Главное меню
Падпольная «Чайка»
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1223
Закончылася Другая сусьветная вайна. Беларусь, што ляжала ў руiнах, была ўсланая магiламi. Загiнуў тут кожны чацьверты. Панёсшы такiя агромнiстыя страты, народ спадзяваўся, што бальшавiцкiя ўлады нарэшце дадуць хоць крыху свабоды. Хадзiлi нават чуткi, што Сталiн паабяцаў Жукаву пасьля вайны распусьцiць калгасы. I ўсе з энэргiяй i самаахвярнасьцю ўзялiся за аднаўленьне зруйнаванага роднага краю.

У сьвеце многае зьмянялася да лепшага. Была створаная Арганiзацыя Аб’яднаных Нацыяў, у склад якой i Беларусь увайшла як асобная дзяржава, сузаснавальнiца. У газэтах зьяўлялiся весткi аб актывiзацыi нацыянальных рухаў недзе ў замежжы i аб распадзе калянiяльных iмпэрыяў. У суседнiх Польшчы, Украiне, Лiтве пашыралася барацьба за незалежнасьць ад Савецкага Саюзу. Прэм’ер-мiнiстар Вялiкабрытанii Чэрчыль у сваiх выступах пагрозьлiва патрабаваў ад Сталiна неўмяшаньня ва ўнутраную палiтыку цэнтральнаэўрапейскiх дзяржаваў, i савецкiя газэты дружна заяўлялi, што «Чэрчыль бразгае зброяй». А жыцьцё ў Заходняй Беларусi зноў сьведчыла аб нязьменнасьцi парадкаў у Савецкай iмпэрыi — заставаўся той самы рэпрэсiўны рэжым з антынацыянальным гвалтам i жабрацкiм калгасным ладам. Зноў, як пры нямецкай акупацыi, моладзь прымусова вывозiлi на работы, але гэтым разам ужо ў Сiбiр i на Ўрал. А недзе з усходу няспынным патокам хлынулi камунiстычныя асаднiкi, якiя нахабна прэтэндавалi на месца пад сонцам i ўраз выпхнулi з усiх цёплых пасадаў былых партызанаў i мясцовых камунiстаў, адначасова зьмятаючы i ўсё беларускае: мову, культуру, нацыянальныя каштоўнасьцi.

Новыя «вызвалiцелi» пагардлiва i зьняважлiва ставiлiся да тых, хто жыў пад нямецкай акупацыяй; савецкiя ўлады зь недаверам i падазронасьцю глядзелi на мясцовае насельнiцтва. Магчыма, на гэта былi пэўныя падставы. Бо за тыя тры гады нацыянальныя школы i асяродкi культуры, што дзейнiчалi на акупаванай Беларусi, нягледзячы на складанасьць умоваў i шматлiкiя перашкоды, змаглi адкрыць многiм, асаблiва моладзi, вочы на сапраўдную гiсторыю Бацькаўшчыны, разбудзiць у iх сэрцах пачуцьцi годнасьцi i нацыянальнай любовi да сваiх каранёў, сваёй Беларусi.

Цяпер жа зь неўтаймаванай агрэсiўнасьцю i вульгарнасьцю на запалоханы край абрынуўся шквал фальшу i чужой эрзац-культуры. Зноў уся ўлада апынулася ў чужых руках i ўсё вельмi нагадвала акупацыю. Таемна начамi зьнiкалi людзi, чэка свавольна патрашыла гарады i вёскi, iшла гвалтоўная русiфiкацыя, беларуская мова i культура адкрыта зьневажалiся, гiсторыя нахабна фальсыфiкавалася. I гэта ўсё рабiлася ўладнымi невукамi на прымiтыўным узроўнi. Махлярства, хамства i гвалт сталi неад’емнымi атрыбутамi ўлады. Уводзiлiся велiзарныя «падаткi», прымусовыя «пазыкi», забароны i абмежаваньнi.

Усяго гэтага не магла не заўважаць чулая на палiтычны клiмат моладзь i патрыятычна настроеная iнтэлiгенцыя. Яна спрабавала легальна адстойваць свае нацыянальныя канстытуцыйныя правы i годнасьць, але ў адказ сыпалiся пагрозы ўдушэньня i абвiнавачаньнi ў буржуазным нацыяналiзме i антысавецкай агiтацыi.

Само ж жыцьцё штурхала да абурэньня i пратэсту, да барацьбы за чалавечую i нацыянальную годнасьць. I ўжо ў самым пачатку 1946 году ў розных кутках Заходняй Беларусi пачалi ўзьнiкаць iнiцыятыўныя групкi патрыётаў, якiя не маглi i не хацелi моўчкi мiрыцца з новым акупацыйным гвалтам. У памяцi многiх была яшчэ сьвежай барацьба супраць палякаў i немцаў за свае нацыянальныя сьвятынi. Асаблiва ўзмацнiўся ўздым нацыянальнага руху з наблiжэньнем вясны 1946 году.

Верагодна, адным з найбольш яскрава выражаных агмянёў такога беларускага патрыятычнага руху ў Заходняй Беларусi была Слонiмшчына, дзе мне непасрэдна давялося жыць i дзейнiчаць. Адразу зазначу, што з прычыны кансьпiрацыi далёка ня ўсё мне вядома аб рэгiянальнай дзейнасьцi нашага антырэжымнага падпольля 1946-1947 гадоў. У доступе да архiўных матэрыялаў сьледзтва ў 1995 годзе мне было адмоўлена. Таму ўсё нiжэй прыведзенае — гэта штрыхi з маiх асабiстых успамiнаў i скупых зьвестак, сабраных ня з мэтай дасьледаваньня справы.

А пачыналася ўсё так. Мы — былыя аднакурсьнiкi Слонiмскай настаўнiцкай сэмiнарыi, раскiданыя па розных гарадах i вёсках краю, сустракалiся й узгадвалi юнацтва i пра нашае шчырае жаданьне прысьвяцiць сябе служэньню свайму народу, яго асьвеце i культуры. З болем i жахам мы назiралi, як топчуцца i зьневажаюцца нашыя сьвятынi. Кожная такая сустрэча зблiжала духоўна, будзiла жаданьне неяк супрацьстаяць гвалту. Было ж нам тады каля дваццацi, наперадзе — усё жыцьцё зь сьветлымi марамi i жаданьнем пражыць яго дастойна i прыгожа, на карысьць роднай Беларусi. А наўкола рушылася ўсё. Чужы брудны бот нахабна таптаўся па нашых iдэях, нашых шчырых юнацкiх сэрцах. За што?! — узьнiкала пытаньне.

Усе мы бачылi, як гэты ж бот прайшоўся па многiх народах Эўропы i ў крывi ўтапiў iх свабоду, але маўчаць было немагчыма. I мы вырашылi, ахвяруючы сваiм жыцьцём, баранiць гонар, сумленьне i самабытную спадчыну свайго народу. Уступаць у адкрытую барацьбу цяпер было безнадзейна i таму было прынятае наступнае: праз патрыятычнае падпольле весьцi абуджэньне моладзi i ўплывовай iнтэлiгенцыi, рыхтуючы такiм чынам супрацiў шквалу чужацкае плынi, што несла з сабой маральнае i духоўнае разлажэньне нацыi, зьнiшчэньне гiстарычных каштоўнасьцяў народа.

Асноўная iнiцыятыва стварэньня падпольля належала, акрамя мяне, Мiхасю Ракевiчу i Мiхасю Чыгрыну. Падрыхтоўка да ўстаноўчага сходу цягнулася да вясны. Мы разумелi сур’ёзнасьць справы i не сьпяшалiся зь яе фарсiраваньнем. Нарэшце, сход з абмежаванай колькасьцю прысутных быў прызначаны на нядзелю, недзе ў самым пачатку траўня 1946 году. Павiнна было сабрацца ня болей як пяць чалавек. З уступным паведамленьнем павiнен быў выступiць я. Рыхтавалiся тэзысы праграмы дзейнасьцi падпольля, схема структурнай будовы, асновы кансьпiрацыi.

Памятаю, была прыгожая нядзельная ранiца. Прайшоўшы пешшу 12 кiлямэтраў (бо працаваў настаўнiкам у вёсцы Глоўсевiчы), у 10 гадзiн — як было дамоўлена, я чакаў астатнiх у Слонiме на дамбе канала Агiнскага. Хваляваньне ўзрастала з-за непунктуальнасьцi збору i рызыкоўнасьцi мерапрыемства. Думалася рознае — пачыналася самаахвярная i няроўная барацьба. Нарэшце, у далечынi зьявiлася чаканая групка, але зьдзiвiла прысутнасьць у ёй дзяўчатаў, што загадзя не было агаворана, i колькасьць — пяць асобаў. Дзяўчаты мне незнаёмыя. Аказалася, што былi гэта сяброўкi прысутных, якiя ўжо ўведзены ў курс справы i далi згоду на ўдзел у барацьбе. Прыйшлося хаваць сваё абурэньне такой нечаканасьцю i легкадумствам.

Дзьвюма групкамi грамада накiравалася за горад. Там, за высокiм чыгуначным насыпам, на шырокiм лузе, парослым кустоўем, можна было спакойна схавацца ад непатрэбнага вока. Дзяўчаты для кансьпiрацыi захапiлi з сабой падручнiкi i сшыткi.

У сходзе, акрамя мяне, бралi ўдзел Мiхась Ракевiч, Мiхась Чыгрын, Аляксандар Гардзейка, Лёдзя Кавальчук i Нiна Карач. Азнаёмiўшы прысутных з мэтай сходу i атрымаўшы адзiнагалосную згоду на актыўны ўдзел у самаахвярнай барацьбе за лёс Бацькаўшчыны, я папярэдзiў, што гэта вельмi небясьпечна i можа каштаваць ня толькi волi, але й жыцьця; патрыёты рашуча прагаласавалi за ўдзел. Такiм чынам, ахвяруючы сабой у iмя Беларусi, тут жа было вырашана стварыць беларускую падпольную патрыятычную арганiзацыю i даць ёй кансьпiратыўнае iмя «Чайка». Такая назва не гаварыла нi аб чым, што магло б нагадваць аб падпольнай антырэжымнай дзейнасьцi. Прынята рашэньне, што арганiзацыя павiнна быць сацыял-дэмакратычнай. На выпадак правалу гэта быў бы матыў, што i кампартыя пачынала свой шлях з сацыял-дэмакратыi. Затым былi выбраныя кiраўнiк i сакратар. Iмi сталi я i Нiна Карач, якая павiнна заняцца шыфроўкай магчымай, хоць мала пажаданай, дакумэнтацыi. Вызначаны таксама асновы кансьпiрацыi, мэты i структура арганiзацыi, напрамкi i мэтады практычнай дзейнасьцi. Асобна было агаворана, што арганiзацыя не павiнна займацца тэрорам i падрыўной дзейнасьцю, а праз iдэйна-асьветнiцкую патрыятычную iндывiдуальную працу пашыраць свае шэрагi. Пры гэтым не захапляцца колькасным складам груп, а зьвяртаць асаблiвую ўвагу на надзейнасьць i пэрспэктыўнасьць удзельнiкаў падпольля. Канкрэтныя задачы на пэрспэктыву кожны з удзельнiкаў сходу павiнен быў вызначыць па магчымасьцi сам i пра рашэньнi паведамiць на наступным сходзе.

На наступную нараду зь невядомай прычыны Нiна Карач не зьявiлася. Стала зразумела, што дапушчана недаравальная памылка з уключэньнем жанчын у сур’ёзную барацьбу i вырашана выключыць iх з далейшай дзейнасьцi. У прысутнасьцi Лёдзi Кавальчук было афiцыйна аб’яўлена, што па шэрагу абставiн арганiзацыя спыняе сваё iснаваньне. Было гэта меркаваным выпраўленьнем дапушчанай памылкi. На самой справе, пасьля пэўнага перапынку i зьмены месца сустрэч, арганiзацыя працягвала iснаваць, зьвярнуўшы асаблiвую ўвагу на кансьпiрацыю. Рашэньнямi наступных сходаў былi разьмеркаваныя канкрэтныя заданьнi кожнаму з удзельнiкаў, распрацаваныя праграмныя дэталi i пляны дзейнасьцi. Мiхасю Ракевiчу, напрыклад, было даручана арганiзаваць групу ў Берасьцейскiм чыгуначным тэхнiкуме, дзе ён вучыўся, Мiхасю Чыгрыну — у Жыровiцкiм сельскагаспадарчым тэхнiкуме, мне — ў Баранавiцкiм настаўнiцкiм iнстытуце, Аляксандру Гардзейку — сярод прагрэсiўнай моладзi Слонiма.

Час прысьпешваў, наблiжалiся летнiя канiкулы i ўсе павiнны былi пасьпець разгарнуць работу, каб, разьехаўшыся на канiкулы, моладзь мела магчымасьць пашырыць iдэю на месцах. Калi ж сябрам з пастаўленай задачай справiцца было крыху лягчэй, бо яны там вучылiся, то мне пранiкнуць у баранавiцкi студэнцкi калектыў было значна складаней. Ды парывы патрыятызму i маладосьць амаль ня ведалi перашкод. У адну зь нядзельных ранiц таварняком (аўтобусаў i пасажырскiх цягнiкоў не было) я дабраўся да Баранавiч, знайшоў iнстытуцкi iнтэрнат i адшукаў там Уладзiмера Салаўя — былога студэнта Слонiмскай настаўнiцкай сэмiнарыi. У размове зь iм удалося высьветлiць супадзеньне поглядаў. Я прапанаваў яму больш уважлiва прыгледзецца да найбольш адказных сяброў з тым, каб стварыць пры iнстытуце падпольную патрыятычную групу. Намёкам даў зразумець, што такое падпольле ўжо iснуе. Дамовiлiся, што праз тыдзень сустрэнемся на Слонiмшчыне i абмяркуем усё больш дакладна. А пакуль ён павiнен паводзiць сябе вельмi асьцярожна i стрымана.

Падхоплены патрыятычнай iдэяй, Уладзiмер Салавей, вiдаць, ня змог утрымацца ў рамках дамоўленасьцi, бо ў ноч пад наступную нядзелю ён быў у мяне ў хаце з паведамленьнем, што група iм створаная. Такая сьпешка насьцярожвала. Хлопцы гарэлi жаданьнем дзенiчаць i шукалi любую магчымасьць прыкладаньня сваёй энэргii, сваiх патрыятычных сiлаў. Уладзiмер Салавей, сам яшчэ амаль нiчога ня ведаючы аб падпольнай арганiзацыi, праявiў патрыятычную iнiцыятыву i ў нечым, магчыма, прагаварыўся. А затым, прыпёрты сябрамi, як кажуць, да сьценкi, вылажыў усё, што ведаў. Сябры ж патрабавалi неадкладнага кантакту з арганiзацыяй. Але iсьцi на такi пасьпешлiвы крок без надзейнай праверкi было рызыкоўна. I я параiў Салаўю супакоiць сяброў i паабяцаць, што кантакт празь яго фактычна будзе наладжаны, але група павiнна захоўваць належную кансьпiрацыю i стрыманасьць. Студэнты ж патрабавалi сустрэчы з кiраўнiцтвам падпольля. Iх прысьпешвалi канiкулы i жаданьне ўпэўнiцца ў сапраўднасьцi iснаваньня арганiзацыi. У наступную нядзелю Уладзiмер зноў быў у мяне з патрабаваньнем тэрмiнова выехаць у Баранавiчы, бо яму не давяраюць i абвiнавачваюць у правакацыi.

Нарэшце, было дамоўлена пра месца, час i ўмовы сустрэчы. Ехаць павiнен быў я i Мiхась Ракевiч. У Баранавiчах нас сустрэла, як дамовiлiся, групка з чатырох чалавек: Уладзiмер Салавей, Аляксандар Барэйка, Мiхась Агейка i Аляксандар Шапавал. Здаецца, амаль усе незнаёмыя хлопцы былi недзе з-пад Наваградка — прыстойныя, iнтэлiгентныя, тактоўныя. Яны дапытлiва сачылi за кожным нашым рухам i словам. Я быў крыху старэйшы за Ракевiча i выконваў абавязкi кiраўнiка арганiзацыi, таму асноўная ўвага зьвярталася на мяне. Гэтым нiбы ацэньвалася палiтычная значнасьць перамоваў i арганiзацыi наогул. Адразу ж выявiлася, што Салавей пра многае ўжо паiнфармаваў сяброў. Яны ведалi, што я працую настаўнiкам. Весьцi сустрэчу прыйшлося мне. Найперш была зьвернутая ўвага на найстражэйшую кансьпiрацыю. Перамовы праходзiлi ў маладым сасьняку, на ўскраiне баранавiцкага парку. Хлопцаў цiкавiла ўсё пра нашу арганiзацыю: яе колькасны склад, праграма дзеяньня, пэрспэктыва. Прыйшлося прызнацца, што арганiзацыя маладая, яшчэ ня вельмi шматлiкая (хоць ужо iснавалi групы ў Берасьцi i Жыровiчах), сувязi з замежжам ня мае. Усё было ўспрынятае зь цiкавасьцю i поўнай згодаю далучэньня. Тут жа было вырашана, што ў кiраўнiцтва ад баранавiцкай групы —намесьнiкам кiраўнiка (гэта значыць маiм) — абiраецца Аляксандар Барэйка, ад Слонiмшчыны — Мiхась Ракевiч, вызначаныя i накiрункi практычнай дзейнасьцi групы. У прыватнасьцi, дадзена заданьне асьцярожна выйсьцi на Наваградак, паколькi ў групе былi хлопцы з тых мясьцiн. Праз сваiх сяброў паспрабаваць у рамках строгай кансьпiрацыi пашырыць патрыятычную сьвядомасьць сярод моладзi iншых раёнаў.

Такiм чынам, наша нацыянальнае падпольле за нейкi месяц дзейнасьцi выйшла далёка за межы Слонiмшчыны, што патрабавала паглыбленай распрацоўкi праграмы i схемы ўнутранай будовы арганiзацыi. А праз пэўны час узьнiкла i неабходнасьць стварэньня так званага Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), якi павiнен быў ажыцьцяўляць агульнае кiраўнiцтва рухам. Кiраўнiком Цэнтру быў абраны я, намесьнiкам па арганiзацыйна-палiтычнай рабоце стаў Аляксандар Барэйка, а адказным за ваенiзаваны рух — Мiхась Ракевiч. Акрамя таго, дарадчымi членамi Цэнтру былi прызначаныя Мiкалай Макарэвiч, ён жа — кiраўнiк Берасьцейскага абласнога падпольля, Мiхась Агейка — ад баранавiцкай iнстытуцкай групы i Ўладзiмер Салавей — ад слонiмскiх груп. Мае кантакты з А.Барэйкам i М.Ракевiчам былi рэгулярнымi, з астатнiмi членамi Цэнтру — пры неабходнасьцi.

Цэнтрам была прапанаваная так названая «колавая» схема кiраваньня. Ад Цэнтру мела адходзiць (акружаць яго) першае кола, гэта значыць, абласныя кiраўнiчыя структуры, вакол якiх павiнны разьмяркоўвацца раённыя групы — другога кола, а вакол апошнiх — пэрыфэрыйныя групы — трэцяе кола. Пры гэтым прапаноўвалася своеасаблiвая схема кансьпiрацыi i кансэрвацыi падпольля. На пэўным этапе, калi нейкая тэрыторыя будзе арганiзацыяй ахоплена, яна павiнна быць закансэрваваная да спрыяльнай палiтычнай сытуацыi, пры якой па камандзе з Цэнтру мусiць быць гатовая да любых дзеяньняў.

Усе члены Цэнтру мелi свой накiрунак дзейнасьцi, хоць ня ўсе дзейнiчалi аднолькава актыўна. Кансьпiрацыя ж не дапускала праверак.

У час летнiх канiкулаў (1946 г.) мне ўдалося паступiць на апошнi — трэцi курс Ганцавiцкай пэдвучэльнi Пiнскай вобласьцi з тым намерам, каб атрымаць афiцыйны савецкi дакумэнт, якi даваў бы права на паступленьне ў iнстытут i ўзаконьваў бы працу настаўнiкам (дакумэнты з часоў нямецкай акупацыi не прызнавалiся). А галоўнае — трэба было пранiкнуць з падпольлем на тэрыторыю Пiнскай вобласьцi. За некалькi месяцаў я праслухаў лекцыi за трэцi курс, здаў курсавыя i дзяржаўныя экзамэны за пэдвучэльню, а таксама наладзiў папярэднi падпольны кантакт са студэнтам стацыянарнага аддзяленьня гэтай пэдвучэльнi Антонам Кабаком, родам з былога Iльянскага раёну Маладачанскай вобласьцi. Удалося таксама выйсьцi з папярэднiмi ўзгадненьнямi падпольнага накiрунку на настаўнiка суседняй школы Ганцавiцкага раёну шчырага патрыёта Мiкалая Ляскаўца, якога я плянаваў у будучым на кiраўнiка Пiнскага абласнога падпольля. З-за абмежаванага часу асноўныя гутаркi з абодвума сябрамi было дамоўлена правесьцi пазьней.

Працуючы настаўнiкам у аддаленай ад Слонiма вёсцы, весьцi такую складаную i напружаную падпольную працу мне было вельмi няпроста. Ня раз выконваць адказныя мерапрыемствы даводзiлася начамi, бо часу катастрафiчна не хапала. Але патрыятычны парыў i маладосьць дапамагалi пераадолець усе перашкоды i цяжкасьцi.

Недзе ў верасьнi 1946 году нам стала вядома, што ў Наваградку iснуе падпольная арганiзацыя пад назвай Саюз Вызваленьня Беларусi (СВБ) i кiруе ёю нехта Казак. Група даволi шматлiкая, але недастаткова кансьпiраваная, складзены нават агульныя сьпiсы сяброў, нiбы афармляюцца рашэньнi й пратаколы нарадаў. Таму было вырашана ад аб’яднаньня зь ёю ўстрымацца, але сытуацыю па магчымасьцi трымаць пад кантролем. Пры гэтым катэгарычна забаранялася вэрбаваць у наша падпольле членаў СВБ, што практычна ажыцьцявiць было даволi складана. I, як выявiлася значна пазьней, нехта з баранавiцкай падпольнай групы ўсё ж увайшоў у кантакт з наваградзкай арганiзацыяй СВБ i, верагодна, перадаў яе кiраўнiцтву ня толькi нашы асновы кансьпiрацыi, але i iншыя сакрэтныя зьвесткi. Што адразу ж было расцэнена Цэнтрам як магчымы правал усёй справы. Праўда, аб такiм кантакце Цэнтру i мне стала вядома прыблiзна ў сакавiку 1947 году. Выправiць жа сытуацыю было немагчыма. Заставалася толькi чакаць i спадзявацца на лепшае.

У канцы 1946 i пачатку 1947 году па справах падпольля я неаднаразова выяжджаў у Баранавiчы i Ганцавiчы. Былi наладжаныя больш цесныя кантакты з Антонам Кабаком i дадзена яму даручэньне падабраць надзейную кандыдатуру на кiраўнiка Маладачанскага абласнога падпольля. Менавiта з гэтай мэтай былі перададзеныя яму пiсьмовы Загад нумар адзiн Цэнтру i Iнструкцыя за подпiсам Пагромаўца. Гэтыя дакумэнты небаходна было перапiсаць i зьнiшчыць. У сувязi зь немагчымасьцю спаткацца з настаўнiкам з-пад Ганцавiчаў Мiкалаем Ляскаўцом асабiста (ён жыў i працаваў у вёсцы), я вымушаны быў перадаць аналягiчныя дакумэнты цераз Кабака i М.Ляскаўцу як кiраўнiку падпольля па Пiнскай вобласьцi (лiчу гэта сваёй кансьпiратыўнай памылкай). Далейшыя падпольныя дзеяньнi, што адбывалiся ў Маладачанскай i Пiнскай абласьцях у 1947 годзе, мне ў той час былi невядомыя. У перададзеных дакумэнтах, акрамя азнаямленьня з мэтамi i задачамi падпольля, кансьпiрацыяй i структурнай будовай арганiзацыi, прапаноўвалася зьвяртаць увагу на канцэнтрацыю савецкiх вайсковых адзiнак i спэцорганаў, а пры магчымасьцi зьбiраць i захоўваць вайсковы рыштунак.

У 1947 годзе мной былi зробленыя спробы пранiкнуць з падпольлем у вышэйшыя навучальныя ўстановы Менску (фiзкультурны i пэдагагiчны iнстытуты) i Гораднi (пэдiнстытут). З гэтай мэтай я выяжджаў у названыя гарады неаднаразова, але безвынiкова. Наскокам такую справу было вырашаць небясьпечна, i ўсё адкладалася да майго паступленьня ў iнстытут, што плянавалася на лета 1947 году.

Акрамя згаданага вышэй, на тэрыторыi Слонiмшчыны iснавала яшчэ некалькi падпольных патрыятычных груп, аб iснаваньнi якiх ведаў толькi я. Адна зь iх (маладзёжная) праводзiла значную выхаваўчую працу ў вёсцы Глоўсевiчы; другая (настаўнiцкая) —на тэрыторыi раёну. У апошняй удзельнiчаў чалавек, якi быў накiраваны падпольлем у супрацоўнiкi слонiмскага аддзелу МГБ.

За год iснаваньня патрыятычнае падпольле зь лякальнай слонiмскай «Чайкi» перарасло ў даволi шырокi нацыянальны рух, якi кiраваўся яго Цэнтрам i меў свае падпольныя групы ў былых Баранавiцкай, Берасьцейскай, Маладачанскай i Пiнскай абласьцях. Як ужо адзначалася, з прычыны кансьпiрацыi я ня мог ведаць аб жыцьцi i дзеяньнях падпольных груп. I толькi значна пазьней мне стала вядома, што Антон Кабак даручэньне Цэнтру выканаў дастойна. Iм на тэрыторыi Iльянскага раёну Маладачанскай вобласьцi недзе ў траўнi 1947 году была заснаваная падпольная патрыятычная група пад кiраўнiцтвам настаўнiка Сяргея Яноўскага, якому i былi перадазены Загад i Iнструкцыя Цэнтру. Аналягiчныя дакумэнты былi перададзены i кiраўнiку падпольля па Пiнскай вобласьцi Мiкалаю Ляскаўцу.

Як стала вядома пазьней, незалежна ад нашага патрыятычнага падпольля у 1946 годзе iснавалi й iншыя арганiзацыi антыбальшавiцкага супрацiву на тэрыторыi Заходняй Беларусi —Саюз Беларускiх Патрыётаў (СБП) у Глыбоцкай i Пастаўскай пэдвучэльнях i iншыя.

Iмгненнымi зьнiчкамi ўспыхнулi мы на цёмным небе Беларусi i згарэлi, так i не пасьпеўшы асьвяцiць яе прасторы. А так хацелася сваёй ахвярнай баацьбой за нацыянальную iдэю i свабоду разбудзiць патрыятычную сьвядомасьць народа, яго магутныя сiлы. Хоць нямногiя змаглi заўважыць полымя нашых шчырых сэрцаў, пачуць наш клiч, але сталiнская зграя зразумела, што Беларусь нескароная, што ў глыбiнi яе самабытнасьцi высьпяваюць сiлы, здольныя парваць ланцугi няволi i горда ўзьняць штандары Незалежнасьцi.

Наша барацьба была няроўнай. I мы ведалi, што iдзем на мукi i сьмерць, але лёс i гонар Беларусi былi для нас сьвятымi i мы не маглi зрабiць iначай.

Можа, нехта сёньня не зразумее нас, нашу ахвярнасьць, бо для таго, каб разумець патрыётаў, трэба iмi стаць, трэба палюбiць Беларусь — як любiлi Яе мы!

***

Была цiхая сонечная ранiца — 6 чэрвеня 1947 году. Толькi ўчора ў маёй клясе прыняты апошнi экзамэн. Пачыналiся так чаканыя канiкулы. Першы дзень ня трэба было сьпяшацца на ўрокi. I я павольна накiроўваўся ў вёску, каб канчаткова вырашыць усе школьныя пытаньнi. Дарога, амаль у тры кiлямэтры, вяла праз поле. Здавалася, што ў гэты дзень я ўпершыню павiнен быў адчуваць душэўны спакой. Груз нялёгкага навучальнага году нарэшце звалены. Хвалявацца не было чаго. А чамусьцi хваляваўся. Навакольле з купiнамi раскiданых мiж поля хутароў i пагоднае блакiтнае неба над краем сёньня ўспрымалiся неяк па-iншаму, уражлiвей. Захацелася спынiцца, азiрнуцца, каб уважлiвей разглядзець тое, што бычыў кожны дзень, але не ўспрымаў з такой пяшчотай, i што вось цяпер здавалася асаблiва прыцягальным i родным.

На ўзгорку, воддаль ад гасьцiнца, застаўся наш хутар —старэнькая хата пад шэрай саламянаю страхою, сьвiранок, гумно, купiна прысадаў i зялёнае поле навокал. Толькi далёка на гарызонце цямнела iстужка лесу.

Родны куточак!.. Да якога заўсёды з радасьцю вяртаўся з блiзкiх i далёкiх дарог. Я ж зусiм не здагадваўся, што сёньня, вось цяпер, разьвiтваюся зь iм надоўга, а можа i назаўсёды. Ды трэба было iсьцi. З тупкага гасьцiнца павярнуў налева. Палявая дарожка вяла ў Глоўсевiчы, дзе я i працаваў настаўнiкам. Мiнуў высокi драўляны крыж, каля якога ў часы нямецкай акупацыi зьбiралiся надвячоркам людзi з суседнiх хутароў i сьпявалi рэлiгiйныя песьнi, малiлiся. I раптам... воклiч: «Эй, товаришч!»

Зьдзiўлена азiраюся, бо ж нiкога навокал не было. Цяпер шпарка мяне даганяў каранасты мужчына ў цывiльным. А з суседняй ямы-глiнiшча вылез другi. Абодва незнаёмыя. Просяць прыкурыць, а самы наравяць, каб стаць з розных бакоў. Называюць маё прозьвiшча i паведамляюць, што былi ў школе i даведалiся, дзе я жыву i што павiнен вось-вось iсьцi ў школу.

Пытаю — для чаго гэта патрэбна? Хоць сам ужо здагадваюся. Прызнаюцца, што з органаў i што павiнны тэрмiнова мяне абшукаць i зрабiць вобыск дома. Прапануюць вярнуцца. Iдуць ззаду.

Разумею, што ўсё скончана. Гэта — правал. Думкi замiтусiлiся: то адключалiся зусiм, то нешта лавiлi, то зноў правальвалiся ў бяздоньне. Апаноўвала страшэнная стомленасьць i абыякавасьць. На хутары за лiчаныя хвiлiны ўсё было перавернута i ператрэсена. Тата стаяў зьнямелы i спалохана глядзеў, не разумеючы нiчога. Пры вобыску забралi выдадзеную ў часы нямецкай акупацыi кнiжку Я.Найдзюка «Беларусь учора й сяньня» i «Баранавiцкую газэту» з часоў акупацыi з маiм першым надрукаваным вершам «Песьня на чужыне».

На двары зараўла машына i ў хату з мацюкамi ўварваўся грузны падпалкоўнiк у форме МГБ. Мяне схапiлi i з вульгарнай лаянкай упiхнулi ў машыну. Аказалася, што машын тут было ўжо дзьве. Абсеўшы з двух бакоў, мяне без затрымкi папёрлi ў Баранавiчы, у абласны аддзел МГБ. Там, у нейкiм кабiнэце, пад узмоцненай аховай пратрымалi да ночы 7 чэрвеня. I толькi праз паўтара днi вывелi на першы допыт. Далей быў сьледчы казэмат «Крывое кола», адзiночка, карцэр, штодзённы калектыўны допыт, апухласьць i шматдзённая страта прытомнасьцi. А празь нейкiх тры месяцы — менская «амэрыканка» i зноў допыты, i зноў адзiночка. Затым — ваенны трыбунал.
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar