Главное меню
Вуліцы майго горада: Камсамольская
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1589

       Не толькі адна з самых прыгожых, але і адна са старэйшых вуліц горада. Узнікла яна прыблізна ў 1884 годзе. Называлася спачатку Паштовая, таму што тут знаходзілася самая першая ў горадзе пошта. Пачыналася вуліца  ў раёне сённяшняй плошчы, а заканчвалася каля Старога парка. Тут размяшчаўся летні тэатр. У ім у 1908 годзе выступаў вядомы яўрэйскі пісьменнік Шалом-Алейхем. Аб ім нам нагадвае мемарыяльная дошка на  будынку былой гасцініцы "Славянскай”,  дзе пісьменнік жыў каля месяца.

       На некаторай адлегласці ад местачковых пабудоў знаходзілася бойня. Ёю карысталіся жыхары мястэчка і  сумежных вёсак.

       З 1915 па 1919 гады, калі Баранавічы былі акупіраваны нямецкімі войскамі, вуліца Паштовая стала называцца Постштрасэ. Пасля адыходу кайзераўскіх салдат на кароткі час яна зноў стала Паштовай.

       У выніку савецка-польскай вайны і падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора Баранавічы ўвайшлі ў склад Польскай дзяржавы. На польскі манер змяняліся і назвы вуліц.  Так, вуліца Паштовая стала называцца Нарутовіча, у гонар прэзідэнта даваеннай Польшчы і з’яўлялася адной з важнейшых у Баранавічах польскага перыяду. Тут знаходзіліся староства – адміністрацыя Баранавіцкага павета (у будынку былой гасцініцы), дарожнае ўпраўленне, гарадскі шпіталь. У 30-я гады ўзводзіцца будынак радыёстанцыі, кінатэатр "Апполо” (потым стаў называцца "Камсамолец”), былая бойня ператвараецца ў адно з буйнейшых у Заходняй Беларусі прадпрыемстваў – фірму мясных перапрацовак "Крэс-экспарт”. А на вуглу вуліц Нарутовіча і Шаптыцкага (сённяшніх Камсамольскай і Савецкай) стаяла кавярня "Злоты рог”.

        Пасля аб’яднання Беларусі ў 1939 годзе і ўсталявання ў горадзе савецкай улады вуліца Нарутовіча была перайменавана ў вуліцу Камсамольскую.

        У час нямецкай акупацыі 1941-1944 гг. вуліца зноў становіцца Паштовай. І толькі пасля вызвалення Баранавіч яна канчаткова застаецца Камсамольскай.

        У пасляваенныя гады на месцы разбураных кварталаў і гарадскога даваеннага рынка, паміж вуліцамі Прытыцкага і Гагарына, Камсамольскай і Горкага быў разбіты  парк, атрымаўшы ў 1948 годзе назву "Парк імя 30-годдзя УЛКСМ”. На ўваходзе ў парк стаіць помнік лётчыку, двойчы Герою СССР, нашаму земляку – Сяргею Грыцаўцу. Крыху далей паміж вуліцамі Камсамольскай і Калініна, Міцкевіча і Кудрына захаваўся Стары парк, любімае месца адпачынку гараджан амаль да канца 70-х гадоў. На ўскраіне парка знаходзіцца архітэктурны помнік – будынак былой радыёстанцыі, а цяпер тут размяшчаецца тэлекампанія "Інтэкс”.

      Захаваліся да нашага часу і дамы графа Развадоўскага, уласніка мястэчка Равадова. Непадалёку растуць два пірамідальныя дубы, якія з’яўляюцца помнікам прыроды.

      Змяніўся воблік вуліцы Камсамольскай. З’явіліся новыя дамы, магазіны, навучальныя і медыцынскія ўстановы, цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка,  будынкі прадпрыемстваў "Будаўнічага трэста № 25” і "Водаканала”.

      Вуліца вабіць сваёй утульнасцю, разнастайнасцю і прыгажосцю зялёных насаджэнняў.

 
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar