- Категория:
- Рейтинг:5.0/1
- Активность:1786
Баранавічы на старых паштоўках: Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
11 ноября 2011 г. Руслан Равяка
На магіле графіні Развадоўскай была пабудавана каталіцкая капліца
Стаўшы першай рыма-каталіцкай святыняй у Баранавічах, гэты касцёл доўгі час заставаўся адзіным каталіцкім храмам, у якім адбываліся літургіі.
Плануючы будучы горад, граф Развадоўскі вызначыў два аднолькавыя пляцы на адной вуліцы пад праваслаўную царкву і пад каталіцкі касцёл. Царкву пабудавалі ўжо ў 1908 годзе. А вось узвесці касцёл было на той час немагчыма: царскія ўлады не дазвалялі будаўніцтва каталіцкіх храмаў нават пасля палітычнай лібералізацыі 1905 года. Пра дазвол беспаспяхова рупіліся і граф, і біскуп Ян Цепляк. Не дапамагалі нават добрыя стасункі графіні Развадоўскай з губернатарам у Мінску.
Пасля смерці графіні, якая ў апошнія гады жыцця перайшла ў каталіцтва, яе пахавалі на пляцы, прызначаным пад будаўніцтва касцёла. Толькі тады з дазволу мінскага губернатара на магіле паставілі каплічку. Святую імшу ў ёй адпраўляў каталіцкі пробашч з Новай Мышы ксёндз Антоні Ганіч.
Ідэя пабудаваць сапраўдны касцёл у Баранавічах паўстала яшчэ да Першай сусветнай, бо капліца не магла змясціць усіх ахвотных. У ліпені 1911 года была створана баранавіцкая парафія. Але будаўніцтва храма не магло пачацца з-за перашкодаў не толькі ад царскай улады, але і ад саміх баранавіцкіх каталікоў. Адны хацелі збудаваць храм каля Палескага вакзала, а другія – на месцы капліцы.
Пачатак Першай сусветнай вайны перапыніў усялякія надзеі на пабудову храма. Пасля сканчэння ваенных віхураў і ўваходу Баранавіч у склад міжваеннай Польшчы ідэя пабудовы касцёла адрадзілася.
У ліпені 1923 г. у баранавіцкую парафію прыехаў ксёндз Л. Жаландкоўскі, які арганізаваў камітэт пабудовы касцёла. Па яго рашэнні каплічку адсунулі і на яе месцы ўзвялі драўляны касцёл вышынёй 15 метраў. 18 кастрычніка 1925 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі асвяціў яго пад назвай Узвышэнне Святога Крыжа.
Пасаду баранавіцкага дэкана і пробашча 1 жніўня 1933 года заняў айцец Ян Барысюк. Дзякуючы яму, у тым самым годзе з’явілася мураваная брама, а пры выхадзе з храма паклалі бетонныя ходнікі. Жыхар горада Міхал Баранцэвіч ахвяраваў касцёлу вялікую жырандолю, гаспадар Ястрабельскага маёнтка Зыгмунт Катлубай – 20 драўляных лавак. У 1934 г. касцёл абнеслі высокаю агароджаю з дубовымі слупамі. У святыні зрабілі бакавыя алтарыкі, закупілі фігуркі, харугвы, дываны. Капліца ў 1935 годзе была перабудавана ў парафіяльны дом.
Па некаторых звестках, на прыкасцёльнай тэрыторыі быў пахаваны і заснавальнік Баранавіч Ян Развадоўскі. На жаль, дзе яго магіла, дакладна невядома.
Падчас Другой сусветнай вайны былі знішчаны парафіяльны дом і плябанія. Пасля вайны пробашчам у касцёле працаваў ксёндз Барысюк. Савецкая ўлада неаднаразова прымушала яго з’ехаць у Польшчу, але ён заставаўся верны сваёй парафіі. У 1949 г. Барысюка арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў высылкі. Ён памёр у 1953 годзе ў Сібіры.
Замест Барысюка баранавіцкім пробашчам стаў ксёндз Станіслаў Рагоўскі. Ён заставаўся адзіным каталіцкім святаром у горадзе ад пачатку 50-х гадоў да сваёй смерці ў 1978 годзе.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.