Главное меню
Экслібрыс яго жыцця
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1202

Экслібрыс яго жыццяЭкслібрыс — для многіх слова незнаёмае, ледзь не экзатычнае. Ну хто, скажыце, калі ласка, сёння адзначае кнігі ў асабістай бібліятэцы спецыяльным мастацкім знакам, выкананым у графіцы? Хто зараз увогуле збірае такія бібліятэкі? Хто замаўляе экслібрыс з гербам або эмблемай прафесіяналу-мастаку? Акцёры, пісьменнікі, скульптары, мецэнаты... Ці шмат іх сярод нас? Адзінкі! Магчыма, менавіта таму збіральнікаў экслібрысаў яшчэ менш. У Беларусі для таго, каб злічыць аматараў і знаўцаў кніжных знакаў, хопіць пальцаў дзвюх рук. Ганаруся, што аднаго з гэтых людзей ведаю асабіста з дзяцінства — Валерыя Палікарпава, майго земляка, жыхара Баранавіч.— Валерый Канстанцінавіч, збіральніцтва экслібрысаў банальным не назавеш. Адкуль такое хобі?— Ну, гэта захапленне не галоўнае, першасная ўсё ж такі кніга, стварэнне асабістай бібліятэкі. А экслібрысы з'явіліся значна пазней. Пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча я пайшоў працаваць і тады стаў набываць першыя свае кнігі. У 1962 годзе прыехаў у Баранавічы. Мая бібліятэка расла, паўстала пытанне, як можна пазначыць кнігі. Як наогул іх пазначаюць? У мяне былі гэтыя выродлівыя чарнільныя штампы, якія прыгажосці кнізе не дадавалі. Іх тады можна было купіць у любой краме канцылярскіх тавараў... Увогуле, тады я і захапіўся кніжнымі знакамі. Разумееце, кніга не любіць безаблічнасці. А экслібрыс і пра гаспадара бібліятэкі распавядае, і сам з'яўляецца мініяцюрным мастацкім творам. Іх у свой час малявалі і Альбрэхт Дзюрэр, і Лукас Кранах, і Обры Бердслей, напрыклад. Праз "Книжное обозрение" стаў перапісвацца з калекцыянерамі, пазнаёміўся з мастакамі, стаў абменьвацца, у мяне з'явіліся ўласныя экслібрысы...Кніжныя знакі для Палікарпава рабілі беларускія мастакі Міхаіл Сяўрук (Нясвіж) і Уладзімір Паясок (Вольна), графік, народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч, савецкі мастак-графік Анатоль Калашнікаў (Масква), Рудольф Капылоў (Ніжні Тагіл) і Георгій Ліпакоў. Апошнія два майстры вырабілі не проста экслібрысы, а знакі для "Ясеніяны" Палікарпава. З яе, уласна, і пачалася калекцыя.— І колькі мініяцюр у ёй цяпер?— Не ведаю, не лічыў. Ды і не гэта для мяне было важным. Не колькасць. Мяне заўсёды больш прываблівала гісторыя напісання кніг, гісторыя стварэння прыватных бібліятэк, выхаванне культуры чытання...У пачатку лютага 1979-га пры Баранавіцкім гарадскім аддзяленні Усесаюзнага добраахвотнага таварыства аматараў кнігі адбыўся сход актывістаў таварыства. На парадку дня сходу стаяла толькі адно пытанне — стварэнне ў горадзе клуба кнігалюбаў. Уладальнікі вялікіх уласных бібліятэк (да такіх, дарэчы, належала і мая сям'я. — Аўт.) гатовыя былі прадастаўляць уласны збор кніг для чытання суседзям па пад'ездзе, сябрам па працы і іншым, многім і многім аматарам чытання. Выдатная, трэба сказаць, ініцыятыва, асабліва ў эпоху татальнага дэфіцыту, які накрыў у той час СССР. Па кнігі, як і па золата, дываны, хрусталь і каўбасу, стаялі ў чэргах, часам па начах. Цяжка ўявіць, што сёння хтосьці ахвяруе ўласным сном дзеля кнігі... Дарэчы, аб "пад'езнай" бібліятэцы мясцовай сям'і Цыплаковых нават пісалі ў газеце "Правда". Але вернемся да моманту стварэння клуба. Днём нараджэння Баранавіцкага клуба бібліяфілаў стала 26 лютага 1979 года, а старшынёй новага аб'яднання стаў Валерый Палікарпаў.Пра работу клуба можна расказваць шмат і доўга. Яшчэ школьніцай я часам бывала на яго пасяджэннях, бо сходы бібліяфілаў часта праходзілі ў кватэрах — побач з тымі самымі кніжнымі зборамі, якія і аб'ядналі гэтых цікавых і дзіўных людзей. Тэмы сходаў былі самымі рознымі: ад Карнея Чукоўскага да беларускага графіка Анатоля Тычыны, які займаўся ў свой час і экслібрысамі таксама, ад Пушкіна да сям'і майстроў саломапляцення Саламянак. Многія героі пасяджэнняў клуба пабывалі ў Баранавічах у гасцях. Але, мабыць, самым унікальным і прыкметным вынікам працы клуба (а дзейнічаў ён амаль да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя) стаў выпуск пяці брашур, аб'яднаных у серыю "Экслібрысы беларускіх мастакоў". Сягоння гэтыя брашуры — бібліяграфічная рэдкасць.— Вы сустракаецеся цяпер з калекцыянерамі экслібрысаў, абменьваецеся?— Цяпер — практычна не. Паштовыя перасылкі сталі дарагімі, а з камп'ютарамі і інтэрнэтам я не вельмі сябрую. А калісьці нашы беларускія экслібрысы былі добра вядомыя за мяжой. Для маёй бібліятэкі, напрыклад, кніжны знак падарыў вядомы французскі мастак Раймон Прэво — ён вядомы сваім экслібрысам да калекцыі Пуанкарэ. Кажуць, цяпер гэтую яго мініяцюру з маім прозвішчам можна знайсці на кніжных развалах у Парыжы.З імем Валерыя Палікарпава звязана яшчэ адна цікавая гісторыя. Дзякуючы яго захапленню экслібрысамі ў Беларусь у 1970 годзе прыехала кніжная выстава з Венгрыі. У тыя часы выставы такога класа маглі пабываць у Савецкім Саюзе толькі пасля дамоўленасцяў на самым высокім партыйным узроўні. А тут без нічога ніякага венгры праявілі самадзейнасць. Пасля нядоўгіх разглядаў высветлілася, што напярэдадні на Міжнародным кангрэсе экслібрыса ў Будапешце пабываў Палікарпаў — адзіны дэлегат з СССР. Азнаёміўшыся з выставай, якая дзейнічала там, ён памроіў уголас: "Ах, калі б усё гэта змаглі ўбачыць у Беларусі...". А ўжо праз месяц выстава літаральна "звалілася на галаву" беларускім музейным работнікам. І не быць бы ёй зусім, калі б не адна акалічнасць: у папярэдні год якраз адзначаўся 120-гадовы юбілей Венгерскай рэвалюцыі. Увогуле, усё склалася, і жыхарам нашай краіны ўсё-ткі ўдалося ўбачыць унікальныя экспанаты. А Палікарпаву яшчэ доўга слалі экслібрысы венгерскія мастакі ...— Мару вярнуць культуру кніжнага чытання, — прызнаецца Валерый Канстанцінавіч на развітанне. — Сёння ўсё неяк мімалётна, неістотна, мітусліва. А кніга — яна не трывае такой мітусні. Спадзяюся, усё ж такі яна верне свае пазіцыі, верне свае пазіцыі і Беларусь, якая была калісьці адной з самых чытаючых дзяржаў на планеце. Вось тады людзі разгледзяць прыгажосць экслібрыса — неад'емнай часткі сур'ёзнай бібліятэкі.

Таццяна Грынкевіч.Фота аўтара і з асабістага архіва Зоі Данілаўны Сяміножнікавай

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar