Главное меню
Андрэй Куціла
  • Категория:
  • Рейтинг:
    5.0/2
  • Активность:
    1078

Майстар спорту па барацьбе, які захапляецца Фэлліні і Бэргманам. Рэжысёр «Белсата», адзін з фільмаў якога быў зроблены для БТ. Аматар клубнага жыцця сталіцы, які падарожнічае па Палессі ў пошуках герояў. 34mag сустрэўся з 28-гадовым рэжысёрам-дакументалістам Андрэем Куцілам, каб пад піўко і філасофскія размовы паездзіць на амерыканскіх горках ягонай біяграфіі.

«Здымаць, здымаць, здымаць»


«Ну, што, па піўку?» – бадзёра прапаноўвае Андрэй, які вонкава больш нагадвае казачнага беларускага волата, чым стомленага ад шматлікіх праектаў рэжысёра-дакументаліста. Ён усміхаецца афіцыянтцы кавярні «Скіф», энергічна размахвае рукамі і з піянерскім запалам размаўляе пра ўсё на свеце. 

Праз два тыдні Куціла едзе ў ЗША: абменьвацца досведам і штурмаваць новыя тэхнічныя вышыні. Цяпер жа працуе як суаўтар, аператар і мантажор на праекце «Белсата» «Пераемнікі». Паводле Куцілы, гэта будзе тэлецыкл невялікіх дакументальных фільмаў «пра нармалёвых маладых людзей са здаровай галавой, якія будуць ствараць Беларусь пасля Лукашэнкі». Сярод нармалёвых, на меркаванне Куцілы, паэт Глеб Лабадзенка і актор Раман Падаляка.

Куціла вырас у небагатых на знакамітых кінематаграфістаў Баранавічах (калі не лічыць Лазніцу), дзе акрамя іншага займаўся барацьбой і нават атрымаў званне майстара спорту. Першыя спробы зняць «кіно» ажыццявіў у 8–9-м класе: «З сябрамі дзесьці знайшлі аматарскую камеру і пачалі здымаць баевікі, дэтэктывы, камедыі. Парадзіравалі тагачасны мэйнстрым, бо ніхто Бэргмана ды Фэлліні дамоў не прыносіў».

Павандраваўшы па сталічных універах, Куціла вырашыў паступаць на журфак БДУ. Сюды яго зацягнула «рамантычная мара, што журналістыка – гэта творчасць». Папрацаваўшы падчас практыкі ў роднай «раёнцы», Куціла вырашыў шукаць творчасці ў іншым месцы: «Для мяне з журналістыкі вельмі лёгка вынікла дакументальнае кіно. Толькі ў журналістыцы гэта праца інфармацыйная, а тут мастацкая: больш асабістая ды глыбокая. Я не ведаў, што і як здымаць, не меў спецыяльнай адукацыі або добрага настаўніка. Проста пачаў прывозіць кнігі з Масквы па аператарскім майстэрстве, мантажы, рэжысуры. І хутка зразумеў, што найлепшы шлях рабіць якаснае кіно – гэта здымаць, здымаць, здымаць».

 

«Лепш буду вучыць дзяцей барацьбе»


Пасля другога паўлітра піва, пад гукі песні Love You Like a Love Song, Куціла распавядае пра сваё фестывальнае жыццё. Прызоў у яго крыху менш, чым ордэнаў у Брэжнева. А мяркуючы па колькасці тэмаў, ён вырашыў скласці канкурэнцыю энцыклапедыі «Усё пра ўсё»: «"Фокусная адлегласць” – фільм пра самотнага фотамастака з расійскай правінцыі, які жыве ў адзіноце і сумуе па сваёй дачцэ, што з’ехала ў Швейцарыю. "Днюка” – амаль экзістэнцыйная лірычная гісторыя сям’і старых на Палессі».

Ёсць у яго і рашуча апазіцыйны белсатаўскі фільм «Даволі! Да волі!» (фаварыт наведнікаў сайтаў «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», зроблены разам з Вячаславам Ракіцкім), і нават праца, якая выйшла ў эфіры БТ. Андрэй паўтарае нібы мантру, што гэта быў непалітычны фільм, і наогул ён цяпер з беларускім «рэжымам» ніякіх справаў не мае: «Я два гады вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на курсе Карпава па рэжысуры і ў гэтых рамках зняў нармалёвую працу пра скульптара Бембеля, якая і пайшла ў эфір БТ. Сёння ні пры якіх абставінах не пайду працаваць на дзяржаўнае тэлебачанне. Лепш буду здымаць вяселлі або вучыць дзяцей барацьбе».

 
«Я валяўся на падлозе падчас прагляду свайго фільма»


Пасля трэцяга куфля Куціла пачынае распавядаць пра радасці і небяспекі фестывальнага жыцця. У ягонай асабістай зале славы ёсць адмысловы прыз Гільдыі кінакрытыкаў і кіназнаўцаў на «Лістападзе» за «Днюку» і ўдзел у International Documentary Film Festival Amsterdam – гэткіх Канах дакументальнага кіно. Ды яшчэ шэраг узнагарод там-сям.

«Першы раз на фестываль я трапіў у 24 гады з фільмам "Фокусная адлегласць”, – распавядае Куціла. – Вельмі ўразілі фестывалі ў Ляйпцыгу, дзе ў мультыплексе на 8 залаў паказваюць толькі дакументальнае кіно з усяго свету, і ў Амстэрдаме, дзе аднойчы, добра п’яны, я валяўся на падлозе падчас прагляду свайго фільма, нешта там крычаў, а ахоўнік мяне асцярожна пераступаў і спрабаваў супакоіць. Насамрэч, шалёная атмасфера на гэтых фестывалях». 

Пасылаць свае працы на фестывалі трэба, кажа Куціла, хоць і не варта рабіць з гэтага сэнс творчасці і тым больш жыцця: «Прыехалі, папілі, пагулялі, у музей схадзілі – і ўсё, жывіце далей і здымайце кіно».

Кавярня са славянафільскай назвай «Скіф» апусцела, піва скончылася, і нам з Андрэем толькі і застаецца, што размаўляць на лірычныя тэмы – пра творчасць і Радзіму: «Калі працую не на замову, то маё кіно ўзнікае з уражання. Аднойчы я пачуў на радыё "Культура” беларускія калыханкі, якія раней спявалі жанчыны ў вёсках. Магчыма, мяне маці недакалыхала ў дзяцінстве, але я адразу адчуў нейкую самотную пяшчоту і зразумеў, што хачу зняць нешта з падобнай атмасферай. Тады ў мяне яшчэ не было пасведчання кіроўцы, і я разам з бацькам паехаў па палескіх вёсках шукаць патрэбных герояў. Урэшце трапіў на жанчыну, якая мне і была патрэбная для фільма»

Ужо напрыканцы размовы, па старой беларускай традыцыі, усё ж усплывае адвечная тэма перспектываў краіны пад белымі крыламі:«Пакуль наша краіна  – гэта рэзервацыя. У мяне ёсць нармальнае адчуванне маладосці, моцы, ёсць праца, дзеўкі ды кампанія. Але няма з гэтага ніякага выхаду, быццам усё закансерваванае. Мабыць, сваімі дакументальнымі фільмамі я і запускаю трохі паветра ў банку пад назвай "Беларусь”».

«Днюка» (2010) | Рэжысёры: Андрэй Куціла і Аляксандр Налівайка. Медытатыўная 45-хвілінная стужка пра жыццё пары беларускіх старых у палескай вёсцы Лышча Пінскага раёна. Маляўнічая і рэалістычная карціна мікракосмасу старых людзей з іх простымі нягодамі і радасцямі. Спецпрыз Гільдыі кінакрытыкаў і кіназнаўцаў на фестывалі «Лістапад-2010», Гран-пры фестывалю рэгіянальных тэлеканалаў у Кошыцэ (Славакія), прыз за найлепшы дакументальны фільм на Фестывалі незалежнага кіно ў Львове.

 

 

«Фокусная адлегласць» (2008) | Рэжысёры: Андрэй Куціла і Раман Рамашка

У дэпрэсіўным правінцыйным расійскім горадзе жыве самотны фотамастак. Сярод ягоных прац значнае месца займаюць партрэты маладой, прыгожай дзяўчыны. Гэта – ягоная дачка, што з’ехала ў Швейцарыю і не падтрымлівае з бацькам ніякіх кантактаў. Мужчына зноў і зноў друкуе і размалёўвае яе здымкі. Фільм – удзельнік Кракаўскага і Ляйпцыгскага фестываляў дакументальнага кіно.


  

  

 

«Во всем мне хочется…» (2006) | Рэжысёр: Андрэй Куціла.

Адна з ранніх ігравых працаў. Мувік сыходзіць каранямі ў эксперыментальны кароткі метр. Паводле легенды, фільм быў зроблены пасля няўдалага здымачнага дня недзе ў правінцыі, каб не вяртацца дамоў без матэрыялу.


 
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar