- Категория:
- Рейтинг:0.0/0
- Активность:766
На самай важкай грашовай банкноце Нацбанка 200 тыс. руб., у адрозненне ад усіх драбнейшых купюр, адсутнічае стандартнае папярэджанне пра адказнасць за падробку.
"Я вось перагледзеў усе купюры і толькі на адной 200-тысячнай не заўважыў надпісу: "Падробка білетаў НБ РБ праследуецца па законе”, – падзяліўся з рэдакцыяй сваімі назіраннямі цікаўны гараджанін Сяргей. – Дык няўжо ж новую купюру можна падрабляць?”
Чым тлумачыцца тое, што на першай падпісанай новым старшынёй Нацбанка Надзеяй Ермаковай грашовай банкноце адсутнічае традыцыйны засцерагальны надпіс пра падробку, – гэта пытанне Intex-press пераадрасавала адмыслоўцам.
"Няўжо няма такога надпісу? Хвілінку, зараз зірну…, – для прэс-сакратара НБ РБ Міхаіла Журавовіча гэта таксама было навіной. – Сапраўды. Але ў кожным разе закон, паводле якога прадугледжана адказнасць за падробку грошай, ніхто не адмяняў”.
За больш падрабязнымі тлумачэннямі Міхаіл Журавовіч параіў звярнуцца ў Галоўнае ўпраўленне эмісійна-касавых аперацый Нацбанка.
"Раней мы выкарыстоўвалі гэта папярэджанне ў афармленні нашых купюр, цяпер падыход змяніўся. Кожны прагрэсіўны чалавек разумее, што існуе адказнасць за падробку грашовых банкнот, і наяўнасць або адсутнасць адпаведнага папярэджання на купюры ніякай ролі не грае. На купюрах іншых краін такіх надпісаў таксама няма”, – патлумачыў Intex-press начальнік Галоўнага ўпраўлення эмісійна-касавых аперацый НБ РБ Уладзімір Сокал.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.