Главное меню
На віпіўцы
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1129
На віпіўцы

Закончыўшы каля гадзіны 7-й вечарам апэрацыю ў шпіталі, др.Наумік кажа да мяне:

- Можа цяпер пойдзем і абсадзім Баўдзея?

- А што-ж ён благога зрабіў? - пытаюся я.

- Бо ён, бачыш, сьвінабой, варочае ўсімі Баранавічамі, чэшацца каля інтэлігенцыі, а пра нас забыўся!

- Значыцца дасужы ты лаўкач! - кажу я. - Гэткіх нам, Беларусам, і трэба!

- Але не замнога, - бурчыць Наумік. - Не філязафуй таксама зашмат, а пайшлі!

Баўдзей спачатку быў падручным хлапцом у мясьніка Баранцэвіча. Пасьля, перад вайною, гандзяваў сам сьвіньнямі на вялікую скалю. Цяпер ён дастаўляў Немцам рагатую жывёлу, сьвіней, меў сваю сталоўку, зь ведама нямецкіх уладаў кіраваў былой Баранавіцкай мясьніцай, займаўся таксама сьпекуляцыяй золатам ды рознымі таварамі. У Баранавічах ён у запраўднасьці быў харчовым "босам" і Немцаў, і беларускай "эліты".

Мы пастукалі ў дзьверы. Баўдзей адчыніў, з усьмешкай на твары вітаў:

- Калі ласка, калі ласка! Гэткія нябывалыя госьці! Заходзьце!

Мы ўвайшлі ў хату. Наумік, зрабіўшы задзёрыстую міну, падхапіў вітальныя словы гаспадара:

- Пэўна, што нябывалыя госьці: вось маеш гонар гасьціць у сябе доктара мэдыцыны Науміка, найбольшага хірурга ад Варшавы да Менску, кіраўніка гарадскога шміталя ў Баранавічах, вучня слаўнага прафэсара Міхэйды... - казаў ён вясёла, стукаючы рукой сабе ў грудзі.

- Добрага знатака добрых напіткаў! - дакінуў я збоку. Наумік аднак-жа ня зьбіўся з панталыку, ды, паказваючы рукой на мяне, казаў:

- А гэта вось мой заступнік, Дырэктар Мэдычнай Школы ў Баранавічах, Дырэктар Гінэкалягічнага й Радзільнага Аддзелаў, др. Малецкі!

- Вельмі, вельмі прыемна, - перапыніў Баўдзей. - Сядайце за стол, можа што знойдзеца добрага! - ды пачаў пераглядаць у буфэце бутэлькі.

- Можа французкага каньячку? - пытаецца.

- Хай будзе й каньячок! - згаджаецца Наумік. - Думаю, што вы нас як трэба пачастуеце! - дадае.

- А як-жа накш! Я, хоць ня маю школы, але служу ўсім знатным людзям.

- Можна быць знатным і без школы! - падбадзёрваю гаспадара.

- Нейк даём сабе рады й добрым людзям памагаем, - не адставаў у словах і Баўдзей, наліваючы чаркі.

- Дык за здароўе гасьцей! - узьняў ён тост.

- За здароўе гаспадара!

П'ём, жартеум на бягучыя тэмы, закусваем добрымі вяндлінамі. Раптам др. Наумік у тон жарту расхадзіўся:

- Ты, брат, - кажа да гаспадара, - Паляшук. А Паляшукі як чарадзеі, займаюцца падманам. Ставіць самагонку, а кажа, што прывазны напітак!

- Ды запраўды прывазны, французкі! - сьмяецца Баўдзей.

- Прывазны, ці тутэйшы, ня будзем таргавацца, - рагоча й Наумік. - Ведаеш, што Беларус словам ня верыць, мусіць пашчупаць сваімі рукамі. Ды выбачай, я гэткі Беларус. Дазволь пашчупаць тваю там батарэю!

Калі ласка, калі ласка! Паляшукі-ж кажуць: госьць у хате на куце, гаспадар на самым хвосьце! - сьмяецца Баўдзей.

І Наумік стаў пераглядаць бутэлькі ў буфеце, а знайшоўшы бэнэдыктына, баёва паставіў на стол, прыгаворваючы:

- Вось дзе слаўны напітак. Выдумалі яго на хвалу Божую слугі Божыя бэнэдыктынцы. Спрабуйце, і калі ня так - ганеце мяне з хаты!

Мы перакулілі чаркі з напіткам. Прыемнай гарачынёй разыходзіўся ён па нутры. Гаспадар хацеў тут нешта сказаць, ды нехта затукаў якраз у дзьверы. Ён зачыніў хутка буфет ды пайшоў да дзьвярэй.

- А... Біттэ, біттэ гэрайн! (Калі ласка, калі ласка - заходзьце!) - запрошваў.

- Энтшульдігэн зібіттэ, дас вір зінд зо шпэйт! (Выбачайце, што мы гэтак позна!) - чуваць было ў вадказ, і ў хату ўвайшлі два, у зялёных мундзірах СС, Немцы.

- Галь Гітлер! - дружна, пабачыўшы нас, яны крыкнулі ды ўзьнялі рукі. Мы ўсталі, гэтаксама ўзьнялі рукі, сказалі "Галь!".

Баўдзей прадставіў нас Немцам як сваіх добрых знаёмых. Выявілася, што афіцэр СС называеца Дадышэк, другі-ж падафіцэр, - Ёзэф. Я ўжо ведаў, што першы, гэта заступнік кіраўніка баранавіцкага СД, а другі - студэнт палітэхнікі ў Вюрцбургу, служыў цяпер у СД. Баўдзей падкінуў хутка больш закускі ды выпіўкі. Мы цяпер разам пілі, закусвалі, жартавалі. Гаварылі панямецку.

Дадышэк, чэскага паходжаньня, быў сярэдняга росту, хударлявы, малады, стройны, аднак выглядаў стомлена. Ён запытаўся ў Баўдзея:

- Ці вашая жонка даехала шчасьліва да Варшавы?

- Даехаць то яна даехала, - адказаў Баўдзей, - але нажаль мела вялікія няпрыемнасьці.

- Якія?

- У дарозе пашкодзіла фартэпіяна, але гэта яшчэ нічога. Ды ў Варшаве, на вуліцы перад кватэрай, тамтэйшыя тарбахваты выхапілі ў яе сумку з усімі каштоўнасьцямі ды дакумантамі. Найгоршае, што яна цяпер засталася там без дакумантаў, а самі ведаеце: у Польшчы зловяць без дакумэнтаў - вялікая бяда! Дык я прасіў-бы ласкава выставіць ёй другія дакуманты.

- Добра, мы гэта зробім, - адказаў Дадышэк. Ведама, у Варшаве шмат крыміналістаў, але ў Югаславіі, дзе я нядаўна быў, іх яшчэ болей, - казаў ён супакойваючы. - З Палякамі мы хутчэй справімся. А вось тут у Беларусі дык чуемся й зусім як у сабе дома!

- Дык вып'ем, перш за нашую беларускую спакойную нацыю, - перабіў Наумік, - а другая чарка за матарыяльную крыўду спадарыні Баўдзей!

- Ха, ха, ха! - зарагаталі ўсе.

Далейшыя чаркі пайшлі за нямецкую армію, за яе перамогу пад Віцебскам, ля Растова, у Афрыцы.

Варочаліся мы дамоў каля 10 гадзін вечара. Ад Дадышка я шмат што даведаўся пра падзеі ў Югаславіі, дзе ён быў перад прыездам у Беларусь, аб ягоных сымпатыях да Беларусаў, аб задаваленьні Немцаў у Баранавічах з супрацоўніцтва зь Беларусамі, ды аб тым, што "фюрэр" спадзяецца на "ное ваффэ" (новуюзброю) - ядраную зрбою - ды іншае.

Язэп Малецкі " Пад знакам Пагоні", выдавецтва "Пагоня", Таронта, 1976 год.

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar