Пасьля заканчэньня польска-бальшавіцкай вайны 1920 году, часткам Войска Польскага былі прызначаны пастаянныя месцы дыслякацыі. У пасьляваенны час, каб забясьпечыць сябе прадуктамі і таварамі, у большасьці вайсковых частак пачалі стварацца каапэратывы. Іх пайшчыкамі былі як афіцэры, так і падафіцэры з жаўнерамі. Усе каапэратывы амаль адразу аб’ядналіся ў Саюз вайсковых каапэратываў.
Сябры каапэратываў мелі магчымасьць набываць тавары ў крэдыт, які выдаваўся адмысловымі алюміневымі бонамі, а сума пазыкі запісвалася ў журнал. Каапэратыўныя крамы прадавалі тавары па гэтым бонам, а пасьля атрыманьня заробку пайшчык разьлічваўся грашыма за пазыку.
На вайсковых бонах пазначаўся намінал (злотый ці грошы), а таксама вайсковая частка. Пазьней такія боны выкарыстоўваліся як жэтоны для афіцэрскіх і падафіцэрскіх казыно. На некаторых бонак сустракаюцца надчэканы з разнастайнымі, не заўсёды цяпер зразумелымі літарамі. Часьцей за ўсё "КО” – kasyno ofierskie ці KP – kasyno podoficerskie.
У Баранавічах боны наміналамі 10, 20, 50 грошай і 1 злоты абарачаліся ў 26 уланскім палку і 78 пяхотным палку .
На бонах 78-га палка пяхоты сустракаюцца надчаканы SC - Samopomoc (Узаемадапамога) – каапэратыва 1-га і 4-га дывізыёнаў 20 палка лёгкай артылерыі, якія таксама стаялі у Баранавічах, але ня мелі сваіх жэтонаў.
Выкарыстаны матэр’ялы кнігі: Шишкин А.П. "Кредитные марки польских войсковых кооперативов”, а таксама здымкі з інтэрнэт-аўкцыёнаў.