Главное меню
Баранавіцкая турма "Крывое Кола" у 1940г.
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1369
Лявон Юрэвіч "Жыцьцё пад агнём" /партрэт беларускага ваеначальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі/ Спэцвыпуск часопіса ARCHE, Менск, 1999

Забраны ў польскае войска дзевятнаццацігадовы Барыс Рагуля (пляменьнік Васіля Рагулі) трапляе на пачатку 2-й Сусьветнай Вайны ў нямецкі палон. Ладзіць уцёкі, яго ловяць. Другім разам зьбегчы ўдаецца. Летам 1940 году з сябруком пераходзіць нямецка-савецкую мяжу, каб вярнуца на радзіму ў, як ён думае, беларускую дзяржаву, марачы паступіць у мэдыцынскі ўнівэрсытэт. Аднак ня пасьпявае па тэрмінах падаць дакуманты. Пачынае працаваць настаўнікам нямецкай мовы у Любчы ў школе. Вядзе дадаткова фізкультурныя заняткі. Расчароўваецца ў савецкай ўладзе, бо бачыць русыфікацыю й задушэньне вальнадумства. 20 студзеня 1941 году яго арыштоўваюць. Суткі ён праводзіць у баранавіцкай турме "Крывое кола". Пра мэтады, якімі карысталіся тутака чытайце ніжэй...

...Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым - у астрог у Баранавічах. Шнуркі і папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, мэдальён ваенапалоннага і ўсе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэмэнтамі, які выносілі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца.

Было недзе 5 гадзін вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нечага кшталту вадкага ячнага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла бы агнём, але піць не было чаго. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі прыйде на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названа маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхнія загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым - там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта ўтульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра НКВД. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё іия, імя маёй маці, чым яна займаецца і ўсё пра маю сам'ю. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў вады. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мой мэдальён. Маёр паглядзнў на мяне й сказаў, што хаця ён не мусіць называць "таварышам" чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне "таварышам". Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам наперад, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў.

Пасьля гадзінаў дзьвух допытаў маёр пакінуў мяне і ўвайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэта неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й нхацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадскую адміністрацыю, атрымаў дакуманты й зьбіраўся паступаць ва ўнівэрсытэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гісторыю пра тое, як стаўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэта заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбэнтропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэта як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У проце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэтым крэсьле. Я папрасіў дазволу прайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здранцьвела ад пастаяннага сядзеньня.

Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да тагож я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэты кат назваў мяне "Барысом Дзьмітрычам" , што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне , то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контрарэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаў, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзяцькоў Васіля (Рагулю) й Чатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў ашаломлены і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос - гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць ляяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюзу й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у сваёй сям'і. Вочы ў гэтага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне,што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, - гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюзу ніжэй за сваю годнасьць. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюзу, бо данёс на сваіх бацькоў-контрарэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Следчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.

Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы следчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піцьгэтаксама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута - глядзець на некага, хто п'е ваду. У мяне язык прысох да паднябеньня, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Следчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне пабацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэтае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што йне зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Я адказаў, што гэта была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго.(У першай жа хаце, на мяжы, куды Б.Рагуля й яго сябар пагрукалі, сялянін не адчыніў дзьверы, абазваў іх дурнямі й прапанаваў вярнуцца назад у Польшчу й прыйсьці сюды зь немцамі, каб вызваліць народ ад савецкага ярма.).Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я схлусіў, што Косьцік прынёс мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я недастаткова шчыры зь ім, у адрозьненьні ад Косьціка. Я на гэта заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянту падзеяў, бо калі я пачну мяняцьусё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.

Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудавауь школу (беларускую за палякамі). Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Васіля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.

Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчы мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў мне цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гебіст ня даў мне дазволу. Следчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці самому сабе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэта было так, быццам бы ў маёй галаве круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміўім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контрарэвалюцыянэр, які адмаўляецца служыць на карысьць Савецкага Саюзу. Падумаць толькі, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыяту, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўступаць у калгасы, прафэсараў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгублены, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэта ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў руку і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэта ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калія ачуняў, то заўважыў, што гэты сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.

Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчы. Нарэшце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камэры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбру, напоўненага фэкаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вычыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысом Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і прапанаваў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца сяляніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюзу, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.

Я паспрабаваў заснуць на саломе....

...Я здолеў заснуць, але ноччу адчыніліся дзьверы й было названа маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзела два жаўнеры й адзін зьняволены.

Гэтай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск - сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі...

У Менску на допытах, яму далі прачытаць адзін ліст. ...Я пачаў чытаць і проста не верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэтага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадываў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю, і што мой брат Вячаслаў добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькаў Васіля й Чатыркі, якія, нібыта, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградку. Акрамя гэтага, ямусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюзу. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я сказаў старому было праўдай, але ўсё астатняе - плён хворага ўяўленьня!...

У Менску Барыс Рагуля быў асуджаны да растрэлу. Выратаваў яго пачатак вайны зь немцамі. Пад час бамбёжкі, ён здоляў перабегчы з калёны сьмертнікаў да бытавікоў, якіх пад Чэрвеням супрацоўнікі НКВД распусьцілі.

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar