Главное меню
Выбары ў польскі Сэнат й Беларускі зьезд у Баранавічах 1922г.
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1046

 

Выбары ў польскі Сэнат й Беларускі зьезд у Баранавічах 1922г.

1922 год, калі Баранавічы знаходзіліся ў складзе панскай Польшчы.Тады беларусы спрабавалі бараніць свае правы вылучаючы сваіх прадстаўнікоў у Польскі Сойм і Сэнат.

У перадвыбарчы час мітынгі можна было склікаць нават пад адкрытым небам. Дастаткова было за 24 гадзіны да пачатку акцыі паведаміць аб ёй у паліцэйскі пастарунак. Кіраўнік мітынгу адказваў за парадак і павінен быў даваць слова кожнаму, хто гэтага хацеў. Не дазвалялася толькі гаварыць супраць польскай дзяржаўнасьці.

Партый было 30. Кожнай быў выдадзены нумар. На тэрэторыі Заходняй Беларусі вылучаліся: №1 - Народная Дэмакратыя, №2 - Польская Партыя Сацыялістаў, №3 - Польская партыя "Wyzwolenie", №5 - Камуністы, №16 - Блёк Нацыянальныя меншасьці, №22 - Дзяржаўнае Аб'яднаньне на Крэсах.

Беларусы ішлі разам з украінцамі й габрэямі ў №16

Галоўнымі канкурэнтамі па Баранавіцкаму й Наваградскаму краю былі №3 і № 16, на Піншчыне №2 і №16.

Ніжэй мы друкуем вытрымкі з"Успамінаў" Васіля Рагулі, беларускага патрыёта, ды настаўніка чыгуначнай 4-х класавай школы, які здоляў у 1922г. перамагчы сваіх канкурэнтаў і стаць беларускім паслом польскага сэйму ад Наваградчыны. А ў 1928 г. - сэнатарам. Пасьля роспуску сэнату - за свае беларускія погляды пасаджаны польскімі ўладамі на 2 гады ў турму. Пасьля прыходу Чырвонай арміі нейкі час працаваў настаўнікам, а 20 чэрвеня 1941г. зноў арыштаваны. Здоляў уцячы з Менскай турмы, калі палітычных вялі на растрэл, пад час налёту нямецкіх самалётаў. Жыў на сваёй гаспадарцы ў Любчы. Пасьля вяртаньня Савецкіх войскаў вырашыў больш не рызыкаваць сваім жыццём, зьехаў у Бельгію, памёр у 1965 годзе ў Нью Ёрку.

У Баранавічах восеньню 1922г. адбываўся зьезд дэлегатаў некалькіх акругаў...



Памятаю дажджысты вечар канца жнівеня ці пачатку верасьня 1922 году. Прыехаўшы з поля, я вячэраў. Кроплі дажджу цабанілі па шыбах. Я пачуў ледзь чутны стук у вакно. Выйшаўшы на ганак, я сутыкнуўся ў поцемках са сваім аднавяскоўцам Тамашом Уласэвічам, які, увайшоўшы за мною ў кухню, палахліва, паўшэптам, сказаў:

- Цімафеевіч, відаць, прыйдуць расейцы.

- Чаму?

- Сяньня на рынку гаварыў прамоўца!

- Што-ж ён казаў?

- Казаў, што беларусам цяжка жыць, што ў нас дрэнныя парадкі, няма школаў, што настаўнікамі працуюць ксянзоўскія кухаркі і шмат чаго іншага.

Я яму растлумачыў, што гэта пачалася выбарчаю кампанія. Як выявілася гаварыў кандыдат у паслы ад партыі "Wyzwolenie" - Шакун. Пасьля нейкі Кінчук - украінец, па асабістых запросінах сабраў сход у воласьці і агітаваў галасаваць за ліст №22. Мы ўсе былі запалоханыя, і ніхто не адважыўся забраць голас. Я таксама пабойваўся, каб ня была пастаўлена на нас пастка. Усе маўчалі і глядзелі у мой бок. Урэшце, перамогшы нутраны страх, я вельмі асьцярожны спосаб выказаў думку, што цяпер мы ня зможам сказаць, за каго мы будзем галасаваць, таму што ня ведаем ані партыі, ані паасобных выдатных асобаў, за якіх нас просяць галасаваць. На гэтым сход скончыўся. Ля выхаду Кінчук падышоў да мяне і сказаў: "Пане Рагуля, вы будзеце выбраны на пасла".

Мінула некалькі дзён. Усюды ціха, ніякае агітацыі. Нарэшце, у адзін вераснёвы дзень, калі я ссыпаў у пограб бульбу, прыехаў да мяне настаўнік нашага мястэчка (Любчы) Л. Буйвал і запрапанаваў мне ехаць у суседняе мястэчка Нягневічы на канфэрэнцыю чатырох воласьцяў : Шчарсоўскай, Нягнявіцкай, Любчанскай і Гарадэчанскай. На канфэрэнцыі мелася вырашыцца пытаньне выбару дэлегата на беларускі зьезд у Баранавічах. Я шчыра адмаўляўся матывуючы адсутнасьцю часу. Тады Буйвал сказаў: "Ніхто ня можа паехаць апрача цябе. Ты ня маеш маральнага права адмовіцца". Сусед П.Кайдак, таксама настаўнік, настойліва прасіў ехаць і абяцаў, што ён з сястрою і братам памогуць капаць бульбу. Я згадзіўся. Грошы на падарожжа ў Нягневічы, а пасьля ў Баранавічы і назад, даў мне старшыня каапэрацыі ў Любчы, настаўнік Гірыс.

Канфэрэнцыя ў Нягневічах адбылася ў памяшканьні А. Орсы, пры дзейным удзеле студэнта Амельяновіча, які пасьля стаўся рэдактарам беларускай выбарчай газэты "Будучыны" ці "Бацькаўшчына", я добра ня памятую. Прапанову ехаць у Баранавічы ў якасьці дэлегата я адхіліў; я сказаў тое, што думаў: " Я - русафіл і, можа, на гэта не надаюся. Вам, магчыма, патрэбны палянафіл?" Мне адказалі: "На гэта нам такога і трэба, як вы". У той час я сапраўды стаяў на пункце гледжаньня фэдэрацыі з Расеяй, адхіляючы ідэю незалежнасьці, як падсунутую, паводля майго тагачаснага перакананьня, палякамі.

У жаўнерскай шапцы і шынялі, у скураных лапцёх я і зьявіўся на зьезд. Некаторыя гавораць і сёньня, што гэта была дэмагагічная дэкарацыя. Я сам саромеўся гэтага абутку; выступаючы на мітынгах, стоячы на сялянскім возе, я хаваў лапці ў гарохавіньні. Я мушу сьцьвердзіць, што гэта ня быў маскарад, а скрайняя неабходнасьць, таму што мая зямля нічога яшчэ не давала, бо ляжала дзірваном (Рагуля служыў у войску на 1-й сусьветнай, ды ў 1921 годзе зьбег з Чырвонай Арміі да сям'і ў Зах.Беларусь).

Зьезд адчыніўся ў пажарным дэпо ў Баранавічах. Зьехаліся дэлегаты ад усіх пяці паветаў акругі: Наваградскага, Слонімскага, Стаўпецкага, Нясьвіжскага і Баранавіцкага. Усіх дэлегатаў было каля 40: настаўнікі, фэльчары і простыя сяляне. Адразу выявіліся дзьве плыні: за Блёк Нацыянальных меншасьцяў і другая, за "Дзяржаўнае Аб'яднаньне на Крэсах". Першую рэпрэзынтаваў сябра Віленскага Цэнтральнага Камітэту - М. Кахановіч, а другую - ведамы "генерал" Булак-Булаховіч, "доктар" што ня скончыў Вайсковай Мэдыцынскай акадэміі - Паўлюкевіч і нейкі інжынер, ні паляк, ні беларус, ён аднак, выдатна гаварыў пабеларуску.

Спрэчкі прынялі адраху самую бурлівую форму. Прыхільнікі Блёку выказваліся вельмі асьцярожна. Іх праціўнікі-ж пачалі з высокіх нотаў. Каб даць дыскусіі спакайнейшы ход, я запрапанаваў, каб з кожнай групы выказаліся трох за Блёк і трох за "Дзяржаўнае Аб'яднаньне на Крэсах". Запісаліся ад блёку Кахановіч і настаўнік Наваградскай беларускай Гімназыі - Цеханоўскі. Трэцяга ня было. Пасьля некаторага хістаньня запісаўся і я. З процілеглага боку запісаліся: Булак-Булаховіч, Паўлюкевіч і інжынер. Першыя гаварылі мы за Блёк у парадку запісу. Калі я скончыў, на месцах нашых праціўнікаў падняўся страшэнны гоман. Пачуліся крыкі: "Бальшавікі! Пастраляць іх!" Булак-Булаховіч і Паўлюкевіч павыцягвалі з кішэняў рэвальверы. На зьезьдзе ўзьнікла паніка. Усе як стада авечак кінуліся на выхад. Толькі на дварэ нам удалося дагаварыцца сабрацца на заўтра, каб скласьці ліст кандыдатаў у дэпутаты. Стараньнямі А.Назарэўскага было знойдзена адпаведнае памяшканьне, дзе і быў складзены праект лісты нашых кандыдатаў: у Сэнат - М. Каханоўскі і доктар Кізевіч; у сойм - Ф.Ярэміч, М. Кахановіч, Ю. Сабалеўскі, настаўнік Шнаркевіч і адзін малады інжынер з Міра (прозьвішча ня памятую). Сваю кандыдатуру я станоўка адхіляў, баючыся, што пры сваім гарачым тэмпераманце я узброю супроць сябе мясцовых палякаў, асабліва асаднікаў, якія маглі-б пры нагодзе мяне застрэліць. Усім было ведама, што украінец, кандыдат у паслы - Твэрдохліб, быў забіты ў сваёй хаце стрэлам праз вакно. Пасьля доўгага ўгаворваньня я ўмоўна згадзіўся, просячы адкласьці гэтае пытаньне да абмеркаваньня ў наваградскім камітэце.

Пасьля я згадзіўся толькі паставіў іншым кандытатам акругі ўмову: "Я прыхільнік ангельскай сыстэмы, дзе кандыдаты ў дэпутаты аб'яджаюць сваю акругу і выступаюць перад выбаршчыкамі з праграмнымі прамовамі. Я люблю цягнуць, але ня люблю падпіраць" .

Пасьля я пачаў праводзіць прадвыбарчыя сходы. Ня маючы сродкаў давялося мне пешкі бегаць на Наваградчыне.

Нашая боязьнь, што сялянства будзе супраць блёку з жыдамі, выявілася безпадстаўнаю. Сяляне глядзелі цьвяроза на гэты саюз, як на скрайную неабходнасьць. На закід аднаго паляка, што беларусы ідуць з жыдамі, адзін беларускі селянін на рынку ў Стаўбцах адказаў: "Паночку, што-ж рабіць? Калі нападзе на мяне кароста, дык каб пазбавіцца яе, мажуся дзёгцем і лезу ў печ".

Маі сябры па лісьце або палахліва бязьдзеілі, як у Слонімскай і баранавіцкай акругах, або агітавалі без адпаведнай энергіі і запалу, як у Нясьвіжскай. У Піншчыне нашая агітацыя была роўная нулю. Думаю, што гэта было ў выніку страху перад магчымымі пазьнейшымі рэпрэсіямі. Беларуская ніва, пры наяўнасьці добраў глебы і добрага зерня, дала, па-мойму, незадавальняючы ўмалот - 11 паслоў і 3-ох сэнатароў.

У выніку толькі ў Наваградзкай акрузе мы атрымалі з 6-ці - чытыры пасольскія мандаты і адзін сэнацкі. Другія сэнацкія мандаты здабылі на Віліншчыне. Ніводная з рэшты акругаў не дала больш як за 2 мандаты. У Наваградзкай акрузе мы, дзякуючы нашай палітычнай неахайнасьці аддалі 2 мандаты лісьце №3. Паклічуся на наступныя дадзеныя: У Наваградзкую акругу ўваходзілі 5 паветаў - Баранавіцкі, Наваградскі, Слонімскі, Нясьвіжскі і Стаўпецкі. Падалі галасоў за нашу лісту № 16 : У Наваградскім павеце - 24 000 з 29 000 выбаршчыкаў, у Слонімскім і Баранавіцкім - па 3 000, у Нясьвіжскім - 8 000, у Стаўпецкім - каля 4 000. Пінская акруга была цалкам аддадзена польскім партыям. Украінцы прызналі яе беларускай і не агітавалі, а беларусы ня ткнулі туда носа. Без нашай агітацыі сяляне паверылі, што галасуючы за Блёк Нацыянальных меньшасьцяў , яны галасуюць за нямецкіх і жыдоўскіх буржуеў.

Найменш галасоў далі тыя паветы, дзе была слабая агітацыя, як у Слонімскім і Баранавіцкім. Гэтыя паветы, ўключна з Нясьвіжскім, з пераважаючым праваслаўным насельніцтвам, маглі б даць мала меньш галасоў, чым Наваградзкі. Мы лёгка атрымалі-б на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ня меньш 24-х пасольскіх мандатаў. Здабылі-ж толькі 11.

Падрыхтаваў Равяка Руслан


Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar