Успаміны звычайных жыхароў Заходняй Беларусі з’яўляюцца каштоўнымі дакументамі па гісторыі гэтага рэгіёну. Адзін з такіх дакументаў — дзённік Юзафа Антонавіча Рыбалтоўскага з вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Дзённік напісаны ў ліпені 1931 года і ахоплівае ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя, аднак яго матэрыялы з’яўляюцца яскравай ілюстрацыяй тых нялёгкіх для жыхароў Заходняй Беларусі часоў.
Старонка з дзённмка філосафа Юзафа Рыбалтоўскага
ГІСТОРЫЯ БРАТОЎ
Дакладна не вядома, калі Юзаф Рыбалтоўскі нарадзіўся. Адзін з яго братоў Жыгімонт у 1899 годзе з’ехаў з Ішкалдзі ў Пецярбург і хутка ўладкаваўся на службу ў горны дэпартамент у якасці дзяржаўнага чыноўніка. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ён пераехаў у Маскву, а пасля кастрычніцкага перавароту (Юзаф Рыбалтоўскі выкарыстоўвае менавіта гэтае акрэсленне — І.М.) Жыгімонт вяртаецца на радзіму. Другі брат Кастусь увесь час заставаўся дома, і калі ў 1902 годзе памірае іх бацька Антоній, менавіта Канстанціну прыйшлося займацца пахаваннем. Справа ў тым, што сам Юзаф у гэты час быў на службе ў Рускай імператарскай арміі.
У красавіку 1907 года ў Ішкалдзь прыехаў сталічны франт Жыгімонт, які, не жадаючы займацца сялянскай працай, аддае свой кавалак зямлі братам, папярэджваючы іх, што зараз зямля яму не патрэбна, аднак, магчыма, прыйдзе час, калі ён забярэ сваю частку спадчыны. Браты Юзаф і Кастусь падзялілі зямлю і жывёлу пароўну і спакойна займаліся сялянскай працай.
Ішкалдскі гастарбайтар у Піцеры
Юзаф займаўся яшчэ і настаўніцтвам. У сябе ў хаце ён рабіў заняткі для вясковых дзяцей па рускай і польскай мовах. Ужо тады ў гэтага чалавека з’яўляюцца першыя кнігі па гісторыі і літаратуры (у 1920–1930-я гады Юзафу Рыбалтоўскаму ўдалося сабраць багатую і цікавую бібліятэку па гуманітарных навуках — І.М.). Хутка гэты чалавек вырашае папрацаваць у вялікім горадзе і выязджае да брата ў Пецярбург. Юзаф Антонавіч уладкоўваецца на працу ў Галоўпаштамт сталіцы Расійскай імперыі. «Папрацаваўшы там 8 месяцаў, прыйшлося мне звольніцца. Кіраўніцтву не падабаліся мае «польскія» карані. У 1912 годзе я вырашыў вярнуцца ў Ішкалдзь», — адзначае Рыбалтоўскі ў дзённіку.
Паштоўка з відамі Вільні
ДЭПУТАТ САЛДАЦКАГА САВЕТУ
У 1914 годзе пачынаецца Першая сусветная вайна. Юзаф Антонавіч ізноў паступае на службу ўРускую імператарскую армію. Дома засталіся жонка і трое сыноў, якім было 7, 5 і 2 гады. У 1916 годзе Рыбалтоўскага накіравалі на Румынскі фронт у артылерыю, дзе ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на рацэ Сірэт. Падчас баявых дзеянняў Юзаф Антонавіч быў паранены ў нагу, і гэтая рана пазней часта нагадвала пра сябе.
Пасведчанне на з'езд у Адэсе, 1917 г.
Расійская імперыя дажывала апошнія дні. Пад уплывам паразаў на франтах і пад уздзеяннем бальшавіцкай агітацыі разлагалася руская армія. У траўні 1917 года бамбардзір 3-га парка 23-га артылерыйскага дывізіёна Юзаф Рыбалтоўскі накіроўваецца ў Адэсу для ўдзелу ў Абласным і Франтавым з’ездзе Саветаў рабочых, салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў Румынскага фронту ў якасці дэпутата. Хутка ў яго кішэні ўжо ляжала пасведчанне нумар 1755.
Пасведчанне Рыбалтоўскага — удзельніка з'езду ў Адэсе ў 1917 г.
Для селяніна з Заходняй Беларусі ідэі бальшавікоў былі чужымі, і як толькі прадстаўляецца магчымасць, Рыбалтоўскі вяртаецца дадому.
Напрыканцы 1918 года з Масквы разам з жонкай і дзецьмі прыехаў Жыгімонт Антонавіч. Браты Кастусь і Юзаф размясцілі яго ў сябе.
«НУЛЯВЫЯ САВЕТЫ»
Хутка Заходняя Беларусь апынулася пад бальшавіцкай акупацыяй. У польскай гістарыяграфіі існуе паняцце «Першыя Саветы», пад якім разумеецца перыяд з верасня 1939 — па чэрвень 1941 гадоў, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе СССР. Атрымоўваецца, што той кароткі перыяд у 1919–1920 гадах, калі заходнебеларускія тэрыторыі знаходзіліся пад савецкай уладай, можна назваць «Нулявымі Саветамі». Часу пагаспадарыць на гэтых землях у бальшавікоў было няшмат, але крывавых спраў яны паспелі нарабіць багата.
Разам з братам Жыгімонтам ён едзе да бальшавікоў, каб дамовіцца пра вызваленне святара. «Хадакоў» арыштоўваюць як контррэвалюцыянераў і разам з ксяндзом накіроўваюць у Навагрудак. Там гэтых людзей трымалі тры дні. Уночы з 18 на 19 сакавіка Рыбалтоўскіх адправілі ў распараджэннеНадзвычайнай камісіі ў Мінск, а ксяндза з Ішкалдзі і яшчэ аднаго чалавека па прозвішчы Карнутоўскі адвезлі ў Мірскі замак і… расстралялі. У турме ў Мінску браты Рыбалтоўскія знаходзіліся 10 тыдняў. Пасля гэтага іх нечакана адпусцілі. Жыгімонт адразу збег у Баранавічы, таму што там знаходзіліся падраздзяленні Войска Польскага, а яго сям’я працягвала жыць у дамах Кастуся і Юзафа.
Сам Юзаф Антонавіч баяўся вяртацца дахаты. Бальшавіцкія ўлады не аднойчы заходзілі да яго жонкі і пыталі, дзе муж, таму ён вымушаны быў хавацца ў лесе.
Хутка бальшавікі пачынаюць наступленне ў кірунку Варшавы — і ўлада зноў змяняецца. Жыгімонт з’язджае на захад у Познанскае ваяводства. У сваю чаргу Юзаф быў мабілізаваны бальшавікамі ў абоз і накіраваны ў Слонім. Аднак па дарозе да мястэчка на абоз налятае польская кавалерыя. Бальшавікоў расстрэльваюць, а сялян адпускаюць. Праўда, коней і падводы палякі забралі. Так, па прызнанні Юзафа Антонавіча, ён пазбавіўся адной з галоўных сваіх прылад працы.
МІРНАЕ ЖЫЦЦЁ
Пасля Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе Заходняя Беларусь увайшла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. У гэтым жа годзе на радзіму вяртаецца Жыгімонт Рыбалтоўскі і займае высокую пасаду ў кіраўніцтве гмінай Мір. Нарэшце, у сям’і Рыбалтоўскіх пачынаецца мірнае жыццё.
Паштоўка ад Юзафа-малодшага (з выявай палацу з Жэмыслаўе)
Паміж братамі (асабліва Жыгімонтам і Юзафам — І.М.) адбываліся маёмасныя спрэчкі, аднак іх удавалася вырашыць на сямейным савеце. У 1929 годзе са службы ў Войску Польскім вяртаецца старэйшы сын Юзафа Антонавіча. Бацька выдае яму 30 злотых і накіроўвае ў Варшаву. Маўляў, у сталіцы заўсёды больш магчымасцяў.
Салдаты Войска Польскага, сярод якіх і старэйшы сын Рыбалтоўскага
Пры гэтым варта разумець, што эканамічнае становішча гэтага чалавека было далёка не стабільным. Захаваўся адказ на ліст Рыбалтоўскага ў Польскую страхавую кампанію, датаваны чэрвенем 1934 года, у якім прадстаўнікі афіцыйнай структуры адмаўляюць знізіць кошт аплаты за страхоўку ад пажару.
Ліст з Польскай страхавой кампаніі, 1934 г.
ЗАМЕСТ БКА Ў «КАСЦЮШКАЎЦЫ»
1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, а праз 17 дзён на тэрыторыю Заходняй Беларусі прыходзіць Чырвоная Армія, і пачынаюцца «Першыя Саветы». Аднак ужо праз два гадыТрэці рэйх нападае на Савецкі Саюз, і яшчэ не паспеўшая стаць савецкай Заходняя Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй. Юзаф Рыбалтоўскі працягваў жыць як звычайны селянін. Працаваў на сваёй зямлі, плаціў падаткі.
Падатак 1943 года (на беларускай мове)
Зямельная ўласнасць Юзафа Юзафавіча Рыбалтоўскага, 1939 г.
Сын Рыбалтоўскага Юзаф Юзафавіч ледзь не трапіў на службу ў… Беларускую Краёвую абарону. Пра гэта сведчыць пасведчанне аб адтэрміноўцы ад службы, выданае 11 сакавіка 1944 года мабілізацыйнай камісіяй у мястэчку Гарадзішча. Апрануць чорны паліцэйскі мундзір Рыбалтоўскі-малодшы не паспеў. Хутка тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад немцаў, а хлопец трапіў на службу… у Народнае Войска Польскае і з ім дайшоў да Берліна. На гэтым, на жаль, нашы веды пра гэтую сям’ю абрываюцца.
Мабілізацыйная картка ў БКА Юзафа Юзафавіча, 1944 г.
Дакументы і фота з асабістага архіва Ігара Мельнікава