- Категория:
- Рейтинг:0.0/0
- Активность:1242
Учора
Знаёмства з Гарадзішчам сёння лепш пачынаць з аб’язной дарогі, якая пракладзена паміж гэтым мястэчкам і суседнімі вёскамі Вялікае Сяло і Кісялі. Акурат у гэтым трохкутніку, на беразе рэчкі Сервеч, пры самай шашы, узвышаецца старажытнае замчышча – парослая травою гара, акружаная ровам. На думку некаторых гісторыкаў, менавіта тут і знаходзілася легендарная Варута – старажытны горад, дзе ў XIII ст. быў летні замак першага князя Вялікага Княства Літоўскага і першага караля Літвы Міндоўга. Так ці не, але менавіта вось тут, пад Гарадзішчам, знаходзілася найвялікшае ўмацаванае паселішча ў ваколіцах Наваградка – колішняй сталіцы Вялікай Літвы.
Летапісная гісторыя самаго мястэчка Гарадзішча пачынаецца ад XV ст., калі мясцовы маёнтак узгадваецца ў складзе ВКЛ. Цягам пазнейшых стагоддзяў гэтыя землі пераходзілі ва ўласнасць розных князёў і магнатаў вялікай дзяржавы, за панаваннем якіх Гарадзішча расло і развівалася.
Да XVIII ст. Гарадзішча ўжо памяняла статус вялікакняжацкага двара на статус мястэчка і займела права двойчы на год праводзіць кірмашы, куды з’язджаліся гандляры і пакупнікі з суседніх рэгіёнаў. За гандлёвы і эканамічны імідж у гісторыі мястэчка сённяшнія гарадзішчанцы павінны быць удзячнымі тагачасным габрэям, якія раней складалі асноўную частку насельніцтва беларускіх мястэчкаў.
Габрэйскай была вялікая цэнтральная вуліца Гарадзішча, якая вяла на Наваградак. У XIX ст. акрамя вялікай сінагогі тут было адчынена яшчэ некалькі дробных малітоўных дамоў для габрэяў. Працавалі з дзясятак габрэйскіх крамак. У Гарадзішчы выраблялі сваю цэглу і варылі ўласнае піва. Пра памеры габрэйскай супольнасці ў гэтай мясціне сведчыць трагічная лічба: у гады фашысцкай акупацыі ў Гарадзішчы было забіта каля чатырох тысяч габрэяў з мястэчка і ваколіцаў.
Сёння
Ад усталявання савецкай улады і амаль да 60-х гадоў, калі Баранавічы былі абласным горадам, Гарадзішча мела статус раённага цэнтра. З ростам Баранавіч жыццё і росквіт Гарадзішча паступова згасалі, хаця канчаткова не згаслі. Сёння тут, напэўна, як нідзе больш у Баранавіцкім раёне, яшчэ можна пабачыць шмат дзяцей на вуліцах, асабліва ўлетку.
Гарадзішча працягвае жыць і сёння, бо тут ёсць багата таго, што трэба для жыцця. Ёсць добрая шаша, якая звязвае два раённыя цэнтры – Баранавічы і Наваградак. Як у кожным старажытным паселішчы, тут ёсць рака, чаго так не стае народжаным чыгункаю Баранавічам. У Гарадзішчы ёсць маляўнічыя краявіды Наваградскага ўзвышша, на ўзгорках якога стаіць і само мястэчка. Схілы аўтамабільных дарог нават у цэнтры Гарадзішча дасягаюць 6 градусаў. Больш стромыя дарогі ў Баранавіцкім раёне можна пабачыць толькі каля Моўчадзі. Праз гэта Гарадзішча сапраўды нагадвае горнае мястэчка, бо падобная сістэма адводу вады з трубамі і бетоннымі латкамі для сцёку вады ўздоўж вуліц мястэчка сустракаецца звычайна ў горных рэгіёнах.
Шмат што на вуліцах Гарадзішча нагадвае і пра багатую гісторыю. Ад часоў Рэчы Паспалітай (XVIII ст.) захаваліся царква (раней уніяцкая, цяпер – праваслаўная) і каталіцкі касцёл. Абодва храмы месцяцца на маляўнічых узгорках. А вось драўляную сінагогу ў цэнтры мястэчка напрыканцы 90-х разбурылі. Затое ў Гарадзішчы цалкам захавалася габрэйская забудова ўздоўж шашы на Наваградак. Драўляныя дамы на высокіх падмурках, дзе раней размяшчаліся габрэйскія крамы, надаюць каларыт усяму мястэчку.
Гарадзішча здаўна было по-лінацыянальным, таму сёння ў межах мястэчка можна адшукаць, апроч праваслаўных і каталіцкіх, таксама габрэйскія і татарскія могілкі (мізар). Да мізару ад наваградскай шашы ўздоўж ракі Сервеч вядзе былая вуліца Татарская. За рэчкаю сёння яшчэ можна адшукаць рэшткі гаспадарчых пабудоў і парка пры былой сядзібе графа Людвіка Паца – апошняга ўладальніка гэтых земляў перад расійскім панаваннем.
На жаль, старыя вуліцы ў Гарадзішчы даўно змянілі свае назвы на савецкія. І ўсё ж на прыкладзе адной з галоўных местачковых вуліц можна дэманстраваць, як часам можна перапісваць гісторыю без страты для яе самой. У 90-я гады баранавіцкі краязнаўца Міхась Бернат дамогся, каб вуліцы ў гонар 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі далі імя вядомага беларускага паэта Сярэднявечча Андрэя Рымшы, які паходзіць з недалёкай вёскі Пянчын. Калі выехаць па гэтай вуліцы з Гарадзішча, можна трапіць і ў сам Пянчын, і ў легендарны Туганавіцкі парк.
Як даехать?
З Баранавіч да Гарадзішча рэгулярна ходзяць рэйсавыя аўтобусы «Баранавічы – Гарадзішча». Праз гэтае мястэчка таксама едуць аўтобусы на Наваградак і Карэлічы.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.