Главное меню
На рынак выйшла новая беларуская гандлёвая марка!
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/2
  • Активность:
    793
На рынак выйшла новая беларуская гандлёвая марка — мыла ручнога вырабу «Karali». Мыла «Панна Нясвіжа» мае глыбокі салодкі водар.

У свой час Галіна Яшчанка была актывісткай «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Сёння яна любячая жонка і маці двухгадовага Настася. Працуе фінансавым кансультантам ў замежнай кансалтынгавай кампаніі «McKinsey&Company».

Яшчэ з часоў студэнцтва ў дзяўчыны была задума стварыць нешта ўнікальнае і пры гэтым сваё, беларускае. У выніку мара матэрыялізавалася ў цалкам рэальны прадукт — мыла «Karali».

Першыя пробныя партыі мыла Галіна пачала рабіць разам з сяброўкамі Таццянай Рудзеняй і Наталляй Каваль у сакавіку 2011 года. Кансультавалася як з мясцовымі «мылаварамі», так і з замежнымі спецыялістамі. Наведвала майстар-класы ў Іспаніі, краіне, для якой вытворчасць мыла — традыцыйная галіна.

На сёння распрацавана некалькі гатункаў мыла «Karali».

Назва кожнага з іх — гэта часцінка беларускай гісторыі ці прыроды. Напрыклад, «Панна Нясвіжа», «Віленскае барока», «Чырвоныя парэчкі», «Папараць», «Валошкі» альбо «Цуд на каляды».

Кожнае мыла мае асаблівы колер, пах і запакоўку.

Лагатып у выглядзе шляхетнага герба для «Karali» прыдумаў Міхал Анемпадыстаў, аўтар «Народнага альбома».

А назва Karali прыйшла ў галаву беларускаму дызайнеру Максу Брубакеру. Прывабная запакоўка для мыла — вынік творчасці і прафесіяналізму дырэктаркі «ОС-студыі» Вольгі Сакаловай. Легенды для кожнага гатунку напісала Вольга Мазурава. Надпісы на запакоўцы, а таксама ў лістку-ўкладышу прыведзены па-беларуску і па-англійску.

«Karali» пазіцыянуе сябе на рынку як мыла ручной работы шляхетнага класа (такі беларускі адпаведнік атрымала слова «luxury»). Адметнасць брэнду — гэта выкарыстанне выключна натуральных кампанентаў.

Любое мыла складаецца з трох базавых рэчываў: вады, тлушчоў і шчолачы, а таксама дадатковых элементаў для паху і колеру.

У прамысловай вытворчасці звычайна бяруць танныя тлушчы (часта хімічныя) і дадаюць туды розныя субстанцыі дзеля павелічэння тэрміну прыдатнасці і паніжэння сабекошту канчатковага прадукта.

Пры гэтым якасныя субстанцыі, напрыклад, гліцэрын (атрымліваецца ў выніку рэакцыі тлушчоў са шчолаччу), штучна выдаляюць са складу мыла для выкарыстання ў больш дарагой касметыцы (напрыклад, у крэмах).

Пры ручным вырабе мыла пасля таго, як адбылася рэакцыя тлушчоў са шчолаччу, у склад можна дадаць іншыя карысныя алеі і рэчывы. Гэтая дадатковая сумесь алеяў называецца ператлушч і яе аб’ём у мыле ручнога вырабу складае 3–10% ад масы асноўных тлушчоў (у «Karaliach» ператлушч дасягае 10%). Алеі і іншыя рэчывы з ператлушчу з’яўляюцца актыўнымі інгрэдыентамі і аказваюць дадатковы карысны ўплыў на скуру.

Існуюць два тэхналагічныя працэсы прыгатавання мыла ручнога вырабу. Першы — халодны (традыцыйны) спосаб, калі пасля змешвання інгрэдыентаў мыла цягам месяца «выспявае» пры пакаёвай тэмпературы. Другі — гарачы (прыспешаны) спосаб: пасля змешвання інгрэдыентаў мыла «гатуецца» ў духоўцы некалькі гадзінаў.

Усе гатункі мыла «Karali» робяцца традыцыйным халодным спосабам.

Цяпер для мэтаў вытворчасці Галіна арандуе невялікае памяшканне ў Мінску. Але ў перспектыве — перанос вытворчасці ў сельскую мясцовасць (сама Галіна жыве ў Валожынскім раёне). Сярод планаў на будучыню — пашырэнне асартыменту, распрацоўка новых відаў прадукцыі і выхад на замежныя рынкі збыту.

Кошт мыла «Karali» складае 29 тысяч рублёў.

Набыць яго можна на сайце karali.by ці заказаўшы па тэлефоне +375-44-730-79-04.

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar