Адна з найстарэйшых вуліц горада – сённяшняя Камсамольская. Напачатку яе назвалі Паштовая. З назвы вынікае – на гэтай вуліцы месцілася пошта. - артыкул "Баранавічы на старых паштоўках. Вуліца Камсамольская" 28 мая 2009 г. Руслан Равяка для газэты "Интекс-пресс". Паштоўкі з часоў Першай сусветнай вайны данеслі да нас яе выгляд – на заснежанай вуліцы драўляны двухпавярховы будынак з балконам. І кайзераўскія жаўнеры каля брамкі. Дарэчы, відаць вельмі рэдкая на той час агародджа між дарогаю і ходнікамі.
Месцазнаходжанне тагачаснай пошты дазваляе вызначыць іншая паштоўка тых часоў. Цяпер мы можам лёгка ўявіць, дзе ў Баранавічах месцілася першая пошта. А дзе дарэчы яна магла месціцца? Зразумела – каля гатэлю. Тагачасны гатэль (вядомы і знанаму жыдоўскаму пісьменніку Шалом Алейхаму, які ў ім ледзь не памёр) – сённяшняя медвучэльня. За польскім часам у ім паспелі пабываць дзяржаўныя ўстановы. А падчас фашыскага панавання – СД.
Але прыгледзімся да паштоўкі. Пошта знаходзілася насупраць сучаснай медвучэльні. Зразумела, ніякага асфальту, нават бруку, на той час не было. Дый ходнікі, відаць, выкладзены з простых дошак. Зрэшты, на той час гэткі выгляд мела бальшыня мястэчак Расейскай Імперыі. Затое выразна відаць электрычныя слупы – цывілізацыя ўжо ўваходзіла ў Баранавічы.... Выгляд тагачаснага гатэлю на іншай паштоўцы – яшчэ лепшы.
Гэтая паштоўка – найбольш вядомая ў горадзе, бо выдавалася яшчэ за расійскім часам і з расійскім надпісам. Пасля, за немцамі, яе перавыдавалі, пераклаўшы подпіс на на нямецкую мову. На ёй не відаць будынку пошты, але затое добра відаць іншая забудова, што вядомая ў нас і сёння – будынак Заходняй партыі геолягаў (у наш час – рог Камсамольскай і Куйбышава (старая Графская)). Дарэчы, і пошту, і гатэль, і стары парк (як шпіталь, рэстарацыю ды тэатар) запраектаваў яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя айцец гораду – граф Развадоўскі. Хутка ўсвядоміўшы, што прысутнасць чыгуначных войскаў дае добры шанец для развіцця мястэчка, Развадоўскі за ўласныя грошы арганзаваў аркестр, які даваў летам канцэрты ў гарадскім (старым) парку. Наагул, Развадоўскі паспрабаваў арыентваць Баранавічы на модны тады ў Расіі куротныя шлях развіцця. Лекаванне і аздараўленне тут адбывалася на аснове кумысу. Зрэшты, і адзін з фамільных дамоў Развадоўскіх месціўся на сучаснай Камсамольскай. Яго мы можам пабачыць дасюль. Цяпер там месціцца прыватная лякарня. А побач растуць колькі пірамідальных дубоў. Бальшыня вулічнай забудовы не захавалася. Гэта зразумела, калі зірнуць на іншую паштоўку.
Маляваная картка з часоў Першай сусветнай вайны падае не толькі нямеціх жаўнераў узімку, але і драўляныя хаціны на вуліцы. Гэты краявід нам ужо ніколі не пабачыць на Камсамольскай. Ён захаваўся толькі ў памяці нешматлікіх старажылаў гораду. А таксама на старых паштоўках.