Главное меню
БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
  • Категория:
  • Автор:
    Литвинович Александр
  • Рейтинг:
    5.0/1
  • Активность:
    3272

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ

Каталіцтва на землях летапіснай Літвы - Наваградчыны - мае даўнія карані. Касцёл у Дараве быў пабудаваны ў 1440 г., у Ішкалдзі - у 1472 г., у Сваятычах - у 1535 г., у Палонцы - у 1536 г., у Крывошыне - у 1561 г., у Сталавічах - у 1639 г., у Новай Мышы - у 1641 годзе. Гэты спіс можна працягваць. Вядома, не ўсе святыні захаваліся да нашых дзён, шмат іх знікла ў віхурах гісторыі, асабліва пасля 1863 года. Гаворка пойдзе аб трох баранавіцкіх касцёлах.

У 1881 г. граф Ян Развадоўскі купіў у маскоўскага купца Кузняцова маёнтак у вёсцы Баранавічы Наваградскага павету. Пакупку аформіў на імя жонкі Лізаветы, бо тая была праваслаўнаю і мела права набываць зямлю ў заходніх губернях; графу-католіку гэта забаранялася. У хуткім часе ў тутэйшых мясцінах праклалі чыгунку і ў раёне Баранавічаў скрыжавалася некалькі важных камунікацыйных лініяў, што прывяло да ўзнікнення мястэчка Развадава, дзе напрыканцы ХІХ ст. жыло каля 1,5 тысячы жыхароў.

Натуральна, што закладальнік места як шчыры хрысціянін выдзеліў пляцы пад будаўніцтва касцёла, царквы і бажніцы. З узвядзеннем царквы праблемаў аніякіх не ўзнікла, затое касцёльны праект напаткалі вялікія цяжкасці. Пецярбург не дазваляў будаваць на беларускіх землях каталіцкіх святыняў. Не было на гэта дазволу і пасля талерантнага ўказу 1904 г., нягледзячы на намаганні біскупа Яна Цепляка.

У 1904 г. графіня Развадоўская, якая ў апошнія гады жыцця перайшла ў каталіцтва, памерла. Яе цела было перавезена ў Развадава і пахавана ў адмыслова збудаваным родавым склепе. І толькі тады, дзякуючы дапамозе менскага губернатара, быў атрыманы дазвол на будаўніцтва драўлянай каталіцкай капліцы, у якой час ад часу адпраўляў Святую Імшу для 800 баранавіцкіх католікаў ксёндз пробашч з Новай Мышы Антоні Ганіч1.

Кс. Вінцэнт Францкевіч
Хутка стала зразумела, што невялічкая капліца не задавальняе патрэбаў каталіцкай грамады (у мястэчку жыло ўжо больш за 11 тысяч чалавек). З'явілася задума пабудаваць новую святыню і стварыць самастойную парафію, бо да гэтага часу Развадава (Баранавічы-Цэнтральныя) належала да навамышскай парафіі, а Палескія - да дараўскай2. У ліпені 1911 г. была ўтворана баранавіцкая парафія, першым пробашчам якой стаў кс. Вінцэнт Францкевіч. Ён сустрэў шмат перашкодаў на шляху будаўніцтва касцёла, у тым ліку і з боку вернікаў. Частка з іх хацела будаваць святыню ў раёне Баранавічаў-Палескіх, а іншыя - на месцы існуючай капліцы. Спрэчкі зрабілі немагчымым будаўніцтва і прывялі да таго, што кс. Францкевіч у 1913 г. пакінуў пасаду пробашча3. Яго месца заняў кс. Станіслаў Эйсмант, які да гэтага працаваў вікарыем у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Менску4.

На здымку кс. Станіслаў Эйсмант стаіць першы злева ў другім радзе.
Першая сусветная вайна наогул перапыніла ўсялякія планы. У 1914 ці 1915 годзе пакінуў Баранавічы кс. Эйсмант. Пасля вайны, у 1918 г., ён служыў у парафіі св. Казіміра (Петраград). У 1923 г. разам з групаю каталіцкіх святароў быў арыштаваны бальшавікамі па «справе» біскупа Я.Цепляка і асуджаны на 10 гадоў турмы. Далейшы лёс святара дакладна не вядомы. Згодна з адной версіяй, 1 лістапада 1924 г. польскі ўрад абмяняў групу ксяндзоў разам з Эйсмантам на 67 польскіх камуністаў. Ёсць меркаванне, што Эйсмант пасля абмену не выязджаў з СССР5.

Ваенны перыяд быў часам поўнага заняпаду рэлігійнага жыцця і цягнуўся ён да траўня 1919 г., калі Баранавічы занялі польскія войскі. Вось што ўспамінае кс. Люцыян Жаландкоўскі, які да вайны быў пробашчам касцёла св. Сымона і Алены ў Менску6, а на той час капеланам Менскага палка: «...была Вялікая Субота. Надыходзіў дзень Уваскрэсення Хрыстова... Дзіўны гэта быў час. Места зруйнаванае, галоднае, запалоханае, не ўмела нават радавацца... Праз пару тыдняў адбылася першая нацыянальна-дзяржаўная ўрачыстасць. Быў гэта дзень 3 траўня... Палякі-баранаўцы ажывіліся, і ў каплічцы, якая выконвала ролю парафіяльнага дому, кс. Жаландкоўскі адправіў Св.Імшу, (... аднак казанне вымушаны быў прамаўляць на пляцы перад капліцаю). У гэтым месцы пасля набажэнства генерал Макжэцкі (камандзір 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі) прыняў парад войска, але ксёндз ужо не пабачыў яго: ён паехаў вайсковым грузавіком да Сталавічаў, каб у тамтэйшым закінутым касцёле адправіць Св.Імшу дзеля дыслакаваных там войскаў і мясцовых палякаў»7.

Кс. Люцыян Жаландкоўскі
Кс. Міхал Маеўскі
Кс. Жаландкоўскі тады не застаўся ў Баранавічах. Ён паехаў у Бярэсце, дзе служыў дэканам Палескага корпуса польскага войска. У 1920-23 гг. душпастырскія абавязкі ў Баранавічах па чарзе выконвалі кс. капелан Яжнеўскі і кс. Міхал Маеўскі. Апошні да вайны быў пробашчам касцёла Св. Тройцы на Залатой Горцы ў Менску8, пазней, у 30-х гадах, служыў у Пінскай дыяцэзіі, а пасля другой сусветнай вайны выйшаў на пенсію і жыў у Лідзе9.

У ліпені 1923 г. у баранавіцкую парафію прыехаў кс. Л.Жаландкоўскі, які адразу арганізаваў камітэт пабудовы касцёла. Па ягоным рашэнні каплічку адсунулі і на яе месцы ўзвялі драўляны касцёл вышынёю 15 метраў. 18 кастрычніка 1925 г. кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі асвяціў яго пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа.

Пасля пабудовы касцёла зноў надышоў перыяд разладу. Успрымаючы касцёл як часовы, парафіяне не спяшаліся з заканчэннем унутранага абсталявання, тым больш аказалася, што храм недастаткова вялікі. Пачалі думаць, як пабудаваць вялікую мураваную святыню ў цэнтры горада. Камандзір 20-й пяхотнай дывізіі генерал Пажэрскі энергічна ўзяўся за справу, і камітэт будаўніцтва назбіраў пэўную суму грошай. Каля скрыжавання вуліц Міцкевіча і Каханоўскага (цяпер Леніна) быў закладзены падмурак мураванага касцёла, а таксама сабрана частка будаўнічага матэрыялу. Аднак у хуткім часе генерал памёр і сярод парафіянаў пачаліся спрэчкі, каму павінен належаць будучы храм - вайскоўцам як гарнізонны касцёл альбо цывільным як парафіяльны. Гэтая дыскусія забрала шмат часу і энергіі, а неўзабаве надышоў эканамічны крызіс, які ахапіў усю Еўропу. Каштарыс будоўлі перавысіў 1.000.000 злотых і рызыкоўных працягваць будаўніцтва не знайшлося. Дзяржава ў тых умовах таксама не магла дапамагчы, нягледзячы на тое, што, як адзначыў баранавіцкі «Chrzeњcijanski kalendarz» за 1937 год, «будова новага касцёла ў Баранавічах мела вялікае не толькі рэлігійнае, але і дзяржаўнае значэнне, менавіта тут, на крэсах...»10. Летам 1933 г. кс. Жаландкоўскага перавялі з Баранавічаў на службу ў касцёл Сэрца Пана Езуса ў Граеўскім прадмесці Бярэсця. Затым ён працаваў у Пелішчах, дзе і памёр у 1946 годзе11.

Кс. Ян Барысюк
1 жніўня 1933 г. пасаду баранавіцкага дэкана і пробашча заняў кс. Ян Барысюк. Да прызначэння ў Баранавічы з 1922 г. ён служыў у Бярэсці вайсковым капеланам ІХ Акруговага шпіталю і мясцовым школьным прэфектам12. Новы ксёндз адразу зразумеў, што большасць насельніцтва з'явілася тут у пошуках хлеба і не дбала пра сваю мараль. Святар добра ведаў таксама пра адмоўны ўплыў на рэлігійнасць насельніцтва суседняй атэістычнай БССР. Таму ён вырашыў, што больш важнаю справаю будзе будаўніцтва не мураванага касцёла, а ўзрастанне духоўнага жыцця, будаўніцтва «жывога касцёла». З гэтаю думкаю ён узяўся за актывізацыю парафіяльнага жыцця і ўпарадкаванне існуючай святыні. Ужо ў 1933 г. была пабудавана мураваная брама, уздоўж плоту і пры выхадзе з храма паклалі бетонныя ходнікі. Святыню пафарбавалі, адрамантавалі дах. Мясцовы жыхар Міхал Баранцэвіч ахвяраваў вялікую жырандолю, Зыгмунт Катлубай - 20 драўляных лавак. Зрабілі шкляныя дзверы і адрамантавалі плябанію. У 1934 г. касцёл абнеслі высокаю агароджаю з дубовымі слупамі. У святыні былі зроблены бакавыя алтарыкі, у бакавой наве павесілі жырандолю, ахвяраваную заснавальнікамі Польскага Банку, закупілі фігуркі, харугвы, дываны.

Капліца перабудоўвалася ў парафіяльны дом. У 1935 г. былі ўзведзены яго муры, набыты літургічныя рэчы і кнігі. У 1936 г. адрамантавалі плябанію і пабудавалі шапік для продажу каталіцкіх выданняў. Надзейнымі памочнікамі пробашча сталі першы вікары Эдвард Завадскі і другі вікары Францішак Янкоўскі, які быў яшчэ і баранавіцкім школьным прэфектам13.

Апрача касцёла Узвышэння Св. Крыжа, да ўз'яднання з СССР у Баранавічах былі яшчэ два касцёлы. Касцёл Маці Божай Каралевы Польшчы, адчынены ў 1937 г. у раёне Баранавічы-Палескія, мясціўся ў невялічкай драўлянай капліцы. Пробашчам быў кс. Чэслаў Федаровіч14. (Да яго, на пачатку 30-х гадоў, калі касцёл быў у стане будоўлі, абавязкі пробашча выконваў Я.Барысюк, а Імша праходзіла ў школьнай капліцы.) Парафія налічвала каля 1020 чалавек15.

Трэцім быў вайсковы, гарнізонны касцёл св. Антонія Падуанскага, які існаваў ад пачатку 20-х гадоў16. Напярэдадні 1939 г. пробашчам гэтага касцёла быў кс. капелан Антоні Александровіч17. Апрача таго, у 30-я гг. у горадзе існавала некалькі каталіцкіх грамадскіх аб'яднанняў: «Акцыя каталіцка», таварыства «Caritas», каталіцкае задзіночанне. У 1938 г. місіянеры закона Божага Слова - вербісты - пачалі ў Баранавічах справу евангелізацыі. У тым жа годзе ў цэнтры мястэчка імі былі закладзены падмуркі новага касцёла і кляштара. Да 1939 г. аказвалі свае высакародныя паслугі і сёстры закону місіянерак Святой Сям'і. Яны працавалі ў лякарні, выхоўвалі сіратаў у прытулку. Дарэчы, гэты прытулак прымаў дзяцей католікаў, праваслаўных, юдэяў. Апрача таго, баранавіцкія ксяндзы і законнікі працавалі ў школах: кс. С.Карповіч і кс. Я.Барысюк - у сярэдняй школе, кс. Ф.Янкоўскі - у прафесійнай18.

Адзначым, што да 1939 г. Баранавіцкі павет дзяліўся на тры дэканаты: Баранавіцкі, Ляхавіцкі і Сталавіцкі. У 1937 г. у павеце былі 22 касцёлы і 11 капліцаў, дзе працавала 24 ксяндзы, 13 законнікаў і 20 законніцаў з законаў Ганаровая Варта Сэрца Езуса, трэці закон св. Францішка і з іншых. У павеце жыло каля 46 тысяч католікаў, у тым ліку ў Баранавічах - 9 тысяч 144 з 26,5 тысяч жыхароў19.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза новыя ўлады ўзняліся на барацьбу з «рэлігійным дурманам». Яны чынілі перашкоды ў дзейнасці ўсіх канфесіяў, але асабліва варожа ставіліся да каталіцкіх святароў, лічачы іх «польскімі агентамі». Тады і пачаў несці першыя ахвяры Баранавіцкі дэканат: вайсковы касцёл ператварылі ў склад, а пазней разабралі на дровы20.

Другая сусветная вайна дадала новых ахвяраў за веру. Загінуў кс. Ч.Федаровіч. Пры касцёле Узвышэння Св. Крыжа быў знішчаны парафіяльны дом і плябанія21. Урэшце ў 1944 г. у Баранавічах засталося два касцёлы - цэнтральны і на Палескіх. Пасля вайны першым пробашчам працаваў кс. Барысюк, у 1945-47 гг. ён быў таксама генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Трэба адзначыць, што ксёндз застаўся верным сваёй парафіі і не выехаў за мяжу, як гэтага дамагаліся камуністычныя ўлады. У 1949 г. ён быў арыштаваны НКВД, асуджаны на 10 гадоў канцлагеру і высланы ў Сібір, дзе і памёр у 1953 г.22. Гэта была адна з ахвяраў атэістычнага рэжыму, па загадзе якога ў першыя паваенныя гады (1945-51) на Беларусі арыштавалі каля 170-180 ксяндзоў, прыблізна 70-80% ад іх агульнай колькасці23.

Пасля смерці кс.Федаровіча капліцу абслугоўвалі ксяндзы-місіянеры Божага Слова. Затым абавязкі пробашча выконваў кс. Браніслаў Вялічка, які ў 1946 г. выехаў у Польшчу. Пасля яго сюды прыязджаў адпраўляць Св. Імшу кс. Станіслаў Рагоўскі, які пазней замяніў кс. Барысюка на пасадзе пробашча і дэкана. З 1947 да 1950 г. ён жыў на тэрыторыі гэтай парафіі, пакуль капліцу не ператварылі ў гімнастычную залу (пазней з яе зрабілі склад старызны, пасля чаго зусім разабралі на дровы)24. Такім чынам у горадзе на пачатку 50-х гадоў застаўся толькі адзін касцёл, пробашчам якога да самай смерці (1978 г.) быў кс. Рагоўскі. Пасля душпастырскія абавязкі разам з кс. Ежы Росекам з Паланечкі выконваў кс. Антоні Гей, які працаваў у Баранавічах да 1991 г., а потым быў накіраваны на працу ў Маскву25.

У 1991 г. пробашчам адзінага баранавіцкага касцёла стаў кс. Казімір Велікаселец. Раней ён быў пробашчам у Ішкалдзі, Сталавічах, Паланечцы. Дзякуючы ягонай руплівасці касцёл аднавілі ўнутры і звонку, а таксама замянілі алтар. У хуткім часе на тэрыторыі святыні пабудавалі катэхетычны дом, у якім з 1994 г. ідзе катэхізацыя дзяцей і моладзі. 10 снежня 1995 г. у касцёле адбылася ўрачыстая Св. Імша, якую адправіў кс. кардынал К.Свёнтэк з нагоды 70-годдзя святыні. Урачыстасць была таксама і юбілеем усёй Пінскай дыяцэзіі, заснаванай у 1925 годзе. У сваім казанні кардынал адзначыў, што гэтая святыня выконвала ролю першага касцёла ў Баранавічах26.

Распад Савецкай імперыі дазволіў баранавіцкім католікам пачаць Адраджэнне веры. З 1990 г. у горадзе аднавіў сваю дзейнасць закон Місіянераў Божага Слова на чале з айцом Ежы Мазурам. Менавіта ў Баранавічах з 1992 г. знаходзіцца цэнтр вербістаў на Усходзе (тэрыторыі былога СССР).

У чэрвені 1993 г. вербісты заснавалі другую баранавіцкую парафію - Маці Божай Фацімскай, дзе пробашчам стаў а. Е.Мазур (Паўночны мікрараён), але яшчэ цэлы год вернікі дамагаліся зямлі пад будаўніцтва святыні, молячыся ў гэты час у капліцы Дома айцоў-вербістаў (дарэчы, калі той яшчэ будаваўся). Нарэшце пляц быў атрыманы і на месцы будучага касцёла вернікі паставілі крыж...

Увосень таго ж года пачаліся будаўнічыя працы. Праект будынка падрыхтаваў архітэктар з Рады па будаўніцтву і рэстаўрацыі касцёлаў брат-вербіст Бэла Лані. 28 траўня 1995 г. у прысутнасці 2 тысяч чалавек кардынал К.Свёнтэк асвяціў вуглавы камень.

І вось нарэшце, 13 кастрычніка 1996 г., у дзень Маці Божай Фацімскай, адбылося асвячэнне новай святыні, а ў сцяну была замуравана капсула з Актам аб асвячэнні і з святым каменем з Ерузалема. Каля 4 тысяч парафіянаў і гасцей сабраліся на ўрачыстасць. Кардынал Казімір Свёнтэк звярнуў увагу прысутных на тое, што гэта першы касцёл Маці Божай Фацімскай на Усходзе...

Як ужо адзначалася, стварэнне парафіі стала вынікам актыўнай дзейнасці айцоў-вербістаў. 1 кастрычніка 1995 г. быў асвечаны Місійны Дом Св. Тройцы - асяродак дзейнасці Закона. У ім знаходзіцца рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог» і Катэхетычны каледж з трохгадовым тэрмінам навучання, які дзейнічае з 1992 г.

Паступова Дом айцоў-вербістаў стаў асяродкам каталіцкага жыцця Баранавічаў і ваколіцаў. Так, 14-15 траўня 1997 г. тут адбыўся Нацыянальны экуменічны сімпозіум «На шляху да прымірэння». На яго з'ехаліся прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў на Беларусі, каб абмеркаваць магчымасці аб'яднання намаганняў у справе сумеснага агульнахрысціянскага пошуку шляхоў да спакою і ладу ў грамадстве27. 21 лістапада таго ж года адбылося першае паседжанне журналістаў і выдаўцоў беларускіх каталіцкіх СМІ (на той час іх было 6) з удзелам кардынала К.Свёнтка28...

У парафію Маці Божай Фацімскай з пачатку 90-х гадоў вярнуліся і працуюць сёстры-законніцы місіянеркі Святой Сям'і. Іх дзейнасцю кіруе сястра Фабіяна. Як і вербісты, закон абраў Баранавічы сваім асяродкам на Усходзе. Законніцы праводзяць духоўныя заняткі для дзяўчат, разнастайныя духоўныя сустрэчы для дзяцей і моладзі, выкладаюць у каледжы, супрацоўнічаюць з рэдакцыяй «Дыялога». З 1996 г. місіянеркі гатуюць і дастаўляюць абеды (у сярэднім каля 160 штодня) хворым, бедным і адзінокім пажылым людзям. 19 красавіка 1998 г. быў асвечаны вуглавы камень Дома Міласэрнасці закона. Цяпер ідзе хуткае будаўніцтва гэтага Дома, у якім будуць жыць і працаваць самі сёстры і дзеці-інваліды.

Сучасны каталіцкі касцёл у Баранавічах жыве актыўным жыццём. Задача духоўнага адраджэння беларусаў, іх вяртанне да Бога вырашаецца шляхам стварэння не вялікіх прэзентатыўных парафій, куды людзі збіраюцца толькі па святах, а маленькіх «хатніх» ва ўсіх мікрараёнах горада. Не так даўно была створана трэцяя парафія св. Зыгмунта ва Усходнім мікрараёне. 16 лістапада 1996 г. у свята Маці Божай Міласэрнасці кардынал К.Свёнтэк асвяціў месца пад будаўніцтва касцёла св. Зыгмунта ў гонар слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, папярэдніка кардынала Казіміра Свёнтка. Пробашчам новай парафіі стаў кс. Багдан Крынскі. Нягледзячы на незавершанасць будаўніцтва, у парафіі рэгулярна праводзяцца набажэнствы.

...Яшчэ раз хацелася б звярнуцца да феномена Баранавічаў - імклівага ператварэння невялічкага маёнтка ў буйны прамысловы і культурны цэнтр на захадзе Беларусі. У рэлігійным жыцці сучаснай Беларусі Баранавічы становяцца не толькі значным каталіцкім асяродкам, але і адным з цэнтраў сутыку найбольш распаўсюджаных хрысціянскіх канфесіяў: рыма-каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай і уніяцкай. І, пэўна, нездарма шмат хто з вядомых каталіцкіх святароў звязаны з гэтаю зямлёю: біскуп Ян Цепляк рупіўся пра адкрыццё тут касцёла; біскуп Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся недалёка ад Баранавічаў, у вёсцы Бараціна Наваградскага раёна, і асвячаў першы касцёл; кардынал Казімір Свёнтэк у свой час вучыўся ў адной з баранавіцкіх школаў...

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar