Главное меню
Саюз Беларускай Моладзў (СБМ) у Баранавічах
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    890
У часе нямецкай акупацыі Беларусі, у 1941/42 навучальным годзе, у горадзе Баранавічах былі арганізаваныя настаўніцкія, бугальтарскія й мэдычныя курсы. У наступным школьным годзе, 1942/43, былі арганізаваныя сярэднія школы: Тэхнічная (500 хлапцоў), Мэдычная (500 хлапцоў і дзяўчат),Гандлёвая (450 хлапцоў і дзяўчат), Мастацкая школа, Прагімназія, Настаўніцкія курсы й Матуральныя вячэрнія курсы.

Увосень 1943 году ў Баранавічах і іншых гарадох акругі паўстала арганізацыя Саюз Беларускай Моладзі (СБМ). Сябрамі гэтай арганізацыі былі вучні сярэдніх школаў. Кажная школа тварыла асобную адзінку СБМ, а кажная кляса школы складала групу юнакоў і юначак.

Кажная школа мела свайго Кіраўніка юнакоў і Кіраўнічку юначак. Акруговым Кіраўніком СБМ у 1944 годзе быў юнак М-ла, Гарадзкім юнак Ч-кі, ягоным заступнікам Кастусь, Старшым важатым Леанід. З гэтых асобаў складаўся Штаб юнакоў горада Баранавічы. Штаб юначак складалі: Лена, Валя, Рая й іншыя.

Для падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў СБМ былі арганізаваныя спэцыяльныя курсы для юначак у Драздох каля Менску, Флярыянове каля Ляхавіч. Курсы трывалі ад двух да трох тыдняў. Кожны новы курс меў сваю кіраўнічку. На ўрачыстасьць заканчэньня кажнага курсу прыяджалі з Галоўнага Штабу СБМ у Менску Галоўны Кіраўнік сп. М. Ганько й Галоўная Кіраўнічка д-р Абрамава зь іншымі сябрамі штабу.

Пасьля сканчэньня курсу кажная курсантка атрымлівала рангу дружыновай. Дружына складалася з 20-35 чалавек.

Я была на курсе у Флярыянове каля Ляхавіч. Памешканьне для юначак і вялікая заля для выкладаў былі ў вялікім і прыгожым доме абшарніка двара Флярыянова. Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы й трывалі да 3-й або 4-й гадзіны папоўдні з гадзінным перапынкам для абеду а 12-й гадзіне дня.

Праграма курсу: маршы, інфармацыя, як праводзіць зборкі, гісторыя й геаграфія Беларусі, песьні, гульні, арганізацыя розных гурткоў: літаратурнага, драматычнага, танцавальнага й фізкультурнага.

Харчаваньне юначак, як на той час, было вельмі добрае, не галадалі, бо хапала бульбы, хлеба, малака, а час ад часу мелі й мяса.

Вярнуўшыся з курсаў у Гандлёвую школу, я была прызначана дружыноваю юначак. Зборкі ў кажнай дружыне адбываліся 2 разы ў тыдзень. З набліжэньнем фронту ўвесну 1944 году немцы змушалі вучняў баранавічкіх сярэдніх школаў капаць акопы.

20 чэрвеня 1944 году закончыўся навучальны год, і неўзабаве пачалася эвакуацыя г. Баранавічаў. Сябры СБМ выяджалі ў Нямеччыну групамі й адзінкамі, але большасьць іх тайком пакінула горад і вярнулася ў свае вёскі.

Я й яшчэ некалькі сябровак СБМ былі далучаныя да транспарту чыгуначнікаў. Мы пакінулі Баранавічы 2 ліпеня 1944 году, гэта здаецца, быў апошні транспарт. Па дарозе ў Нямеччыну да нашага транспарту далучалі юнакоў і юначак з Слоніму й Наваградку. Шмат юнакоў затрымалася ў Польшчы....

Лёс Анджэлес Ю.Н.

22.7.1968 г. б. Дружыновая СБМ

(Алесь Вініцкі "Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох" Лёс анджэлес 1968, Менск "Тэхналогія" 1994)

Падрыхтаваў Равяка Руслан
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar