх чуць. Як цяжка на сэрцы мне слухаць жальбу бедных сялян, дзеці каторых засталіся ўжо 5 год без навукі, але памагчы ім усім я не змог, хаця за кожную, якую адчыніў школу, прыходзіцца змагацца як толькі магчыма было, чуючы нераз грозныя словы: "будзеце арыштаваны, калі хаця-б адно слова будзе сказана а школе". На просьбы сялян пазволіць адчыніць своекоштавую школу была адмова: пачакайце, прыедзьце на тым тыдні, а пасьля новага году адмома ўсім адна: "ужо позна", больш школы не адчыняюцца. Якое на гэта аснаваньне ёсьць у ім і гдзе праўда, трудна разабрацца і сказаць...

17.2.1920 г.

Вёска Высока-Ліпа.

Школьны інструктар

Сьцяпан Шыманскі



Янушэнка Тодар (?-?), інструктар Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК) у Навагарадскім і Баранавіцкіх паветах, паручнік 1-га Слуцкага беларускага палка, актыўны ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года - паручнік, начальнік контрвыведкі 1-й Слуцкай брыгады.

У Беларускі Нацыянальны Камітэт

Інструктара Тодара Янушэнкі



Даклад аб нацыянальнай справе ў Баранавіцкім і Навагруцкім паветах

Адтрымаўшы пасьведчаньне на нацыянальна-арганізацыйную працу, я выехаў з Менску. Мэту паездкі маёй былі Баранавічы, адкуль я пачаў сваю працу. 3-га Лютага г.г. я ўжо быў у Баранавічах і ў першую чаргу па прыездзе пачаў знаёміцца з мясцовай інтэлігенцыяй, якой у Баранавічах ёсьць досыць шмат яўляючай з вучыцялёў, чыгуншчыкаў і інш. З гэтай мэтай прышлося пабываць у прыватнай гімназіі, навука ў якой выкладаецца на расейскай мове. Пры гутарцы з вучыцелямі гімназіі я зразумеў, што Баранавіцкая інтэлігенцыя даўно ўжо цікавіцца беларускімі справамі, але працаваць у гэтым напрамку ніхто ня браўся, дзеля кепскай сьвядомасьці аб беларускім руху, што ж датычыцца да беларускіх газэт, то іх у Баранавічах да майго прыезду ніхто ня бачыў. Усебочна выявіўшы становішчо інтэлігенцыі і яе адносіны да спраў адраджэньня Беларусі 6-га Лютага зьвярнуўся да павятовага старасты, але самага старасты ня было, быў яго замясьціцель п. Кірскоўскі, які хутка прыняў мяне, і разам з ім мы павялі гутаркі аб беларускіх справах. Перашкод маёй працы п. Кірскоўскі мне ня чыніў, даў дазваленьне на скліканьне сходу ў м. Баранавічах, а так сама і па другіх мейсцох Баранавіцкага павету. Вярнуўшыся ад п. Старасты, у гэты жа дзень напісаў абвесткі аб тым, што 8-га Лютага ў м. Баранавічах адбудзецца сход грамадзян м. Баранавіч і ваколіц спагадаючых беларускаму руху і адраджэньню Беларусі - праграму сходу я назначыў вось гэдакую: 1) кароткі нарыс гісторыі Беларусі і беларускага руху апошніх дзён, 2) аб справах школьных і адчыненьня беларускіх школ і 3)выбары ў Беларускую Павятовую Раду. Па зацьвярджаньні гэтай абвесткі павятовым старастам, яна была расклеяна па ўсіх вуглох м. Баранавіч. Нездавальняяся гэным, зьвярнуўся да мейсцовага сьвяшчэньніка з просьбай агалосіць абвестку ў цэркві з амбоны ў нядзелю, што ім і было зроблена бэз перашкодна. Дзякуючы ўсяму гэтаму, на сход зьявілася шмат грамадзян. Усе яны былі вельмі зацікаўлены тым, што пачулі ад мяне пра гісторыю Беларусі і беларускі рух. Шмат грамадзян са шчырай падзякай зьвярталіся да мяне, і я бачыў, што мая мова ня была дарэмна, промень надзеі нацыянальнага пачуцьця заблішчэў у вачох многіх грамадзян. Пасьля ўсебочнай інфармацыі, якую я зрабіў сходу па нацыянальным і школьным справам, пачаліся выбары павятовай Рады, і аднагалосна ў склад гэтай Рады сходам былі адобраны 11 асоб - членамі Рады, ды 5 кандыдатаў да іх, якія ў сваю чаргу абабралі Прэзідыум. Пасьля ўсяго гэтага сход быў абвешчан зачыненым. На другі дзень пасьля сходу разам з Прэзідыумам Павятовай Рады я даведаўся, да Павятовага Старасты з просьбай аб зацьвярджэньні абабраных у члены Рады асоб на іх пасадах, што Старастам і было зроблена ў гэты-жа час. Зьвярнуўшыся ад Павятовага Старасты, адразу зрабіў паседжаньне Павятовай Рады, на якім зазначыў мэту працы і напрамак, па якому Рада павінна ісьці дзеля пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці сярод сялян і грамадзян Баранавіцкага абшару, - я выехаў у мястэчка Сталавічы. Тут мне здарылася спаткацца з Войтам гміны і яшчэ неколькімі грамадзянамі, цікавяшчыміся беларускім рухам, зь якімі меў гутарку аб жыцьці сялян і іх адносін да спраў адраджэньня Беларусі, настрой сялян да гэтай справы сказаўся надта добры, і тут яны пажадалі арганізаваць у сябе беларускі гурток. Аставіўшы ім некалькі кніжак і газэт, я паехаў далей. Вось на маім шляху спатыкаецца вёска Торчыцы, вокала --куды ня зірнець вока, бачыш зруйнаванае вайной мейсцо. Усё поля парыта пад акопы, на выганах у палёх расьце бур'ян, цяпер буры, ды бярозка. На цэлыя соткі сажон у шырыну цягнецца калючы дрот, абвіваючый, як зьмея, узгоркі. У блізу вёскі, калісь быў двор, але цяпер ад яго застаўся толькі вялізарны сад, будоўлі ніякай няма. Так сама і вёска зруйнавана дашчэнту. Пабудаваны ў цяперашні час толькі 4 хаты, а астатнія сяляне жывуць у нямецкіх вакопах. Пустынна і дзіка навокал. Страшэнная небяспека пануе ў кожнай хаце, у кожным вакопе. Няма хлеба, няма бульбы. Жывуць і кормяцца толькі жабранінай. Дапамогі ніадкуль ня маюць. На 40 гаспадароў маюць усяго 13 коней і 10 кароў, і вось калісь-то добрыя гаспадары цяпер зрабіліся жабракамі, але гэта рамясло дае малы здабытак і ўся вёска пухне з голаду. Тут трэба неадкладная помач, трэба ўсім зьвярнуць увагуна тое гаротнае жыцьцё, у якім апынуліся сяляне вёскі франтавой паласы, падобнай Торчыцам. Бэз рэальнай помачы шмат людзей загіне-прападзе і ніколі не адбудуець як трэба сваю гаспадарку. З цяжарам на сэрцы паехаў далей. Прамінулі нямецкія і расейскія акопы, усюды як вымярло - дзіка, няпрыветна. Навокала бачыш дрот, толькі дрот і дрот, ды разароныя вёскі, пачынаючыя патроху адраджацца. Цераз неколькі вёрстаў дабраўся да вялізарнай вёскі Вольно, паласа франтавая засталася недзе назадзе, і тут ужо здарылася ўбачыць саўсім другое. Сяляне жывуць у добрым здабытку, голада і холлада ня бачуць. Ёсьць дзьве школы, жаноцкая і мужчынская, на расейскай мове. Зьвяртаюся да настаўніц і пытаю, чаму ў вас школы адчынены расейскія, нашто атрымаў адказ ад настаўніц аб тым, што яны ў восень ня ведалі пра школы беларускія, а польскія не хацелі сяляне. Паслаў за старастай, і ён у хуткім часе прыйшоў і, параіўшы разам з ім і настаўніцамі, рашано было склікаць сход і зрабіць пастанову аб адчыненьні замест расейскіх - беларускія школы. Пабыўшы ў Баранавіцкім павеце ў вёсках Задорье, Судары, Паланэчка, Больш, Жухавічы і Церыбостынь, раздаўшы паўсюду беларускія газэты і кніжкі, я паехаў далей і апынуўся ўжо ў Наваградку....

Тодар Янушэнка

Спадчына 6.1994.; с. 69-71, 87; Беларуская справа падчас польскай акупацыў 1919-1920 гг.

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar