Главное меню
Загадка дома на Брестской
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/2
  • Активность:
    2724

11 чэрвеня 2013 года
№ 17 (32)

Загадка старога дома, або Як у Баранавічах уратавалі Пілсудскага

Мясціны, знітаваныя з душой

Хоць Баранавічы — горад малады, мясцовых паданняў, звязаных з тым ці іншым домам, тут хапае. Вось, да прыкладу, будынак медыцынскага вучылішча, які ў пачатку мінулага стагоддзя быў гасцініцай. У адным з яе пакояў доўга пражываў па прычыне раптоўнай хваробы знакаміты пісьменнік Шалом-Алейхем. У гады Вялікай Айчыннай вайны, кажуць, акупанты размясцілі ў гасцініцы гестапа. Магчыма менавіта таму (пра гэта часта расказваюць студэнты-медыкі) у сутарэннях вучылішча да гэтага часу можна пачуць ці то стогны ахвяр гестапаўскіх катаў, ці то проста скавытанне ветру...

А вось яшчэ, ці то казка, ці то быль. Яе распавядаюць пра іншы старадаўні будынак — былое акцызнае кіраўніцтва. Яно калісьці нібыта было прайграна ўладальнікам у казіно Рыа-дэ-Жанэйра. Паводле падання, дом выкупіў для грамадскіх патрэб сам цар-бацюшка. Мікалай ІІ, дарэчы, у Баранавічах, бываў неаднаразова, як і кайзер Вільгельм ІІ, і маршал Юзэф Пілсудскі. Пра апошняга, дакладней пра легенду, звязаную з наведваннем ім майго роднага горада, я і хачу расказаць.
Дом на скрыжаванні вуліц Гагарына і Брэсцкай у Баранавічах — «дом Пілсудскага».
Сажай ці малітвамі?

Двухпавярховы дом, што знаходзіцца на рагу вуліц Гагарына і Брэсцкай, адразу кідаецца ў вочы — такі ён стройны, асаблівы, яўна з тых, польскіх, часоў. Зараз у ім размяшчаецца вучэбна-вытворчы камбінат, месца, дзе гарадскія школьнікі асвойваюць розныя працоўныя прафесіі (шафёраў, токараў, швачак)... Яшчэ раней у калідорах дома таксама звінелі дзіцячыя галасы: тут працавала сярэдняя школа № 2. А яшчэ да 1939 года (гэтыя звесткі пакуль нічым не пацверджаны) — гімназія.

Шмат гадоў жыхары горада ўпарта называюць гэты будынак "домам Пілсудскага" і распавядаюць наступную гісторыю. Адны кажуць, што адбылася яна ў 1916 годзе, іншыя — што ў 1920-м. Расказваюць, што будучы кіраўнік Польшчы знаходзіўся ў Баранавічах па нейкіх сваіх таемных справах і пад покрывам ночы сутыкнуўся з ваенным патрулём дзеючай улады. Забег Пілсудскі па дапамогу ў першы, які трапіўся на вочы, дом — у хату аднаго яўрэя. Адны кажуць, што быў той чалавек кавалём. Ён хутка выпацкаў твар Пілсудскага сажай і пасадзіў стукаць малатком перад маленькім кавадлам. Патруль, які ўвайшоў у дом і ўвагі не звярнуў на мурзатага памочніка майстра. Па іншай версіі, гаспадар дома быў не кавалём, а рабінам. Накінуўшы на плечы Пілсудскага таліт (накідку), ён паставіў нечаканага госця на калені. А салдатам, якія ўваліліся ў хату, сказаў: "Гэта мой бацька. Ён моліцца, і яго малітву перарываць нельга ..."

У пачатку мінулага стагоддзя гісторыю збаўлення Пілсудскага ў Баранавічах газеты пераказвалі на ўсе лады. Пісалі пра яе і ў Варшаве, і ў Мінску. У 1928 годзе гэты эпізод успомніў нават рускамоўны "Старый Нарвский листок", які выходзіў у Эстоніі, назваўшы і прозвішча рабіна — Закгейм: "У кандыдацкіх спісах, якія вылучаюцца перад парламенцкімі выбарамі ў Польшчы, ёсць загадкавы нават для многіх палякаў спіс камітэта "Адзінства і Справядлівасць", які складаецца з аднаго прозвішча — рабіна Закгейма. Між тым, у колах, блізкіх да палітычных вярхоў Польшчы, імя рабіна Закгейма карыстаецца вялікай вядомасцю і нават папулярнасцю. Гэта можна патлумачыць блізкімі адносінамі, якія існавалі паміж баранавіцкім рабінам і кіраўніком польскага ўрада — маршалам Пілсудскім..." Далей "Старый Нарвский листок", спасылаючыся на варшаўскую газету АBС, распавядае прыблізна тую ж гісторыю, якую дагэтуль распавядаюць у Баранавічах. І нават называе год падзеі, канкрэтызуючы момант — час контрнаступлення рускіх войскаў — значыць, чэрвень або ліпень 1916-га.

Па версіі эстонскай і польскай газет, выратаваны маршал усяляк падтрымліваў Закгейма і нават спрыяў яго вылучэнню на парламенцкіх выбарах. Па версіі жыхароў Баранавічаў, Пілсудскі, вярнуўшыся ў горад у 1922 годзе, нібыта аддзячыў мужнаму яўрэю. І выдаткаваў сродкі на будаўніцтва гімназіі — таго самага "дома Пілсудскага". Яўрэй і стаў першым кіраўніком гэтай навучальнай установы.

Гімназія з рознымі адрасамі

Фрагмент плана горада пачатку мінулага стагоддзя: уладальнік участка па Віленскай, 1 — Закгейм.

Пілсудскі і Баранавічы звязаны яшчэ некалькімі эпізодамі. На гэты раз дакладнымі, пацверджанымі дакументальна. 30 кастрычніка 1922 года маршал пабываў у Баранавічах афіцыйна. Кніга-каляндар "Kаlеndаrz Рорulаrnу Bаrаnоwісkі" так апісвае гэтую падзею: "... Маршал прыбыў у Баранавічы 30 кастрычніка 1922 года ў 11 гадзін спецыяльным цягніком з Варшавы на Цэнтральны вакзал. Там ён быў сустрэты наваградзкім ваяводам, мясцовымі грамадзянскімі і ваеннымі ўладамі. Адтуль... накіраваўся вуліцамі Шаптыцкага і Нарутовіча да староства, дзе прыняў у канферэнц-зале дэлегацыі горада і гмін Баранавіцкага павета... Потым накіраваўся на вакзал, адкуль адбыў сваім цягніком у Варшаву каля 15 гадзін дня". А праз два гады, 11 лістапада 1924‑га гарадскі Савет прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой Юзэф Пілсудскі стаў ганаровым грамадзянінам горада Баранавічы.

У тым жа 1922 годзе ў Баранавічах была адкрыта гімназія. Імя Тадэвуша Рэйтана было прысвоена ёй 16 студзеня 1926 года. У гэтым жа годзе там здавалі першы экзамен на атэстат сталасці. З цягам часу гімназія абзавялася ўласнай фізіка-хімічнай лабараторыяй, якая знаходзілася на вуліцы Шаптыцкага, а таксама чытальнай залай. Ці быў гэты факт наўпрост звязаны з наведваннем Баранавічаў Пілсудскім? Магчыма. Тым больш, менавіта з "домам" Пілсудскага звязвае гаворка гімназію Тадэвуша Рэйтана, хоць у яе па тэлефонных нумарах і некаторых дакументах тых часоў быццам бы быў зусім іншы адрас. Аднак гэта можна растлумачыць тым, што ў першыя гады гімназія часта пераязджала і мела некалькі будынкаў.

На захаваным з польскіх часоў плане горада (азнаёміцца з ім можна ў гарадскім краязнаўчым музеі) участак з цагляным двухпавярховым будынкам па вуліцы Віленскай, 1 належаў... Закгейму. Гэтае сямейства валодала яшчэ некалькімі дамамі непадалёк — на Шашэйнай, цяпер Брэсцкай. Тыя гэта Закгеймы? Ды і Закгейм усё ж выратаваў Пілсудскага ці не, бо ў іншай польскай газеце называецца зусім іншае імя — Давід Токер...

"Зніклы" месяц

Ці мог Пілсудскі ў 1916-м або 1920 годзе апынуцца ў Баранавічах? На мой погляд, малаверагодна. Няма ніводнага ўказання на тое, што летам 1916 года ён пакідаў тэрыторыю акупаванай Польшчы. Нелегальна ў Баранавічах ён мог апынуцца толькі ў 1901 годзе.

15 мая гэтага года будучы маршал збег з Санкт-Пецярбургскай псіхіятрычнай лячэбніцы, куды пасля віртуознай сімуляцыі вар'яцтва быў пераведзены з турмы. Заставацца ў Расіі Пілсудскаму было нельга, і ён прабіраецца з таварышамі ў маёнтак Чысталужжа нейкіх Левандоўскіх у Валыні. У той час трапіць на ўкраінскае Палессе з Санкт-Пецярбурга можна было па маладой яшчэ чыгунцы, якая праходзіла якраз праз Баранавічы. На сустрэчу з мужам у Валынь дабіралася і Марыя Пілсудская — з Вільні, дзе пражывала пад наглядам. 20 чэрвеня Пілсудскія былі ўжо ў Львове...

Што адбывалася з імі, апальнымі, якія імкнуліся як мага хутчэй пакінуць межы Расіі на працягу гэтага месяца, можна толькі здагадвацца. Але паданне аб выратаванні жыцця Пілсудскага баранавіцкім яўрэем цалкам "упісваецца" ў гэты "зніклы" месяц.

Р.S. Гісторыя, на мой погляд, не можа быць афарбавана ў які-небудзь колер: белы, чырвоны, зялёны, аранжавы... Яна проста ёсць, незалежна ад таго, падабаюцца нам нейкія падзеі, якія адбываюцца там, у часе і аддаленні, ці не. Змяніць мы ўжо нічога не можам. Мы можам проста памятаць, або здагадвацца, або паспрабаваць даведацца дасканала — каб зрабіць высновы і раптам убачыць нешта зусім па-іншаму...

Таццяна ГРЫНКЕВІЧ, фота аўтара.

avatar
1 yurut • 23:58, 12 Июн 2013
спасибо, познавательно smile
avatar
2 grelfi • 15:18, 13 Июн 2013
Пожалуйста)
avatar