Главное меню
Змагаўся лістоўкай і песняй…
  • Категория:
  • Автор:
    Литвинович Александр
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1166

Змагаўся лістоўкай і песняй…

Заўтра спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага паэта Валянціна Паўлавіча Таўлая – актыўнага ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я гады. У Баранавічах яго імя носяць цэнтральная гарадская бібліятэка, адна з гарадскіх вуліц і літаратурна-краязнаўчы музей у сярэдняй школе № 4.
 
Нарадзіўся Валянцін Таўлай у Баранавічах. Бацька яго – Павел Дзям’янавіч родам з вёскі Рудаўка, што на Слонімшчыне, часам вымушаны быў мяняць працу хлебароба на прафесію чыгуначніка і наадварот. Таму ў год нара-джэння сына ён з сям’ёй жыў у Баранавічах і працаваў тэлеграфістам на чыгунцы. Валянцін Таўлай нарадзіўся напярэдадні Першай сусветнай вайны (пачалася 1 жніўня 1914 года), таму з ранняга маленства спазнаў на сабе ўсе цяжкасці ваеннага часу. У 1915 годзе, калі ваенныя дзеянні ахапілі тэрыторыю Беларусі, сярод тысячаў беларускіх сем’яў, якія, ратуючыся ад вайны, пакідалі радзіму, была і сям’я Таўлаяў. 
 
Адразу пасля вайны, у 1920 годзе, маленькі Валянцін страціў сваю маці – Марыю Антонаўну. У гэтым жа годзе пасля бясконцых блуканняў Таўлаі вярнуліся з бежанства і пасяліліся ў вёсцы Рудаўка. Тут, на радзіме бацькі, і прай-шло дзяцінства Валянціна. Аб тых гадах пасляваеннай галечы і нішчымніцы Валянцін Таўлай пісаў: «Дзяцінства 
ўспамінаю, як шчаслівае…» Але, на жаль, гэтая шчаслівая пара ў яго жыцці хутка скончылася…
 
Пасля савецка-польскай вайны ў 1919–1920 гадах значная частка беларускіх зямель на захадзе краіны, ці так званая Заходняя Беларусь, адыйшла да Польшчы. Гэта была тая тэрыторыя Беларусі, дзе нарадзіўся і жыў Таўлай. Бацька Валянціна з’яўляўся актыўным удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, членам рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі – Беларускай сялянска-рабочай грамады. Ва ўмовах нацыянальнага ўціску з боку польскіх уладаў у хаце Таўлаяў была адчынена прыватная беларуская школа. З маленства будучага паэта акружалі людзі, якія вялі самаахвярную барацьбу за вызваленне Заходняй Беларусі. Але ж вялікую ролю ў станаўленні Валянціна Таўлая адыграў менавіта яго бацька, аўтарытэтны ў ваколіцы чалавек. Ён наказваў сыну – не чужацца свайго. Як пазней успамінаў паэт: «Значыцца, і я павінен быць беларусам і на кожнае пытанне аб нацыянальнасці называць гэтае імя. Я ўжо ведаў гэта, але прыемна было пачуць ад бацькі такі наказ: гэта як бы бацькоўскі запавет на жыццёвы шлях, каб не крывіць душою». 
 
На пачатку свайго свядомага жыцця Валянцін Таўлай і сапраўды не пакрывіў душою перад бацькавым запаветам, хоць і каштавала гэта вучобы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у якую ён паступіў у 1925 годзе. Як піша сам паэт у аўтабіяграфіі: «За нежаданне пры перапісе адмовіцца ад беларускай нацыянальнасці і запісацца палякам быў пазбаўлены стыпендыі і вымушаны кінуць вучобу». 
 
Наступны перыяд у жыцці маладога Валянціна Таўлая звязаны з Вільняй, з вучобай у 1927–1929 гадах у Віленскай беларускай гімназіі. У 1920-1930-я гады Вільня была палітычным і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі, яе неафіцыйнай сталіцай. Тут працавалі беларускія гімназіі, беларускі музей, навуковыя і культурныя асветніцкія ўстановы, рэдакцыі газет і часопісаў. Аб вучобе ў Віленскай беларускай гімназіі марылі многія хлопцы з Заходняй Беларусі. Дзякуючы добрай падрыхтоўцы Валянцін паспяхова здаў экзамены ў трэці клас гімназіі, атрымаў стыпендыю і інтэрнат. Менавіта ў Вільні ў 1928 годзе ён піша свае першыя, на дзіва сталыя для 14 гадоў, вершы. Упершыню яны былі надрукаваныя ў газеце «Сіла працы». Асновай, на якой узрастала паэзія Валянціна Таўлая, была літаратура Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Асабліва блізкай яму была паэзія Янкі Купалы, які стаў для яго самым любімым паэтам. 
 
1926–1928 гады – перыяд далейшага ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Мітынгі, дэманстрацыі пратэсту – усё гэта праходзіла на вачах юнака, які паступова станавіўся іх актыўным удзельнікам, аказвала вялікі ўплыў на фарміраванне яго як паэта. Разам з сябрамі па гімназіі – Іосіфам Урбановічам, Якубам Міско, братамі Міхаілам і Юркам Тарасюкамі ён удзельнічае ў падполлі, выконвае розныя заданні, рызыкуючы быць схопленым польскай паліцыяй, і прадаўжае пісаць вершы. У 1928 годзе юнак піша сваю першую паэму «Непераможныя», прысвечаную стварэнню і разгрому польскімі ўладамі «Грамады», стотысячнай арганізацыі рэвалюцыйнага сялянства Заходняй Беларусі. З гэтага часу стала зразумелым – у рэвалюцыйнай заходнебеларускай паэзіі з’явіўся новы таленавіты паэт. 
 
У снежні 1929 года за актыўны ўдзел у кіраўніцтве студэнцкай забастоўкай Валянцін Таўлай быў выключаны з гімназіі і пад канвоем дастаўлены ў Рудаўку. І тут, нягледзячы на боль па абарванай вучобе, на небяспеку, Валянцін становіцца актыўным удзельнікам камсамольскага падполля. У канцы 1929 года ён быў другі раз арыштаваны і пасаджаны ў Слонімскую турму, у якой прасядзеў да суда амаль цэлы год. Гэта было першае суровае выпрабаванне ў жыцці Валянціна Таўлая, якое пятнаццацігадовы юнак вырашыў прысвяціць барацьбе дзеля вызвалення Бацькаўшчыны. 
 
Вясной 1930 года Таўлаю пашчасціла прадоўжыць вучобу ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Адначасова над ім навісла пагроза новага арышту і судовай расправы. Тады па рашэнні кампартыі Заходняй Беларусі паэт быў перапраўлены ў БССР. Жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», адначасова вучыўся на вячэрнім курсе газетнага аддзялення літаратурнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта, друкаваў свае творы на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. У «Звязде» Таўлай вельмі хутка здабыў рэпутацыю таленавітага журналіста, пасябраваў з многімі бела-рускімі пісьменнікамі. «Які я шчаслівы!.. Падумаць толькі: пасля астрога я працую у «Звязде»! З кім толькі не сустракаюся! І з Янкам Купалам, і з Якубам Коласам, і з Міхасём Чаротам!.. Часам мне здаецца, што гэта нейкі казачны сон…» – казаў Валянцін. У 1932 годзе ён быў адкліканы з Мінску і накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Нельга было ўявіць, каб Таўлай з-за нейкай асабістай асцярогі адмовіўся ад небяспечнага даручэння. У гэты час ён працаваў у цэнтральнай рэдакцыі кампартыі Заходняй Беларусі ў Варшаве, затым быў рэдактарам «Беларускай газеты» і яе дадатку – часопіса «Літаратурная старонка», якія выдаваліся ў Вільні.
 
Сем гадоў кароткага жыцця паэта забралі астрогі, якія не дужа спрыялі праяўленню творчага дару. Але цуд! І ў гэтых умовах развіваўся і мацнеў паэтычны талент Таўлая. Горкія подпісы пад многімі вершамі і паэмамі, напісанымі ў астрозе, – «Слонім, астрог», «Гродна, астрог», «Вільня, Лукішкі», «Ліда, турма» – сведчаць аб тым, што для Таўлая «змаганне лістоўкай і песняй стала справай вырашанай». Ён верыў, што рэвалюцыйная паэзія можа падштурхнуць людзей да барацьбы за вызваленне.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь урэшце была вызвалена ад улады Польшчы. Аб гэтым Валянцін Таўлай даведаўся, калі знаходзіўся ў засценках Гродзенскай турмы. Вырваўшыся з гродзенскага астрога, ён едзе ў Ліду, дзе ў гэты час была ўся яго сям’я. Радасць доўгачаканай свабоды, сустрэча з роднымі, любімая праца ў рэдакцыі Лідскай раённай газеты, падрыхтоўка для выдання зборніка вершаў, сустрэча з Янкам Купалам – самыя светлыя старонкі ў жыцці паэта напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. 
 
Вайна застала Валянціна Таўлая з сям’ёй у Лі-дзе. Як амаль усе жыхары Беларусі,  эвакуіравацца ён не паспеў. Ва ўмовах фашысцкай акупацыі разам з жонкай Лі-дзіяй Сяргееўнай стаў арганізатарам антыфашысцкага падполля на Навагрудчыне. З мая 1942 года Таўлай – сувязны партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага, з 1944 года ў скла­дзе спецгрупы «Буравеснік» быў кіраўніком навагрудскай агентурнай сеткі. І пісаў вершы, якія заклікалі да сама-ахвярнай барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Трагічная старонка ў жыцці Таўлая таго часу, калі ён сам і яго родныя трапілі ў фашысцкую турму ў Лідзе. І толькі дзякуючы неймаверным намаганням сяброў па падполлі на Лідчыне і Навагрудчыне, паэта ўдалося вырваць па сутнасці з лапаў смерці. Але там, за кратамі, застаўся яго бацька з мачахай, якіх неўзабаве вывезлі на знішчэнне ў Асвенцым. Гэтая трагедыя засталася ў сэрцы Валянціна Таўлая незагойнай ранай на ўсё жыццё. Самаму блізкаму па крыві і духу чалавеку – свайму бацьку – ён прысвяціў напісанныя ў той час тры вершы – «Бацькава пісьмо», «Мой спознены адказ бацьку», «Бацьку». 
 
Пасля вызвалення Беларусі Валянцін Таўлай змог урэшце займацца любімай справай – журналістыкай і паэзіяй. З лета 1944 года працаваў адказным сакратаром Навагрудскай раённай газеты «Звязда». З 1945 па 1947 год Таўлай працаваў у Літаратурным музеі Янкі Купалы старшым навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара. Правёўшы маладосць у падполлі і турмах, ён мала друкаваўся: вельмі патрабавальны да сябе, не мог аддаваць у друк творы недапрацаваныя. Прызнанне да паэта прыйшло толькі пасля смерці. У 1947 годзе выйшаў першы зборнік яго вершаў – «Выбранае». Але, на жаль, гэтаму яркаму, таленавітаму, мужнаму чалавеку лёс наканаваў усяго 33 гады жыцця. Памёр Валянцін Таўлай 27 красавіка 1947 года. Сёння аб яго паэзіі гавораць як аб сапраўдным укладзе ў беларускую літаратуру. Валянцін Таўлай вельмі любіў сваю Бацькаўшчыну – Беларусь, для яе ён жыў і пісаў вершы.
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar